Ніва № 49 (2430), 8 снежня 2002 г.

Не кааліцыя, а пагадненне

Размова з Міхасём АНДРАСЮКОМ, старшынёю Гайнаўскага аддзялення Беларускага саюза ў РП, сакратаром БНВК у Гайнаўцы.

— Якая будзе карысць ад нядаўна завязанай кааліцыі паміж Беларуска-народным выбарчым камітэтам з Гайнаўкі і кааліцыяй СЛД-УП?

— Гэта не кааліцыя, а пагадненне аб супрацоўніцтве ў самаўрадах Гайнаўкі і Гайнаўскага павета, якое падпісалі Гайнаўская павятовая ўправа СЛД і БНВК. Тычыцца яно ўсіх спраў, але самымі важнымі не павінны быць пасады, а ініцыятывы для дабра людзей. У кожнага камітэта выбаршчыкаў ёсць свае праграмы і самыя важныя справы, якія хоча вырашаць. Аднак для рэалізацыі праграм трэба мець падтрымку большасці радных. Паколькі мы ў гарадской і павятовай радах складаем меншасць, шукаем саюзнікаў для рэалізацыі нашай праграмы. Баюся, аднак, што пагадненне для нас не зусім карыснае, бо ў найважнейшай структуры, управе Гайнаўскага павета, не будзе месца для нашага прадстаўніка. Паспрабуем пераконваць іншых радных у камісіях і на пасяджэннях сесій да нашых прапаноў. Многа будзе залежаць ад умеласцей і дыпламатычных здольнасцей нашых радных.

— А як будзе ў Гайнаўцы?

— У Гайнаўцы і Гайнаўскім павеце за выключэннем БНВК (па 5 радных у радах горада і павета) усе камітэты выбаршчыкаў татальна прайгралі. Можна толькі задумацца, чаму выбаршчыкі тую найважнейшую, самаўрадавую ўладу, аддаюць у рукі палітычным партыям (кааліцыя СЛД-УП — па 10 радных у горадзе і павеце), калі ў іншых гарадах і паветах Польшчы грамадзянскія камітэты выбаршчыкаў карысталіся вялікай падтрымкай. Гайнаўка добраахвотна аддае манаполь на ўладу СЛД-УП. Мы, як БНВК, становімся другой сілай у горадзе і павеце, але толькі па статыстыцы. Фактычна, рашаючы голас у павеце і горадзе мае СЛД.

— Радныя ад СЛД-УП у горадзе не састаўляюць большасці ў радзе з 21 дэпутата.

— Так, у самой Гайнаўцы БНВК будзе мець большы ўплыў на пастановы рады. Кааліцыя СЛД-УП не можа самастойна правіць горадам. Аднак, кансалідацыя радных патрэбная толькі некалькі разоў у год, калі праходзяць галасаванні па справах бюджэту, ацэнцы працы ўправы ці бурмістра або калі радныя вырашаюць велічыню падаткаў. Хацелі б мы таксама мець уплыў на важныя для горада інвестыцыйныя планы.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксей МАРОЗ