Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.

60-годдзе прыхода ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

У гэтым годзе свята іконы Божай Маці „Нечаканая радасць”, якое 13 кастрычніка адзначалася ў Свята-Троіцкім саборы ў Гайнаўцы, прымеркавана было да юбілею шасцідзесяцігоддзя праваслаўнага прыхода ў Гайнаўцы. Урачыстасці супалі з пяцігоддзем заснавання ў Гайнаўцы двух іншых праваслаўных прыходаў. Усяночнае багаслужэнне і Святую літургію ўзначаліў епіскап Гайнаўскі Міран, які служыць у саборы ўжо чатыры гады. Маліліся з ім цяперашнія і былыя прыхаджане, настаяцелі суседніх гайнаўскіх прыходаў — пратаіерэй Георгій Ацкевіч, пратаіерэй Леанід Шэшка і благачынны з Бельска-Падляшскага мітрафорны пратаіерэй Георгій Такарэўскі. Свяшчэннікі гэтыя раней служылі ў прыходзе, дзе зараз стаіць сабор.

Уладыку Мірана вернікі прывіталі з хрэсным ходам. Гайнаўскія белліцэісты на беларускай мове прасілі епіскапа памаліцца за беларускі народ. Настаяцель Свята-Троіцкага прыхода, мітрафорны пратаіерэй Міхаіл Негярэвіч прыгадаў гісторыю прыхода. У Гайнаўцы ў 1920-я гады жыло звыш 3 тысячы праваслаўных вернікаў, але не было самастойнага прыхода. Прыналежалі яны да парафіі ў Дубінах. У 1925 г. у прыватным будынку па вуліцы 3 Мая ўзнікла капліца Казанскай іконы Божай Маці. На багаслужэнні прыязджалі туды святары з Дубін і Новага Беразова (да астатняга прыхода прыналежалі жыхары вёсак Дольнае і Горнае, якія зараз з’яўляюцца вуліцамі Гайнаўкі). У капліцы адбываліся вянчанні, хрысціны і паховіны. Звыш шасцітысячная праваслаўная супольнасць Гайнаўкі ў трыццатых гадах хадайнічала перад гміннымі ўладамі аб атрыманні згоды на будову царквы, але безвынікова. У 1939 г. савецкія ўлады спынілі дзейнасць капліцы, перадаючы яе на жыллёвыя патрэбы. У чэрвені 1941 г. немцы дазволілі адкрыць часоўню ў доме па вуліцы Ліпавай і вернікі маліліся ў ёй да часу збудавання царквы. 26 мая 1942 г. узнік асобны праваслаўны прыход і яго настаяцель айцец Серафім Жалезняковіч разам з вернікамі перабудавалі адзін з дамоў надлясніцтва „Лясная”, якія атрымалі ад нямецкіх улад, на царкву. 11 кастрычніка 1942 года адбылося пасвячэнне новапабудаванай царквы св. Мікалая, а два гады пазней асвяцілі нованапісаную ікону Божай Маці „Нечаканая радасць”, якую памясцілі ў алтарнай частцы царквы. У 1954 годзе свята іконы „Нечаканая радасць” перанесена было на першую нядзелю пасля свята апостала Іаана Багаслова (9 Х; 26 ІХ паводле старога стылю) і так засталося па сённяшні дзень. Са святам іконы Божай Маці звязаны важнейшыя здарэнні ў гісторыі прыхода: закладка краевугольнага каменя ў 1973 г. пад будову сабора, устанаўленне на ім крыжоў у 1978 г., першае багаслужэнне ў 1982 г. і канчатковае асвячэнне сабора ў 1992 г. Амаль дваццацігадовым будаўнічым сабора і настаяцелем Свята-Троіцкага прыхода быў мітрафорны пратаіерэй Антоній Дзевятоўскі (памёр у 1995 г.). Яго астанкі пакояцца ў ніжняй царкве сабора.

У пропаведзі настаяцель Дубінскага прыхода, пратаіерэй Васілій Негярэвіч напомніў вернікам гісторыю іконы „Нечаканая радасць” і прасіў шчыра маліцца перад яе гайнаўскай копіяй, на якой нядаўна пазалацілі ківот. Чалавек прадстаўлены на іконе перад воблікамі Божай Маці і Хрыста многа разбойнічаў, але адначасна маліўся перад іконай да Багародзіцы. Хрыстос памілаваў яго за малітвы да Сваёй Маці і стаў ён праведным чалавекам, даючы прыклад для пераймання. Пасля малебна да вялікай іконы „Нечаканая радасць” і меншых, прывезенай з Масквы і напісанай у мінулым годзе, якія ляжалі на аналоях, прыкладаліся свяшчэннікі і вернікі гайнаўскіх і суседніх прыходаў. Кожную другую пятніцу перад іконай служыцца акафіст да Багародзіцы. Многія вернікі пасля малітваў перад іконай атрымліваюць духовую падтрымку.