Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.

Сваякі на мяжы

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Каля паловы афіцэрскага саставу занятага ў наступным годзе ў памежнай стражы прыйдзе ў тыя службы з арміі. Частка службоўцаў — гэта будуць мясцовыя, — заявіў у Міхалове віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі Збігнеў Саботка.

У суботу (19 кастрычніка) адкрылі тут чарговую на ўсходняй мяжы пагранзаставу, тыдзень пасля пуску ў рух пагранзаставы ў Дубічах-Царкоўных. Такім чынам лік пагранзастаў у Падляшскай часці Памежнай службы пабольшыўся да 17. Міхалоўскія пагранічнікі будуць ахоўваць 22 кіламетры мяжы. Абсяг адказнасці пагранзаставы ахоплівае тэрыторыю гміны Міхалова, у сферы яе дзейнасці знаходзіцца пераход спрошчанага памежнага руху ў Ялоўцы. Забяспечана яна ў сучаснае тэлекамунікацыйнае абсталяванне (для прыкладу, тэлефон дзяжурнага высвятляе нумар, з якога наступіла сувязь), матацыклы (Хонда, ТРХ, КТМ) і Ландроверы.

Адкрыццё пагранзаставы было падзеяй у жыцці ўсяго Міхалова. Адзін са старажылаў тлумачыў, як дайсці да яе з аўтобуснага прыпынку ПКС:

— Проста, пасля ўлева і да канца Міхалова зноў проста, а пасля — направа.

І дадаваў усхвалявана:

— Мусі, Мілер прыедзе.

Прэм’ер, незалежна ад таго, што спадзяваліся яго, не прыехаў; удзельнічаў у пасяджэнні ўрада з нагоды першай гадавіны яго прызначэння. На верталёце затое прызямліліся на полі перад пагранзаставай віцэ-міністр Збігнеў Саботка і шэф Памежнай службы генерал брыгады Юзаф Клімовіч. Апроч афіцыйных гасцей на ўрачыстасць адкрыцця прыбыла шматлюдная група жыхароў. Ужо паўгадзіны раней маршыравала яна ў бок пагранзаставы па толькі што вылітай асфальтам дарозе.

— Хочам, каб будучая мяжа Еўрасаюза была прыязнай для ўсіх наведваючых нашу краіну і праязджаючых цераз Польшчу, асабліва для нашых суседзяў. Ды адначасна — каб была шчыльнай для тых, хто прабуе яе нарушыць з парушэннем абавязваючых законаў, — гарантаваў ген. Юзаф Клімовіч.

— Аддаючы ў карыстанне пагранзаставу польская дзяржава ўдакументоўвае, што моцна стаіць на стражы ладу, парадку і бяспекі, — казаў ваявода Марэк Стшалінскі.

У размове з журналістамі віцэ-міністр Саботка гарантаваў, што Памежная служба мае намер поўнасцю прафесіяналізавацца. У праекце бюджэту на будучы год прадугледжваецца стварэнне 700 новых штатаў, але ведамства ўнутраных спраў хадайнічае за яшчэ 600:

— Да 2006 года маем намер прыняць у ПС больш за 6 000 службоўцаў. На ўсходняй мяжы хочам, каб яны адтуль паходзілі, тады такая служба намнога таннейшая. Да таго, паколькі армія скарачае свае штаты, будзем прымаць на службу вайсковых афіцэраў. У будучым годзе можна паспяхова пераняць 50 працэнтаў штатаў ад арміі.

Заява набору службоўцаў з ліку мясцовых жыхароў абнадзеіла ўлады і шмат якіх маладых, у якіх малыя магчымасці знайсці якую-небудзь працу на тэрыторыі свае гміны. Тым больш, што ў Міхалове ў апошні час упалі аддзел фабрыкі тканін імя Сяржана і малачарня.

— У гэты момант атрымалі працу на пагранзаставе шэсць цывільных асоб. Нашы людзі займаліся таксама пры яе пабудове і дарожных работах, — прызнаўся міхалоўскі войт Славамір Ёська.

Пры нагодзе неафіцыйнай размовы з камендантам падляшскай паліцыі войта запэўнілі, што пасля самаўрадавых выбараў (каля снежня) вернецца пытанне вяртання ў Міхалова пастарунка паліцыі.

На ўсходняй мяжы да 2004 г. мае быць адданых у карыстанне яшчэ сем пагранзастаў, так, каб кожны адрэзак мяжы не быў даўжэйшы за 20-25 кіламетраў.

Пагранзаставай у Міхалове кіруе маёр Альгерд Мішуканіс, да гэтай пары аперацыйны афіцэр Падляшскай часці Памежнай службы.