Ніва № 49 (2430), 8 снежня 2002 г.
„Паласатая” літаратураЯнка ТРАЦЯКТворчасць самадзейных аматараў літаратуры — удзельнікаў штогадовага Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы — цяжка трактаваць з гледжання літаратурнай крытыкі. Зразумела, лягчэй за ўсё даць адмоўную адзнаку і паставіць на гэтым кропку, але хацелася б звярнуць увагу на некаторыя асаблівасці, якія істотна ўплываюць на творчы працэс канкурсантаў і, часам, зводзяць гэты працэс да звычайнага тупання на месцы. Калі чытаеш творы, якія пададзеныя на конкурс, напачатку складваецца кантрастнае ўражанне: добры твор — кепскі твор, паводле вядомага выказвання: „Жыццё, што зебра: то светлая паласа, то цёмная”, але пры больш падрабязным разглядзе прыходзіцца пагадзіцца з тым, што большасць твораў з’яўляецца шэрымі, альбо і зусім бясколернымі. Аўтарам такіх твораў цяжка даць якую-небудзь канструктыўную параду. Калі ж гутарка ідзе пра пачаткоўцаў, то гэта нармальны працэс. Іх можна зразумець: ім хочацца пісаць, але яны не ведаюць, як пісаць і пра што пісаць. Ім не трэба баяцца, што першыя іх „сачыненні” могуць застацца незаўважанымі. Калі ж праца будзе працягвацца ў творчым пошуку, у іх з’явяцца свае тэмы, свае сродкі выяўлення, свой стыль, свой „почырк”. Тым не менш, ёсць і светлыя „палосы”, якія не засталіся па-за ўвагай конкурснай камісіі, на што, дарэчы, і звернем свой суб’ектыўны погляд.Галоўны крытэрый, якога звычайна прытрымліваюцца сябры журы літаратурнага конкурсу пры ацэнцы творчасці моладзі — гэта выяўленне аўтарамі свайго ўспрыняцця свету, свайго бачання, няхай сабе і наіўна-дзіцячага, але шчырага і тым адметнага, праўда, з адной агаворкай, — калі гэта светабачанне ўвасобленае ў адпаведныя літаратурныя вобразы і формы. Характэрным, у гэтым сэнсе, можа быць верш Радаслава Маціевіча „Пра дажджавога чарвячка”, у якім відавочны падзел пазнання свету: чарвячком, які называўся Кароль, дарослым, маленькім (аўтарам), які па-своему дае адказ на пытанне, чаму Кароль „схаваўся ад людзей пад зямлю”. Такім чынам, вобраз атрымлівае завершанасць і паэтычную закончанасць. Дабавіць штосьці да гэтага сюжэта немагчыма. Іншая справа з вершам Паўліны Нічыпарук „Чатыры”:
Магічнай лічбай ёсць чатыры, Абмежавалася Паўлінка толькі сценамі хаты, але гэтыя сцены куды б выглядалі даражэй і мілей за ўсё на свеце, калі б у пераліку магічнай лічбы ім папярэднічалі чатыры напрамкі свету, альбо чатыры стыхіі (зямля, вада, паветра, агонь), — тады верш набыў бы філасафічнае гучанне і касмалагічную завершанасць, але толькі хата можа быць месцам сямейнага цяпла. З другога боку, хату, як устойлівы вобраз, можна разглядаць і як архетып культуры. Як тут не згадаць кнігу Янкі Сіпакова „Усе мы з хат”. Заўвагі нашы гучаць не ў якасці дакору — не карэктным было б іх рабіць за тое, чаго няма. Хацелася паказаць магчымыя варыянты інтэрпрэтацыі вобразаў магічнай лічбы і хаты, балазе да гэтых вобразаў звярнулася Паўліна Нічыпарук. Адметным з’яўляецца і цікавае апавяданне Наталлі Кандрацюк-Свярубскай „Як рыцар Точак выратаваў Брыгіду”. Варта адзначыць свежасць тэмы, захапляльна-прыгодніцкі сюжэт, уменне аўтаркі лаканічна перадаць сутнасць і акрэсліць вобразы. Гутарка ідзе пра падзеі XII стагоддзя, але вельмі ўдала ў апавяданні выкарыстаны сучасны каларыт: „Ехаў праз Чорны Лес, пра які напісалі аднойчы ў коміксе. Для ўсёй вёскі гэта была важная падзея, таму што ўся яна чытала гэты комікс”. Комікс у XII ст. — вобразная нечаканасць: змяшчэнне часу, як мастацкі прыём, можа быць апраўданым у дадзеным кантэксце. Але хацелася б больш такіх нечаканасцей і больш вострых сюжэтных паваротаў. Тады апавяданне набыло б канкрэтнае мастацкае афармленне... а так застаецца на ўзроўні замалёўкі на гістарычную тэматыку. У падборцы твораў Магдаліны Леанчук вельмі шмат пытанняў і мала адказаў — гэта характэрная для такога ўзросту з’ява. Але Магдаліна не проста шукае адказы — яна імкнецца засяродзіцца на пачуццях, эмоцыях (падчас вельмі суб’ектыўных), нейкай вызначальнай з’яве, каб паставіць чытача перад двухсэнсоўным пытаннем: „Чым жа мае намі скалануць прырода? Красой ці брыдотай?” — пытанне, якое вартае сапраўднай літаратуры (згадаем вядомае: „прыгажосць уратуе сусвет”). У цэлым, вершы Магдаліны палягаюць у бясколеравым мадэрновым павеве, у якім вельмі цяжка быць арыгінальнай. Застаецца толькі добрая прэтэнзія, што, таксама, нямала і, што дае пэўныя спадзяванні ў вызначэнні творчай індывідуальнасці і творчай дасканаласці. Сярод твораў, якія пададзеныя на конкурс, ёсць некалькі цікавых літаратурных абразкоў, якія ўяўляюць амаль што ідэальны варыянт цэласнасці (ідэя, пафас, змест, форма) і завершанасці мастацкага твора. Да ліку такіх можна аднесці кароценькае апавяданне — лірычны абразок Наталлі Зофіі Лемеш „Кветка” і жартоўны абразок Пятра Акуліка „Пакуты сабакі Шарыка альбо Як дзядзька Ясь стаў філосафам”. Так, у „Кветцы” строга вытрыманы рамантычны, з адценнем сентыментальнасці, стыль; твор напоўнены пачуццём шчырай пяшчоты і замілавання, узнёсласцю пачуццяў і мараў і, разам з тым, нейкім суперажываннем духоўнай неўладкаванасці, болем страчанага шчасця і вечнага спадзявання. Удала спалучаецца вобраз „Кветачкі” ў кантэксце дыялогу з Ім. Дыялогу глыбокаму паводле сутнасці і існасці, і лёсавызначальнаму паводле сэнсу. Можна засумнявацца ў намеры героя „перамагчы Час і Прастору”, але толькі не ў яго пачуццях, такіх жа крыштальна-чыстых і светлых як яго думкі і словы. Так можа зрабіць той, хто хоча быць богам для яе. І нічога няма ў апавяданні штучнага, надуманага, дэманстратыўнага. Абразок Пятра Акуліка (дарэчы, аўтар найбольш парадаваў сваімі творамі) „Пакуты сабакі Шарыка...” напісаны ў стылі народнага жарту; вызначаецца характэрным народным гумарам, трапнасцю народных выказванняў, дасціпнасцю і ўменнем аўтара акрэсліць сітуацыю ў адпаведнасці характараў. На адной старонцы змешчаны не толькі „пакуты сабакі Шарыка”, але амаль што цэлая сцэна (таксама набліжаная да пакутаў) з жыцця дзядзькі Яся. Перад чытачом паўстае жывы чалавек са сваімі клопатамі, турботамі, патрэбамі і — сваім поглядам на жыццё. Камізм сітуацыі цудоўна завершаны філасафічнай канцоўкай: „Вялікая смага — мацней, чым каханне, — зрабіў выснову дзядзька Ясь”. Падборка твораў П. Акуліка вызначаецца няроўнасцю. Ёсць абразкі і вершы, якія патрабуюць грунтоўнай рэдакцыйнай праўкі (заўвага можа быць адрасавана кожнаму ўдзельніку), але, што не адняць у Акуліка, — гэта назіральнасць, якая так неабходная пісьменніку, і жывая вобразнасць, што пераканаўча перадае выявы прадмету гутаркі. У многіх творах канкурсантаў ёсць цікавыя думкі, ідэі, вобразы, але яны не даведзены да паэтычнасці, да мастацкага завяршэння; бракуе аўтарам элементарнага ведання асноў вершаскладання, глыбіні думкі, вобразнасці, свежасці тэм, разнастайнасці. Цяжка прасачыць, асабліва ў празаічных творах, лагічную падпарадкаванасць кампазіцыі і сродкаў выяўлення цэласнай ідэі. Наогул, у некаторых творах цяжка прасачыць і саму ідэю і сэнс твора. Аўтар павінен ведаць, што ён хоча сказаць чытачу (калі яму ёсць што сказаць) і знайсці найкарацейшы шлях у гэтым кірунку, без лішніх, пустых і непатрэбных слоў і вобразаў, якія ствараюць метафарычную несуразніцу, зацямняюць, загружаюць, размываюць задуму аўтара, сэнс, структурнае адзінства і мастацкую каштоўнасць твора. Аўтар павінен задумацца над тым, якім чынам лепш выкарыстаць лексіка-граматычны склад мовы, падпарадкаваць вобразную структуру для выяўлення сваёй ідэі, сэнсу, пачуцця, густу і г.д. Перайманне мадэрновых формаў літаратуры і жаданне быць модным, на нашу думку, толькі шкодзіць, асабліва маладым аўтарам, тым, якія, магчыма, не азнаёмлены з класічнымі формамі верша. А варта было б згадаць і харэй, і ямб, і трохстопныя склады, і, што такое рытм, і, што токое рыфма... і паспрабаваць свае сілы ў гэтым кірунку, а пасля ўжо займацца эксперыментамі. У большасці аўтараў адсутнічае творчая індывідуальнасць, а таму і адсутнічае, што аўтары альбо мала працуюць, альбо зусім не працуюць над сваім інтэлектам, не звяртаюцца да крытычнай літаратуры, не чытаюць мастацкія творы, не чытаюць творы беларускамоўныя, што прыводзіць да духоўнай мізэрнасці і адсутнасці духоўнага досведу — усё, што не можа ўплываць на стварэнне высокамастацкага тэксту. Вельмі шмат моўна-стылёвых памылак, адчуваецца моцны ўплыў польскай мовы: ужыванне паланізмаў, выкарыстанне польскамоўных канструкцый сказаў, словазлучэнняў, словаўтварэнняў і г.д. І, усё ж такі, літаратура канкурсантаў пакуль што застаецца „паласатай” (гэта нармальны працэс). Гэта і добра, і кепска. Добра, што ёсць светлыя „палосы”, кепска — вельмі шмат „палос” не светлых. Ад іх — удзельнікаў літаратурнага конкурсу — саміх жа і залежыць, наколькі беларуская літаратура на Беласточчыне ў будучым пасвятлее, альбо пацямнее.
|