Ніва № 49 (2430), 8 снежня 2002 г.

Беларускі камунізм

Яўген МІРАНОВІЧ

Пра камуністычны рух на Беласточчыне пісалі раней так часта як цяпер пра антыкамуністычнае падполле пасля другой сусветнай вайны. Дарэчы, часта пра герояў падполля пішуць тыя самыя людзі, якія раней праслаўлялі змагароў рабочага руху і пры тым робяць гэта ў такім самым прапагандысцкім стылі.

З багатай літаратуры пра камуністычны беларускі рух чытач даведаецца няшмат. Раней палітычныя ўмовы і цэнзура вызначалі толькі „правільны” напрамак інтэрпрэтацыі фактаў. Пра камунізм можна было пісаць выключна ў станоўчым тоне. За прапагандысцкай балбатнёю не было відаць ні людзей, ні ідэі. Пасля 1989 г. гэтую тэму спынілі даследаваць яе найбольшыя энтузіясты, якія раней рабілі на ёй навуковыя кар’еры. Найчасцей новымі героямі іх творчасці сталі ахвяры камуністычных рэжымаў. І хаця ўзніклі спрыяльныя ўмовы для сумленнага апісання камуністычнага руху, ніхто гэтым шмат гадоў ужо не займаецца. Прапаганда абмяжоўваецца да простых формаў, дзе тое, што раней было белае, цяпер стала чорным і наадварот.

Літаратура папярэдняй эпохі сцвярджала, што беларускае грамадства ў ІІ Рэчы Паспалітай было вельмі заслужанае для камуністычнага руху. Цяпер, калі адвярнуліся вектары прапаганды, пішуць аб беларусах як аб прыхільніках савецкага імперыялізму. У архіўных дакументах захоўваюцца доўгія спіскі арыштаваных за камуністычную дзейнасць таксама на Беласточчыне. Кожнага года ў кожнай гміне замыкалі тут дзесяткі чалавек, раней прапусціўшы іх цераз следчы апарат, які быў значна больш жорсткі за шматгадовае зняволенне. Паліцыя, не маючы найчасцей адпаведных доказаў антыдзяржаўнай дзейнасці арыштаваных, шляхам псіхічнага і фізічнага тэрору імкнулася прымусіць іх прызнацца ў палітычным злачынстве. У суд вельмі рэдка выклікалі канфідэнтаў у якасці сведкаў. Яны заўсёды патрэбны былі паліцыі для нагляду за больш актыўнымі людзьмі ў сваім асяроддзі.

Спіскі арыштаваных, якіх абвінавачвалі ў дзейнасці ў нелегальным камуністычным руху маглі б сведчыць пра тое, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў структурах КПЗБ і камсамола дзейнічалі пару дзесяткаў тысяч чалавек. Тым часам нават тыя даследчыкі, які імкнуліся даказаць масавасць камуністычнага руху пісалі пра 8 тысяч членаў партыі. Каго тады арыштоўвалі за камуністычную дзейнасць. Прыглянуўшыся дакладней паліцыйным дакументам можна прыйсці да высновы, што падазроным быў кожны больш актыўны вясковы хлопец. Такому адразу давалі „апекуна”, які найчасцей быў яму калегам, сябрам, часта сваяком. Даносчыкі інфармавалі паліцыю па розных прычынах — часам з-за грошай, часцей па асабістых матывах, а найчасцей канфідэнт сам быў шантажаваны паліцыяй. Даносчыкамі былі, між іншым, дробныя крыміналісты, якіх паліцыя магла б зачыніць у турме, але за канфідэнцкія паслугі даравала ім свабоду. Чытаючы матэрыялы канфідэнтаў, трэба прызнаць, што некаторыя вельмі сумленна выконвалі свае абавязкі. Інфармавалі яны пра кожнае слова сказанае ягонай ахвярай, якое магло б быць доказам яе камуністычнай арыентацыі ці ўвогуле аблегчыць працу паліцыі.

Варта прыглянуцца тэхналогіі збору доказаў камуністычнай дзейнасці Васіля Трахіміка — жыхара вёскі Дабраволя, што ў Свіслацкай гміне, якога паліцыянты ў следчым арышце прывялі да такога стану, што паспелі толькі давезці ў шпіталь у Ваўкавыску, дзе ён неўзабаве памёр. Калі Трахіміку ў кастрычніку 1936 г. вызначылі канфідэнта, яму было 22 гады. Быў ён вясковым музыкантам і іграў на гармоніку на вясковых забавах. Належаў да вясковай эліты і таму ў натуральны спосаб стаў паліцыі падазроным элементам. „Апекуном” яму назначылі вясковага калегу Мойжэша Лысака. Гэты канфідэнт 7 кастрычніка напісаў першую заяўку, у якой інфармаваў, што Трахімік ездзіў у вёскі Каломна, Грынкі, Нязбодзічы і запрашаў моладзь на забаву ў Дабраволю. Размаўляў з людзьмі, якія падазраюцца ў прыналежнасці да КПЗБ. На забаву ў нядзелю прыехала каля ста чалавек. Адзін з удзельнікаў забавы заклікаў моладзь не піць гарэлкі і часцей хадзіць у царкву. Трахімік у тым часе правёў збор грошай, якія, паводле Лысака, мелі быць перададзены на партыйную дзейнасць, але гарманіст забраў іх сабе. Праўдападобна зарабляў ён такім чынам на жыццё, але канфідэнт інфармаваў, што збіраў на партыйную дзейнасць, пры тым праўдападобна пабольшыў суму сабраных грошай, таму што арганізатары найчасцей плацілі музыкантам не больш чым 5 злотаў.

7 студзеня 1937 г. канфідэнт інфармаваў, што Трахімік заклікаў жыхароў Дабраволі да масавага ўдзельніцтва ў паховінах мясцовага камуніста Язэпа Баско. Лысак заяўляў таксама, што паховіны адбыліся без удзелу святара. Два тыдні пасля інфармаваў, што Трахімік іранізаваў з дзяўчат, якія рабілі вянкі ў царкву, а святара за яго паланізатарскія імкненні назваў слугам фашыстаў. 31 студзеня Лысак расказаў паліцыі, што Трахімік быў у вёсцы Каломна і кантактаваўся там з прыхільнай камуністам моладдзю. 30 красавіка прабываў ён у вёсцы Грынкі, дзе падчас сустрэчы з мясцовай моладдзю крытыкаваліся святары за службу ўладам. Хаця цяжка ў інфармацыях ад канфідэнта Лысака дашукацца доказаў камуністычнай дзейнасці Трахіміка, але выглядала на тое, што адкрыта не пагаджаўся ён з паланізатарскай дзейнасцю мясцовых святароў, якія раскручвалі г.зв. рух праваслаўных палякаў. Арыштавалі Трахіміка 20 ліпеня 1937 г., зараз пасля таго як Лысак паінфармаваў, што набыў ён у Беластоку радыёпрыёмнік і з калегамі слухае перадач з Масквы. Зачынілі яго ў турме ў Ваўкавыску як камуніста, хаця ў яго біяграфіі не было нічога, што магло б сведчыць пра антыдзяржаўную ці камуністычную дзейнасць. У яго дакументах напісалі, што памёр у шпіталі ў Ваўкавыску 5 студзеня 1939 г. Пляваў крывёю, таму лекар напісаў, што захварэў туберкулёзам.

Такіх камуністаў як Трахімік праўдападобна было больш. Уладам аднак вельмі выгадна было змагацца з беларускім рухам, прыпісваючы яму камуністычную арыентацыю. Пад лозунгам змагання з камунізмам ліквідаваліся ўсе арганізацыі і знішчаліся людзі, што перашкаджалі рэалізаваць асіміляцыйную палітыку.