Ніва № 44 (2425), 3 лістапада 2002 г.
Бардаўская восень 2002Паўліна ШАФРАНДзевяты раз у Бельску-Падляшскім прайшоў Фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні. Мерапрыемства, якога галоўным арганізатарам і ініцыятарам з’яўляецца Звяз беларускай моладзі, адбылося 18 і 19 кастрычніка ў Бельскім доме культуры.У конкурснай частцы прынялі ўдзел васьмёра салістаў з Мінска, Маладзечна і Гродна. Адзіным прадстаўніком Падляшша быў вучань IV класа Бельскага белліцэя Тамаш Суліма, выступленне якога спадабалася бельскай публіцы, хаця потым некаторыя слухачы прызнаваліся, што бурныя апладысменты былі знакам „салідарнасці” з сябрам-ліцэістам. Камісія, якую састаўлялі трое мінскіх музыкаў Алесь Камоцкі, Аляксандр Памідораў і Міхась Анемпандыстаў, не мела вялікага клопату з прызначэннем узнагарод. Гран-пры IX фестывалю „Бардаўская восень” атрымала маладая мінчанка Вольга Калейнік, якая выспявала ўзнагароду бурмістра Бельска-Падляшскага. Узнагарода, на якой найбольш залежыла ўдзельнікам, самая прэстыжная — магчымасць запісання сваіх твораў у прафесійнай студыі Радыё Беласток, прыпала самому Тамашу Суліму. Бельскае беларускае асяроддзе сваю ўзнагароду прызначыла мінскаму дуэту Алесю Дудко і Дзянісу Лісейчыкаву. Уладзімір Міхноўскі, першы з выступаючых, 22-гадовы жыхар Гродна, праспяваў дзве песні на свае словы і адну на словы Анатоля Сыса. Здзіўленне публікі выклікаў факт, што паміж песнямі не было перапынкаў. У. Міхноўскі пераходзіў з адной песні ў другую, змяняючы толькі напружанасць гукаў і тэматыку. Было гэта мэтанакіраванае дзеянне, бо, як сам гаворыць, „выбраныя на фестываль творы аб’яднаны адной мэтай — чалавека, які мае амбіцыі, мэты перад сабоюй, і ўсё гэта напамінае трылогію”. Трапіць у Бельск таксама не было проста, — успамінае У. Міхноўскі. — Трэба было перайсці адборачны конкурс у Мінску. Прымала ў ім удзел 20 чалавек, з якіх выбраных было 7 асоб, якія прыехалі на Фестываль. Лявон Тышкевіч з Маладзечна ўжо няраз выступаў на сцэне, але, як гаварыў пазней, ніколі не адчуваў так вялікага хвалявання, як перад бельскай публікай. Песні, якія прадставіў слухачам, усе на яго словы, падымалі праблему блізкую сэрцу ўсім людзям. Меланхалічная „Восень скрыпача”, хрысціянская „Ля крыжа” і патрыятычна-мартыралагічная „Курапаты” спадабаліся слухачам. Суботні вечар поўніўся сюрпрызамі. На сцэне Дома культуры выступілі Эдуард Акулін і Дзіма Вайцюшкевіч з музычным праектам „В. З. Аркестра”. Цудоўна — гэта замалое слова, каб акрэсліць як выступалі прафесіяналы, бо найлепшай ацэнкай былі гарачыя апладысменты і выкліканне бардаў на біс. У нядзелю выступіла „Эйфарыя” з Нарвы, пераможца з мінулага года, Піт Паўлаў з гурту „Н.Р.М.”, Андрэй Мельнікаў — лаўрэат „Бардаўскай восені” 1997 года і Дзіма Вайцюшкевіч. Каб слухаць беларускую музыку не толькі ў часе фестываляў, бяльшчане мелі магчымасць набыць касеты і кампакт-дыскі. На жаль, трэба ўспомніць, што ў гэтым годзе, па прычыне выбараў, усе плакаты з інфармацыяй пра „Бардаўскую восень” былі адразу заклеены палітычнымі плакатамі правай „Еднасці”, і пасля аднаго дня пласт наклееных выбарчых плакатаў дасягнуў 3-сантыметравай таўшчыні, што і абмежавала даступнасць інфармацыі. Можа ў наступным годзе будзе лепш? Маю тут на ўвазе як конкурс, так і інфармацыю пра яго.
|