Ніва № 48 (2429), 1 снежня 2002 г.

Меншасці ў Пуньску

Мікола ВАЎРАНЮК

— Сустрэчы нацыянальных меншасцей надумаліся мы арганізаваць пасля таго, як запрасілі нас на падобнае мерапрыемства ў Варшаву, — расказвае Юрата Кардоўская, дырэктар Літоўскага дома культуры ў Пуньску. — У паўночна-ўсходняй Польшчы жывуць людзі розных нацыянальнасцей. Навошта ім ехаць у Варшаву, калі можна спаткацца ў Пуньску — сталіцы польскіх літоўцаў.

Першы раз меншасці ў Пуньску сустрэліся восенню 1996 года. Імпрэза складалася з дзвюх частак: дыскусіі дзеячаў і канцэрта мастацкіх калектываў. Паколькі пастаноў першай часткі — найважнейшая, стварыць Федэрацыю нацыянальных меншасцей Польшчы — не ўдалося ажыццявіць, дык пазней арганізатары ад яе адмовіліся зусім. Асталася мастацкая частка.

ІХ Сустрэчы нацыянальных меншасцей сёлета праходзілі 15-17 лістапада. Прынялі ў іх удзел, апрача гаспадароў-літоўцаў, украінцы, немцы, ромы, беларусы (хор „Васілёчкі” з Бельска) і мусульмане. На сцэне прэзентаваліся як фальклор, так і эстрада, песня і танец, розныя мовы, розныя традыцыі.

Мерапрыемства праходзіла ў незакончаным Доме літоўскай культуры, які будуецца ўжо 18 гадоў. (Выразная аналогія з Беларускім музеем у Гайнаўцы. Абедзве ўстановы пачалі будаваць пры іншым грамадска-палітычным парадку, калі ні матэрыялы, ні чалавечая праца не мелі сваёй рэальнай цаны). Вялізны мураваны будынак дома культуры — хоць і меншы ад запланаванага — у мястэчку, якое налічвае ўсяго 1 200 жыхароў, выклікае такое ўражанне, быццам перанеслі яго з іншай казкі.

На пытанне, ці не завялікі ён на патрэбы Пуньска, дырэктар Кардоўская рашуча запярэчвае:

— У нас многа робіцца ў культуры. І патрэбы вялікія.

Такі адказ успрыняў я з лёгкай усмешкай, пакуль не пабачыў, як канцэртная зала на 300 асоб запаўняецца да апошняга месца. Людзі запоўнілі праходы і лесвіцу. Не цяжка падлічыць, што за выступленнямі шматнацыянальных калектываў сачыла чацвёртая частка жыхароў Пуньска. Такога запатрабавання на культуру можна толькі пазайздросціць.