Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.

Вера Касмовіч з Гарадзеі

Ганна КАНДРАЦЮК

Арыштаваная 14 студзеня 1949 года. Была асуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паражэння ў правах. У турме нарадзіла дачку. Адбывала пакаранне ў жаночым лагеры ў Кінгіры. Вызваленая 10 траўня 1956 г., рэабілітаваная ў 1967 годзе*.

Вера Касмовіч была пакарана за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі.

* * *

Быў позні вечар і ў мястэчку многія ўжо спалі. Доўгі час мы не маглі адшукаць Чырвоназорачнай вуліцы. Нават міліцыянеры чухаліся ў голаў і не ведалі, што сказаць.

— А как па-рускі?

— Наверно Краснозвёздная, — прыдумаў Вячаслаў на хаду. Пра такую вуліцу таксама не чулі і наш шафёр пачаў падазраваць, што прыгналі яго пад неіснуючы адрас.

— Я ж лісты пішу на Чырвоназорачную, — не здавалася Лена.

Нехта параіў звярнуць у саўгасны квартал ля цукровага завода. Тут, пасля многіх роспытаў, мы адшукалі дом Веры Касмовіч. У хаце гарэла святло. Многія з нас ачунялі. Падумалі пра адпачынак у бяспечным кутку. Дарожная блуканіна і няўпэўненасць хутка загоняць у псіхічны тупік.

— Вам трэба было пытацца пра мяне, — гаспадыня ветліва запрасіла ў дом. — У Гарадзеі мяне ведаюць.

* * *

Вера Касмовіч упамінаецца ва „Успамінах” сясцёр Анелі Катковіч і Веранікі Катковіч-Клентак.

Кніжка адкрывае жудасць бальшавіцкага тэрору, які сустрэў маладых людзей за ўдзел у СБМ. Вераніка Катковіч страціла ў ссылцы сынка. Нарадзіла яго ў турме і змагалася год часу за яго жыццё.

— Пасля смерці Славіка сілы мяне зусім пакінулі і я была блізкая да маральнага зламання, — піша Вераніка Катковіч. — Лагерныя ўмовы, хаця вынішчаюць людзей фізічна, аднак ствараюць магчымасці маральнай селекцыі зняволеных. На шчасце, мяне акружалі сябры нядолі, беларускія дзяўчаты, стойкія псіхічна ды маральна. Дзякуючы ім мне ўдалося вытрымаць і гэтую пробу лёсу*.

Гаворка тут пра Веру Касмовіч, Надзею Дземідовіч і Жэню Шастак, сябровак-юначак з СБМ.

Псіхічную і маральную стойкасць Вера Касмовіч захавала па сённяшні дзень. Яе дагледжаныя дом і агарод вылучаюцца на вуліцы і ў мястэчку. Яе ветлівасць і гасціннасць (а трэба дадаць, што прыбіліся мы, восем асоб, нечакана нанач, галодныя, брудныя і стомленыя) — мы адчулі як дар.

Вера Касмовіч (з дому Скачко) нарадзілася ў 1928 г. У 1942 закончыла 7 класаў і паступіла ў настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У час нямецкай акупацыі дзейнічала ў СБМ. Пасля вайны была вымушана працаваць (бацька памёр у 1939 г.). Пасля адпаведных курсаў у Баранавічах у 1945 г. працавала загадчыцай лабараторыі. У 1947 г. выйшла замуж за настаўніка Яўгена Касмовіча. Працавала бухгалтаркай у Гарадзеі. У 1949 годзе, на праваслаўны Новы год, арыштаваная. Была цяжарнай.

* * *

Сустрэча ў Гарадзеі задоўжылася далёка за поўнач. Яшчэ пасля нас у дом завіталі госці з Мінска — дачка з унучкай.

Вера Касмовіч расказала нам, як лёс ацаліў яе дачку. Нарадзіла яе ў мінскай турме „амерыканцы” — у кашмары допытаў, голаду і бруду.

— Прыехалі бацькі і пачалі мяне намаўляць, каб аддаць ім дзіця на выхаванне. Не хацела слухаць. Не магла ўявіць расстання з дачкой. Але розум перамог, і я аддала дзіця. Пасля гадоў зразумела гэта як шчасце; дзеці ў ссылцы паміралі ад голаду або прападалі без следу.

Пра лагер у Кінгіры расказвае сяброўка няволі Вераніка Катковіч:

— У студзені 1951 г., пасля двух месяцаў кашмарнага падарожжа, я апынулася ў жаночым лагеры ў Кінгіры. Мяне адразу „запраглі ў ярмо”. Адзін дзень у месяц быў вольны. Праца мая была цяжкая: земляныя выкапы пры пабудове мосту, па пояс у вадзе. Выгрузка вапны ці вугалю, разгрузка цэменту, што пранікаў у дыхальныя органы, у вочы і праз адзенне прыліпаў да спацелага цела. Разгрузка дрэва вымагала сілы і была вельмі небяспечнай. Панаваў голад...*

Вера Касмовіч шчасліва вярнулася на радзіму. Сёння сустракаецца са школьнікамі і расказвае ім пра лёс сваіх сяброў змагання.

* * *

Наш візіт у Гарадзею не быў выпадковы: нашы сябры Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы — рэдактары „Успамінаў”, Анна Сабэцкая пераклала кніжку на польскую мову. Кніжка „падарожнічала” разам і служыла ў якасці падарунка. Усе абдараваныя кніжкай асобы выказвалі цікавасць да тэмы. Тэма сталінскіх рэпрэсій малавядомая ў Беларусі. Другая справа — нямногія беларусы адважыліся спісаць сваё перажытае для патомных. Прышываная ім латка „ворагаў народа”, „беларускіх нацыяналістаў” дыскрымінавала іх у грамадстве.

Вера Касмовіч працавала бухгалтаркай і не адчула такой жахлівай дыскрымінацыі, як яе муж Яўген Касмовіч, таксама асуджаны за СБМ.

— Калі пачынаўся школьны год, мой муж не знаходзіў сабе месца, — успамінае. Яўгену Касмовічу забаранілі выконваць прафесію настаўніка. Адчуў тую забарону як чарговую ссылку, у гэты раз — на мяжу жыцця. Каб не патраціць псіхічнага здароўя, ангажаваў свае надарваныя сілы ў пчалаводства. І сёння, хаця няма яго ў жывых, гасцей тут частуюць мёдам. Менавіта з-за пчол завітала да маці дачка-інжынер з Мінска, якая пасля смерці бацькі прыняла на сябе пчаліны клопат.

— Вялікага прыбытку ад мёду сёння няма, — гэта сямейная справа.

У час, калі гаспадыня ў кухні гатавала нам смачны пачастунак, мы апавядалі пра пошукі вуліцы.

— А ведаеце чаму? — падмаргнула нам дачка пані Веры. — Бо гэта мама перахрысціла нашу вуліцу на Чырвоназорачную — каб было па-беларуску, бо афіцыйна вуліца завецца Красной Звезды!

*Анеля Катковіч, Вэраніка Катковіч-Клентак, Успаміны, Беларускае Гістарычнае Таварыства, Беласток 1999.