Ніва № 43 (2424), 27 кастрычніка 2002 г.

Нягледзячы на вынік

Яўген МІРАНОВІЧ

Сёлетнія самаўрадавыя выбары паказваюць, што беларускае асяроддзе здольнае на вельмі канструктыўную працу. Паспяхова быў створаны Беларускі выбарчы камітэт у Беластоку, які апрача кандыдатаў у гарадскую раду Беластока, паставіў таксама поўныя спіскі кандыдатаў у ваяводскі сеймік. У Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім беларускія камітэты запрапанавалі выбаршчыкам сваіх кандыдатаў у гарадскія і павятовыя рады. Звыш сотні чалавек непасрэдна заангажавалася ў самаўрадавыя выбары пад беларускім шыльдам.

Раней чытаючы спіскі кандыдатаў ад беларускіх камітэтаў можна было здзіўляцца чаго той ці іншы дзядзька хоча шукаць у парламенце ці самаўрадзе. У гэтым годзе дамінуюць прадпрымальнікі, навукоўцы і настаўнікі. Інтэлектуальны ўзровень кандыдатаў ад беларускіх камітэтаў проста імпануе.

Трэцяй станоўчай прыкметай беларускай прысутнасці на гэтых выбарах — разважная і спакойная выбарчая кампанія, нягледзячы на правакацыйныя дзеянні некаторых канкурэнтных камітэтаў. Добра, што ніхто не палемізаваў з прадстаўнікамі СЛД ці Беластоцка-Гданьскай праваслаўнай епархіі, атакуючымі Беларускі выбарчы камітэт. Сур’ёзнай дыскусіі, як паказвае практыка мінулых гадоў, і быць не магло, паколькі сярод выбаршчыкаў заўсёды складвалася ўражанне прымітыўнай сваркі.

Нягледзячы на вынік, выбары ўжо можна лічыць перамогай з-за якасці арганізацыі і формы выбарчай кампаніі. Калі б так былі арганізаваны ўсе палітычныя акцыі ад 1989 г., цяпер праўдападобна было б сваё шырокае прадстаўніцтва ўва ўсіх структурах улады і зусім іншая была б атмасфера на Беласточчыне. Меншасць, якая атаясамліваецца толькі з адной партыяй, сама вызначае сабе месца на абочыне грамадскага жыцця. Таму памылковым быў удзел беларускіх дзеячаў у Форуме нацыянальных меншасцей, які меў служыць выключна інтарэсам СЛД. Варта прыгадаць, што з Форуму прынялі на спіскі гэтай партыі пару давераных таварышаў і пару праваслаўных дзеячаў. Спосаб, у які былі патрактаваны беларускія ўдзельнікі Форуму паказвае, што ад пачатку не было для іх там месца. Але традыцыйна трэба было ўсадзіць руку ў распаленую печку, каб пераканацца, што агонь можа прыпячы цела.

Вялікай асаблівасцю сёлетніх выбараў з’яўляецца прысутнасць палякаў на спісках Беларускага выбарчага камітэта. Да гэтай пары толькі беларусы выступалі на спісках польскіх партый. Беларускасць ужо перастала палохаць палякаў, як гэта бывала яшчэ дзесяць гадоў таму. Палохае яна выключна саміх беларусаў.