Ніва № 45 (2426), 10 лістапада 2002 г.
Яшчэ камітэт-два і аформім усе справыАляксандр МАКСІМЮКУ выбарах трэба прымаць удзел. Яны раз у некалькі гадоў скарэктоўваюць светагляд чалавека. Карэктура гэтая неабходная, каб не разысціся з плыняй свайго часу. Калі чалавеку збольшага вядома, што думаюць пра яго непрыхільнікі, то выбары ствараюць унікальную нагоду пачуць усю аголеную праўду і ад патэнцыйных прыяцеляў.Беларускі выбарчы камітэт (БВК) паспяхова зарэгістраваў спіскі сваіх кандыдатаў у Гарадскую раду Беластока ўва ўсіх выбарчых акругах горада, што дало яму права паставіць свайго кандыдата і ў прэзідэнты. Абодва гэтыя факты спрычыніліся да неўтаймаванай раздражненасці ўсіх, каму ўяўлялася, што г.зв. „наш электарат” прыручаны і ніякіх „неспадзевак” тут не можа быць. Раздражненасць вылілася ў канкрэтную формулу — „Якім правам можна было завязаць такі камітэт?” Быццам беларускае пытанне знікла з паверхні планеты ці гібернавалася на дзве тысячы гадоў. І такім чынам упалі сама менш два міфы. Першы з іх датычыць г.зв. „традыцыйнай прыхільнасці левага руху” да беларускага пытання ў Польшчы. Спадкаемцы левага руху — Саюз левай дэмакратыі — у момант узнікнення БВК у Беластоку паставілі сабе пытанне: „Як кампраметаваць БВК?” Гэтая мэта аказалася не надта каб дасягальнай у тых умовах, калі грамадства спадзяецца на станоўчыя якасці ад выбарчай кампаніі. БВК павёў сябе вельмі спакойна і не пайшоў на палаянку, якая яму прапаноўвалася. Другі міф такі, быццам беларушчына жыве тут дзякуючы праваслаўю. На такую падтрымку гадоў некалькі ніхто ўжо ўсур’ёз не разлічвае. Ёсць часамі яшчэ спадзяванне, што прынамсі не будзе беларусам перашкоды з боку Царквы. На сёлетніх выбарах абрынула і гэтае апошняе спадзяванне. На тыдзень да галасавання ўва ўсіх святынях Беластока прагучала агітацыя за спіскамі СЛД-УП, а эсэлдоўскія лістоўкі распаўсюджваліся ў храме. І фактычна, царкоўныя кандыдаты на спісках СЛД дасягнулі на выбарах самых высокіх вынікаў, яны нават сталі выбарчым маторам для сваіх калег-католікаў з СЛД. Цана гэтага аказалася таксама высокай — Царква ў Беластоку адкрытым тэкстам адмовілася ад сваёй палітычнай непорочности. Перакананне, быццам самастойны ўдзел у выбарах не гарантуе ў Беластоку дасягнення 5-працэнтнага выбарчага парога не зусім праўдзівае. Беларускі выбарчы камітэт ва ўмовах крайне неспрыяльнай яму прапаганды разышоўся з гэтым бар’ерам усяго на няпоўную сотню галасоў — ува ўсім горадзе прагаласавала за яго 3 498 чалавек. Дзяльба мандатаў пачыналася з 3 594 галасоў. Наступным разам. У Беластоку ўзгадаваўся самастойны ў поглядах выбаршчык, якому беларушчына — не сорам і не Божая кара. Гаварыць аднак, што выбары закончыліся паражэннем таксама не да канца праўдзіва. Палітычная актыўнасць беларусаў на Беласточчыне, як прынцып, прычыняецца да ўзмоцненай пільнасці цэнтральных улад да Падляшша. Завяршэнне выбарчай кампаніі ў самаўрады — гэта некалькі акцый, якія мелі падмацаваць вобраз кіруючага ў краіне СЛД у вачах нашай грамадскасці. Ці будзе насельнікам Беласточчыны толк ад новых пагранічных заставаў у Міхалове і Дубічах — убачым. Мабыць, знойдзе там працу прыбіральшчыца-дзве. Напэўна пастаіць у Бельску помнік, на якім ахвяры называюцца ахвярамі, а забойцы — забойцамі (чытайце побач). На Беласточчыне знойдзем яшчэ не адну такую гістарычную праўду. З яе ўскрыццём давядзецца аднак пачакаць новых выбараў і новых беларускіх выбарчых камітэтаў.
|