Ніва № 46 (2427), 17 лістапада 2002 г.

Краявід пасля выбараў

Яўген МІРАНОВІЧ

Органы ўлады ў Польшчы ніколі не карысталіся вялікай павагай грамадзян, але таксама палітычныя эліты ніколі не праяўлялі ніякіх імкненняў падняць свой прэстыж. Паводле ўсіх сацыялагічных даследаванняў, улада грамадзянам Польшчы атаясамліваецца з карупцыяй, некампетэнтнасцю, абыякавасцю ў адносінах да грамадскіх спраў і паасобных людзей. Змаганне за месцы ў радах улады штораз часцей бачыцца таксама як імкненне да рабунку публічнай маёмасці. Якасць працы паслоў, сенатараў, радных і самаўрадавых чыноўнікаў прывяла людзей да пераканання, што паміж тым, аб чым яны гавораць як кандыдаты да ўлады, а тым, што яны пасля робяць, няма ніякай сувязі. Выбарчая кампанія явіцца тады як фестываль ілгунства і амаль ніхто ўсур’ёз не ўспрымае лозунгаў і праграм паасобных партый ці кандыдатаў.

У гэтым годзе пасля нуднай выбарчай кампаніі няшмат было ахвотных прымаць удзел у выбарах новых лакальных царыкаў. Толькі кожны трэці грамадзянін пакарыстаўся належным яму выбарчым правам. Галасаваць пайшлі перш за ўсё г.зв. „жалезныя электараты” — посткамуністычнай і нацыяналістычна-каталіцкай арыентацыі. Гэтыя электараты вельмі да сябе падобныя. Жывуць сентыментамі па мінуўшчыне, што дазваляе найбольш цынічным палітыкам выкарыстоўваць іх палітычны кансерватызм.

Вынікі выбараў паказваюць, што пераможцам стала Ліга польскіх сем’яў, за якой стаяў электарат мабілізаваны рэдакцыяй Радыё „Марыя” і парафіяльным каталіцкім клірам. У Беластоку гэтая палітычная фармацыя вырасла на другую сілу ў горадзе, атрымаўшы 8 мандатаў у 28-асабовай радзе. Хаця першае месца заняў Саюз левых дэмакратаў, дасягнуўшы 10 мандатаў, але фактычна партыя Мілера атрымала паражэнне. СЛД рыхтавалася пераняць уладу ў горадзе і ваяводстве, тым часам партыі каталіцкай арыентацыі захавалі 65 працэнтаў мандатаў. Мясцовыя палітыкі СЛД, якія публічна аб’явілі пра цеснае супрацоўніцтва з уладамі Праваслаўнай Беластоцка-Гданьскай епархіі патрацілі вялікую частку каталіцкага электарату. Паспяхова закончыліся гэтыя выбары толькі для дзеячаў царкоўных брацтваў, якія балатаваліся на выбарчых спісках СЛД і карысталіся прапагандай царкоўнага апарату.

Сотні галасоў не хапіла Беларускаму выбарчаму камітэту, каб атрымаць сваё прадстаўніцтва ў Гарадской радзе ў Беластоку. Беларуска-праваслаўны электарат не памяняў свае палітычнай лініі і заахвочаны прапагандай святароў прагаласаваў за СЛД. Ва ўсходняй частцы Падляшскага ваяводства аднавіўся ў сапраўднасці стан існуючы да 1989 г. Амаль усімі гмінамі, за выключэннем Чыжоўскай, будуць кіраваць спадкаемцы Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У Гайнаўцы, хаця Беларускі камітэт адзначыў сваю прысутнасць, аднак у павеце, горадзе і гміне беларускі люд прадэманстраваў сваю адданасць партыі Мілера.

Выбары на Беласточчыне паказалі, што няма тут месца для памяркоўных партый ліберальна-дэмакратычнага напрамку. Дамінуюць арганізацыі, якія адклікаюцца да электарату з таталітарнымі сентыментамі. Беларускі рух, які сёння мае інтэлігенцкі характар, не можа знайсці сваю грамадскую базу і таму, што ўвогуле загінуў на Беласточчыне электарат ліберальна-дэмакратычнага характару. Раней Унія дэмакратычная мела тут за сабой каля 20 працэнтаў электарату. Сёння няма грамадскай патрэбы для існавання такой партыі.

Праваслаўны люд хоча адначасова быць польскім людам і таму заўсёды будзе падтрымліваць СЛД. Не мае, дарэчы, ніякага выбару ў сваіх імкненнях да самапаланізацыі. Нацыянальна-каталіцкі лагер ніколі не стане адабраць іх польскасць. З яго боку паняцце „праваслаўнага паляка” не разглядаецца як рэальная з’ява, таксама як усур’ёз не ўспрымаюцца яўрэі-католікі. Большасць праваслаўнай моладзі хоча быць палякамі, аднак свайго палітычнага руху ніколі яна не створыць па тых самых прычынах, па якіх не заіснаваў беларускі рух. Ініцыятыва такая патрабавала б публічнага выяўлення свае іншасці. Вонкавым светам гэтая іншасць акрэсліваецца тут універсальнай мянушкай — „кацапы”. СЛД, як польская партыя, дае праваслаўным магчымасць прыхаваць тую кацапскасць. Але за ўсё трэба плаціць. Часам высокапастаўленыя чыноўнікі, якіх люд называе „нашымі”, паводзяць сябе горш за эндэкаў, але ўспрымаецца гэта са зразуменнем. „Відаць так трэба”, — каменціруюць мужыкі, седзячы перад тэлевізарам.