Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.

Чарговы этап вечнага змагання

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Пачатак кастрычніка для Беларусі стаў характэрным новым этапам узмацнення барацьбы. Гэтым разам барацьбы з карупцыяй у органах улады.

Як ужо звычайна стала ў сучаснай беларускай рэчаіснасці, усе праблемы і правалы ў эканоміцы і, зразумела, у палітыцы, народ, а разам з ім і трымаючыя ўладу, звязваюць з канкрэтнымі персонамі. Такое разуменне недахопаў, відаць, бярэ свой пачатак яшчэ са сталінскіх часоў, калі рознага кшталту палітычныя працэсы над „ворагамі народу” тлумачылі невыкананне планаў пяцігодак, сабатаж, шкодніцтва і таму падобнае. У лагеры накіроўваліся дзесяткі тысяч ні ў чым не павінных грамадзян, якія рабіліся таннай працоўнай сілай для „будоўляў камунізму”.

Зразумела, сённяшняя Беларусь гэта не Савецкі Саюз 30-50-х гадоў мінулага стагоддзя. Аб масавых рэпрэсіях казаць, па меншай меры, заўчасна. Разам з тым рэцыдыўныя праяўленні сталінскіх падыходаў у кіраванні эканомікай — увачавідку.

8 кастрычніка быў апублікаваны прэзідэнцкі ўказ аб дзяржпраграме па ўзмацненні барацьбы з карупцыяй на 2002-2006 гады. Самае дзіўнае, што змагацца з гэтым злом у калідорах улады абавязваюцца самі яе прадстаўнікі. Калі да карупцыі падыходзіць дыялектычна, то яна ў нечым нагадвае прастытуцыю, калі попыт нараджае прапанову. З прастытуцыяй змагаліся амаль заўсёды, але марна. Тое ж самае можна казаць і аб змаганні з карупцыяй, якая, шчыра кажучы, заўсёды была, ёсць і будзе. Асабліва гэта тычыцца грамадстваў, дзе дзейнасць улады пастаўлена па-за кантролем грамадскасці і кожны чыноўнік часцяком становіцца царом і суддзёй для звычайнага наведніка яго кабінета. Як тут абысціся без спробы матэрыяльна залагодзіць апошняга дзеля дасягнення сваёй мэты — ад хутчэйшага падпісання якойсьці даведкі да спрыяння ў атрыманні грашовага крэдыту?

Найбольш дзейсны спосаб барацьбы з такім сацыяльным злом выпрацавала дэмакратыя. Калі за дзеяннямі цяперашніх кіраўнікоў пільна сочаць іх палітычныя апаненты, бо для апошніх кожны пралік канкурэнтаў, тым больш парушэнне закону, ускосна надае дадатковыя ачкі ў вачах выбаршчыкаў. Канешне, не заўсёды і тут абыходзіцца без хібаў — грошы і хабар — рэчы, якія з лёгкасці могуць прымірыць палітычных праціўнікаў, але ўскрыццё такога прымірэння ў свабоднай прэсе ўздымае неверагодны вэрхал у грамадстве.

Зараз у Беларусі адной з найбольш пацярпелых груп ад „антыкарупцыйнай” барацьбы сталі дырэктары прамысловых прадпрыемстваў. На працягу года ідзе з імі даволі цікавая гульня. Спачатку пад рознымі абяцаннямі падтрымкі дзеянняў на такіх пастах людзей здольных кіраваць прадпрыемствам прызначаюць на высокія пасады, а потым пачынаюць абвінавачваць у розных грахах і праліках. Пасля невялікага тэрміну гаспадарніка гучна здымаюць, пры гэтым часцяком нават заводзяць крымінальную справу. Прадпрыемства затым трапляе пад поўны кантроль патрэбных уладзе людзей. Менавіта аб такіх абставінах кіравання эканомікай распавёў незалежнай прэсе паспеўшы звольніцца па ўласным жаданні былы кіраўнік Беларускага металургічнага завода Вадзім Філіпаў.

У выніку паўстае пытанне: дзеля чаго трэба спачатку прызначаць чалавека, пры гэтым добра пра яго адгукаючыся, а потым з вэрхалам здымаць? І чаму такія „антыкарупцыйныя меры” тычацца не толькі гаспадарнікаў, але і дзяржаўнага чынавенства? Адказ, здаецца, у прымаўцы — народ патрабуе хлеба і гледзішчаў. Праўда, пры цяжкасцях з „хлебам” на першы план усё часцей выходзяць „гледзішчы”.