Ніва № 49 (2430), 8 снежня 2002 г.

Няроўная роўнасць

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Амаль два з паловай месяцы ў Беларусі цягнулася кампанія па зборы подпісаў за выключэнне трох артыкулаў крымінальнага кодэксу. Акцыя пацярпела фіаска.

Асуджэнне журналістаў гродзенскай „Пагоні” нарабіла шмат шуму як у самой краіне, так і за яе межамі. Гэта зразумела — Павел Мажэйка і Мікола Маркевіч былі пакараны па сутнасці за тое, што выконвалі свой прафесійны абавязак — знаёмілі людзей са сваімі думкамі на тыя ці іншыя праявы дзейнасці сённяшняга беларускага прэзідэнта. Слушныя гэтыя думкі ці не маглі б ацаніць тыя, хто давярае гэтаму выданню. Аднак да чытачоў газета не дайшла, бо была канфіскавана, а журналісты трапілі пад суд. У хуткім часе падобны лёс напаткаў галоўнага рэдактара газеты „Рабочы” Віктара Івашкевіча.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), якая з’яўляецца свайго роду дэмакратычнай альтэрнатывай Беларускаму саюзу журналістаў, адразу пасля гучных судовых працэсаў над калегамі пачала кампанію па зборы подпісаў грамадзян. Сэнс акцыі заключаўся ў наступным — з важкай колькасцю аўтографаў звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў, каб тая выключыла з Крымінальнага кодэксу Беларусі артыкулы, што, нібыта, абараняюць гонар і годнасць вышэйшых чыноўнікаў. А дакладней — паклёп на прэзідэнта, абраза прэзідэнта і абраза прадстаўніка ўлады. Па кожным з гэтых артыкулаў, калі суд прызнае чалавека вінаватым, яго можна чакаць не адзін год турэмнага зняволення. Трэба адзначыць, што акрамя гэтых не надта прыязных журналістам артыкулаў, у Крымінальным кодэксе таксама закладзена адказнасць за паклёп і за абразу. Але яна, як аказваецца, тычыцца толькі звычайных грамадзян і таму не такая цяжкая. Больш таго, просты беларус мусіць сам вызначыць: пакрыўдзілі яго ці не. Бо ад трэцяй асобы суд нават не прыме зыск, хоць яна і будзе дзейнічаць у інтарэсах шукальніка праўды.

Беларускаму ж чыноўніку, а асабліва прэзідэнту, не трэба клапаціцца самому аб абароне ўласнага „добрага імя”. Закон дазваляе гэта рабіць праваахоўным органам у адносінах да каго заўгодна. У выніку, меркаванні следчага пракуратуры, якому, напрыклад, не спадабаўся газетны артыкул з крытыкай кагосьці з уладу трымаючых, могуць з лёгкасцю стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да журналіста, што вырашыў устаць з алоўкам у руцэ супраць, напрыклад, карупцыі ва ўладных калідорах. Ну а суд, што будзе весці суддзя, які згоду на сваё прызначэнне атрымаў ад самога прэзідэнта, а кватэру ад мясцовай „вертыкалі”, наўрад ці закрые справу з-за адсутнасці складу злачынства.

Вось і атрымліваецца, што крытыка дзеянняў улады, а таксама яе бяздзеяння пераходзіць у Беларусі ў нешта абстрактнае і небяспечнае. Нягледзячы на тое, што яна амаль асноўная падстава для існавання сродкаў масавай інфармацыі — чацвёртай улады. У такіх варунках лёс сур’ёзных беларускіх газет і электронных медыяў незайздросны. Па вялікім рахунку, яны ператвараюцца ў апявальнікаў усіх дзеянняў чыноўнікаў, перадатчыкаў рэкламнай інфармацыі і забаўляльнікаў ні да чаго не цікаўных гультаёў.

У той жа час грамадству свядома ўводзіцца „аксіёма”, што Канстытуцыя краіны носіць па большасці артыкулаў дэкаратыўны характар, асабліва, што тычыцца роўнасці грамадзян перад законам. Бо як аказваецца, сярод роўных ёсць найраўнейшыя.

З такіх меркаванняў і наладзіў БАЖ згаданы збор подпісаў. Працэс прайшоў няблага — за невялікі прамежак часу ўдалося назбіраць 7 000 аўтографаў „роўных” беларусаў. Аднак Палата прадстаўнікоў, што ў большасці складаецца з „найраўнейшых”, не палічыла неабходным нешта мяняць у крымінальным заканадаўстве Беларусі. І на гэтай падставе адхіліла прапанаваны законапраект аб скасаванні вышэйазначаных артыкулаў. Адбылося гэта напрыканцы лістапада.

Нягледзячы на паразу, БАЖ абвесціла аб працягу збору подпісаў. Што ж, як гаворыцца, кропля камень точыць. Ды толькі кропель такіх мусіць быць не адна і не дзве.