Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.

Люду змаганне за ўладу

Яўген МІРАНОВІЧ

Тыдзень да выбараў у органы самакіравання выбарчая кампанія як бы патраціла сэнс. У цэнтры горада віселі дзесяткі тысяч партрэтаў прэзідэнта горада Рышарда Тура. Па вуліцы Варшаўскай у адным месцы налічыў я 57 плакатаў мясцовага царыка. Нават у Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў не было так інтэнсіўнай рэкламы пануючага чыноўніка. Гэта адзін з кандыдатаў правага і каталіцкага лагера. Вялікія стэнды рэкламавалі надта пажылога яго галоўнага канкурэнта ад Саюза левых дэмакратаў, Збігнева Пухальскага. Вазілі гіганцкіх памераў яго партрэт на перасоўнай платформе і часам складвалася ўражанне, што гэта інфармацыя пра развітальную сустрэчу з вядомым прафесарам медычных навук. Іншых кандыдатаў на пост прэзідэнта таксама можна было пабачыць на рэкламных стэндах і сценах будынкаў, аднак аставаліся яны ў цяні прапаганды палітычных гігантаў.

Паштовыя скрынкі ледзь умяшчалі выбарчую літаратуру розных камітэтаў, а сметнікі хутка запаўняліся каляровай паперай. Партрэты кандыдатаў на прэзідэнтаў і радных ляжалі таксама на тратуарах. Некаторыя гараджане з садысцкай прыемнасцю тапталі выявы прадстаўнікоў беластоцкай палітычнай эліты. Змест выбарчай прапаганды быў такі нудны, што не хацелася нават чытаць да канца ўсіх абяцанак будучых дэпутатаў. Кандыдаты абяцалі, здаецца, усё, што толькі можна прыдумаць, а люд на вуліцы ці ў краме каментаваў: „Усе яны такія самыя, абы толькі дарвацца да грошай”.

На вёсках таксама ішло змаганне за ўладу. У маіх Алексічах сцяна хлява насупраць аўтобуснага прыпынка зіхацела каляровай рэкламай кандыдатаў у гміну, павет і ваяводства. На сцяне яшчэ вісіць прапаганда з мінулагодняй парламенцкай кампаніі. Усе змагаюцца тут за галасы 2-3 выбаршчыкаў. Чатыры гады таму ў самаўрадавых выбарах прымаў удзел толькі адзін жыхар вёскі, у парламенцкіх — трох. „А хто іх бачыў праз гэтыя чатыры гады. Што яны зрабілі для нас”, — апраўдваюць сваю пасіўнасць людзі.

У царкве ў дадатак да свечкі ўручылі мне рэкламную лістоўку таварыша ад Саюза левых дэмакратаў. Пры канцы багаслужбы святар заявіў, што мае абавязак паінфармаваць пра кандыдатаў гэтай партыі, якіх падтрымоўвае Праваслаўная царква. Двух з трох прадстаўленых кандыдатаў Царквы гэта ўжо легенда рэвалюцыйнага руху на Беласточчыне. Сапраўдныя цёткі рэвалюцыі, якія за шчасце тутэйшага працоўнага люду змагаліся на ўсіх ваяводскіх з’ездах Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Цяпер гатовы яны свой інтэлект прысвяціць працы ў карысць капіталістаў, беспрацоўных і праваслаўнай веры.

У мінулым годзе падчас з’езду Беларускага дэмакратычнага аб’яднання адзін з дэлегатаў гаварыў: „Я хоцяж естэм поляк, то естэм такжэ бялорусін з крві і косці”. Калі пабачыў я гэтага таварыша, які раздаваў у царкве прапаганду Саюза левых дэмакратаў, зразумеў, што ў нас абсалютна ўсё магчымае. Можна быць адначасова палякам і беларусам „з крві і косці”, веруючым і атэістам, правым і левым, рускім палякам і праваслаўным католікам. Нуль лаяльнасці, нуль ідэйнасці. Вечна беднае мужыцтва. Не адмянілі гэтага ні катэджы ў вялікім горадзе, ні дарагія самаходы, ні дырэктарска-прафесарскія званні. Відаць, такі генетычны код атрымалі мы ад продкаў.