Ніва № 49 (2430), 8 снежня 2002 г.

Трымае нас толькі запал

Ад некалькіх гадоў — чаго не было раней — вялікія цыркавыя шатры можна сустрэць нават у вёсках Падляшша. З Янушам СЕЙБУКАМ, выпускніком Дзяржаўнай студыі цыркавага мастацтва ў Юлінку, цяпер дырэктарам цырка „BOJARO”, гутарыць Міхал Мінцэвіч.

— Колькі гадоў працуеце з цыркам?

— З цыркам працую з 1977 года. Спярша быў я штатным артыстам, пасля працаваў на свой прыватны рахунак выязджаючы на замежныя кантракты, працаваў у адміністрацыі цырка „Карона”, а ад трох гадоў разам з супольніцай вяду свой цырк „Баяра”. На арэне быў я эквілібрыстам, трымаў падставу акрабатычнай піраміды, а таксама жэрдку на плячы або галаве, на якую ўваходзіла партнёрка.

— Чаму сёння цырк выступае ў малых мясцовасцях, як, напрыклад, Орля?

— Раней, перад трансфармацыяй, за адзін сезон наш цырк наведваў 14 гарадоў; у адным горадзе стаялі два тыдні або месяц. Тады ў горад прыязджалі людзі з вёсак і мястэчак, а сёння маецца наадварот. Сёння намножылася цыркаў: калі пры камуне было сем дзяржаўных, дык цяпер маем 25 прыватных. І паменшаў лік гледачоў, нягледзячы на тое, што мы ездзім у малыя мясцовасці і ў жылыя кварталы вялікіх гарадоў, каб людзям было бліжэй.

— Ці ў польскіх цырках выступаюць мастакі з Беларусі?

— Апрача 25 польскіх цыркаў у нашай краіне выступаюць 3-4 чэшскія цыркі. Некалькі гадоў назад у нас было нашэсце чэшскіх цыркаў, мо з 50 іх гастралявала. Гэта малыя сямейныя прадпрыемствы. З Польшчы яны пераехалі ў Беларусь і Украіну, таму што і ў сябе яны не могуць на сябе зарабіць; сёння яны ездзяць аж у Цэнтральную Азію. З 450 мастакоў дзяржаўнага цырка сёння асталося ў ім адно 30-40, апошнія — гэта імпарт з Расіі, Украіны і Беларусі. З постсавецкіх краін акурат Беларусь мае не надта многа мастакоў. У маім цырку выступаюць артысты нават з Манголіі (на здымку). Па людзей сягаем штораз далей на ўсход, бо там яшчэ існуюць дзяржаўныя цыркі, там вядзецца навучанне мастакоў, ёсць умовы для іх развіцця. У Польшчы ўсё гэта на практыцы спынілася. Зводзяцца большыя, дзесяціасабовыя, групы акрабатаў, а на іх месцы паўстаюць групы для выканання адна-двухасабовых нумароў. Гэта вымушае эканоміка. Няма ўжо цыркавай школы ў Юлінку, а ад трох гадоў па прынцыпе нядзельнай школкі існуе ў адной з пачатковых школ Варшавы толькі цыркавае звяно.

— Ці ў нашай краіне цыркавае мастацтва з’яўляецца сямейнай традыцыяй і як гэтыя справы выглядаюць, напрыклад, у Беларусі?

— У калектыве здараюцца сужонствы цыркавых мастакоў. Цырк, гэта не прафесія, але спосаб на жыццё. І адукацыя дзяцей найлепш адбываецца акурат у сям’і. У польскім цырку нямногія дзеці пайшлі слядамі бацькоў: на 450 мастакоў мо толькі 5-6 іхніх дзяцей наследуюць працу ў цырку. У суседніх краінах гэта выглядае інакш, там было пераемства і большасць тамашніх артыстаў прадаўжае працу сваіх бацькоў.

— Ці цырк сёння з’яўляецца рэнтабельнай фірмай і чаму варта — паводле Вас — хадзіць у цырк?

— Жывем у такой дзіўнай краіне, у якой вельмі цяжка дабіцца фінансавага поспеху. Калі чалавек прымушаны да самастойнай вытворчасці і продажы — а так выглядае ў нас цыркавая дзейнасць, — і нашу праграму прапануем у мясцовасцях, дзе беспрацоўе падыходзіць пад 40%, дык цяжка дабіцца фінансавага поспеху. Нас трымае толькі запал.

Калісь сезон пачынаўся ў сакавіку, а канчаўся ў кастрычніку — такое было рашэнне вярхоў. Сёння эканоміка вымушае на нас ранейшы пачатак і пазнейшае заканчэнне. Рэкардсмены стартавалі 15 лютага, некаторыя ўжо закончылі сезон, а мы пацягнем яшчэ месяц. Калісь не было такой тэхнікі — ацяплення тэрмавентылятарамі шатроў, але апрача цырка было шмат працы на эстрадзе, у гастраномах і амаль кожны мастак дарабляў у зімовы перыяд. Сёння гэтага няма, але нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, напр. камп’ютэра, якая адцягае крыху цыркавую публіку — думаю — на галашэнні яшчэ зарана.

Ёсць краіны, дзе ў цырк ходзіць і моладзь, і дарослыя. Польскі глядач, гэта старэйшая асоба з дзіцём да васьмі гадоў. Можа гэтая польская трансфармацыя спарадзіла такія абставіны. Аднак гарантую, што цырк можа развесяліць людзей рознага ўзросту, усіх пакаленняў. Цырк з’яўляецца выдатным і старадаўнім мастацтвам, якое ў кожным уражлівым чалавеку выкліча ўзнёслыя пачуцці, захапленне, задуму, радасць.

— Дзякую за размову.