Ніва № 47 (2428), 24 лістапада 2002 г.

У пошуках таленту

Ганна КАНДРАЦЮК

— Няма слоў, няма думак — цытатай з верша ўдзельніцы падвёў вынікі доктар Янка Трацяк, член камісіі VII Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы. Адзначыў ён:

— Нашым аўтарам не хапае літаратурнай падпіткі. Няма ў іх начытанасці ў беларускай літаратуры. Чалавек перастае думаць, калі перастае чытаць.

Адсутнасць (беларускіх) слоў сталася нормай сярод вучняў пачатковых школ, большасць іх размаўляе ўжо па-польску. Чытанне літаратуры на беларускай мове часта абмяжоўваецца да школьных падручнікаў.

* * *

Урачыстае падсумаванне конкурсу адбылося 9 лістапада г.г. у Беластоку. Прыняло ў ім удзел каля трыццаці аматараў беларускай паэзіі і прозы. Камісія ў саставае: Надзея Артымовіч — старшыня, Ежы Плютовіч і Янка Трацяк — члены, ужо другі год запар не прызналі месцаў. Сярод вылучаных аўтараў, у групе пачатковых школ і гімназій апынуліся: Мартына Ева Леанеўская („Сончык”) з Лясное каля Нараўкі, Радзік Маціевіч („Маленькі”) з Беластока, Паўліна Нічыпарук („Нясмелая”) са Скупава і Эвеліна Бурнос („Пчолка”) з Рыбалаў.

Як сказаў д-р Я. Трацяк, найцікавей праявілі сябе наймалодшыя ўдзельнікі конкурсу. У іх паэтычнай фразе адчуваецца шчырасць і прастата, складная кампазіцыя.

У першай групе праявіліся адзінаццаць аўтараў, з якіх аж шасцёра былі дэбютантамі.

— Мой поспех гэта мая і маёй настаўніцы заслуга, — сказала Паўліна Нічыпарук са Скупава.

Пра дапамогу гавораць усе пачаткоўцы, на іх поспех заслужылі настаўнікі, бацькі, бабулі ці сваякі. Ідзе тут пра падтрымку таленту і роднай мовы.

Сярод дарослых удзельнікаў конкурсу камісія вылучыла Пятра Акуліка з Ваўкавыска, Магдаліну Леанчук і Наталлю Зофію Лемеш з Гайнаўкі. Першы аўтар звярнуў увагу прозай-абразкамі ў стылі жартаў, у нечым падобную на творчасць Янкі Брыля.

Зося Лемеш — адкрыццё „Нівы” — задуменна і лірычна напісала пра пошукі Бога на небе і „ў зямлі”, а паэтка Магдаліна Леанчук знайшла словы і думкі, якіх не хапала многім канкурсантам.

Разам з дарослымі д-р Янка Трацяк памясціў 10-гадовую „Татарку”. Яе апавяданне ў стылі абразкоў „Як рыцар Точак выратаваў Брыгіду” паказалася цікавым і добра скампанаваным, хаця зашыфраваным і да канца незразумелым!

Сам конкурс, нягледзячы на словы крытыкі, праходзіць у новую якасць. Найбольшае зацікаўленне праяўляе школьная моладзь, ліцэісты, студэнты. У многіх назіраецца захапленне і зачараванне беларускай мовай. Клімат вакол конкурсу элітарны — тым больш, што ў якасці ўзнагарод арганізатары (Беларускі Саюз у РП і „Ніва”) прыдбалі вартасныя кніжкі.

Марыя Манаховіч і Вольга Анацік, народныя паэткі з Аўгустова, удзельніцы ад першага выпуску конкурсу. Сустрэча з аматарамі беларускай паэзіі і прозы для іх — свята. Наогул, калі гаварыць пра атмасферу мерапрыемства, адчувалася тут сямейнасць і добразычлівасць.

— Мы рады, што так многа моладзі цікавіцца беларускай мовай, — сказала Марыя Манаховіч.

PS. Лепшыя працы будуць апублікаваны. Першую падборку друкуем на 5 старонцы.