Ніва № 43 (2424), 27 кастрычніка 2002 г.

Узмацнянне мяжы (у Дубічах)

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Пакуль дзесяць службовых асоб, а ў будучыні трыццаць адна будуць служыць у сучасна абсталяванай пагранічнай заставе ў Дубічах-Царкоўных. Будуць яны ахоўваць 16 кіламетраў мяжы.

На адкрыццё пагранзаставы 11 кастрычніка ў Дубічы з’ехаліся тлумы гасцей. Сярод іх быў Тадэвуш Матусяк, віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі, пасол Анджэй Брахманскі, старшыня сеймавай камісіі ўнутраных спраў (дэпутаты ад Падляшша ў той час былі ў Сейме), генерал Юзаф Клімовіч, шэф Галоўнай камендатуры Падляшскай часці Памежнай службы, падляшскі ваявода Марэк Стшалінскі і віцэ-ваявода Ежы Паўяновіч, сенатар Сяргей Плева і генералы беларускіх і літоўскіх памежных службаў. Пасвяцілі аб’ект супольна каталіцкі капелан Польскага войска і епіскап генерал Міран, праваслаўны ардынарый ПВ.

Аб’ект пагранзаставы ў Дубічах складаецца з цэнтральнага будынка, аддзеленага ад харчовага блёка, гаражнага будынка з шасцю боксамі і жыллёвага блёка з шасцю элегантнымі кватэрамі для афіцэрскага саставу. Цэласць забяспечана ўласнай кацельняй, фільтрамі для паправы якасці вады, трансфарматарнай станцыяй і генератарам электратоку. Пагранзастава абсталявана сістэмамі радыёсувязі і інфарматычнай. Інфарматычная сістэма забяспечвае Памежную службу ў доступ да баз даных, дапаможных у ахове мяжы, у тым ліку да краёвай паліцыйнай сістэмы. Не здзіўляе затым, што пры новапабудаваных будынках пастаўлена 35-метровая радыёмачта, якая ўзвышаецца над ваколіцай. Службоўцы з Дубіч карыстаюцца матацыкламі Хонда і КТМ, Ландроверамі і КТХамі.

— Гэта вельмі добра, што тут адкрылі пагранзаставу, — сказала „Ніве” ў час урачыстасці адна з жыхарак Дубіч, якая назірала за яе ходам з іншымі сялянамі. — Парадак будзе, і людзі будуць мець працу. Тут жа ж служаць і хлопцы з нашай ваколіцы.

Віцэ-міністр Матусяк прывітаў пагранічнікаў ад імя прэм’ера Лешка Мілера:

— Гэта адзін з самых прыгожых аб’ектаў Памежнай службы. Будзе ён добра служыць Польшчы і з’яднанай Еўропе.

Ваявода Марэк Стшалінскі меў надзею:

— Ад пагранічнікаў чакаем, каб праз мяжу польскай дзяржавы, будучую мяжу Еўрасаюза, не маглі нелегальна прабірацца людзі, кантрабанда і небяспечныя матэрыялы. Але чакаем таксама, каб былі вы прыязнымі і аблягчалі памежны рух прадпрымальнікам, турыстам, тым усім, хто легальна яе перасякае.

— Праграма ўшчыльнення мяжы прадугледжвае ўзмацненне саставу і мадэрнізацыю абсталявання нашай часці, пабудову і разбудову сучаснай сеткі сувязі і інфарматыкі, увядзенне сучаснага інфарматычнага абсталявання, — у сваю чаргу прамаўляў ген. Юзаф Клімовіч. — Спраўная структура, падрыхтаваны афіцэрскі састаў і сучаснае абсталяванне гэта неабходныя ўмовы рэалізацыі нашых заданняў, акрэсленых ва ўрадавым плане „Бяспечная Польшча” і вынікаючых з працэсаў інтэграцыі з Еўрасаюзам.

Адна з галоўных праблем, якія пастаўлены перад службоўцамі новаадкрытай пагранзаставы — затрымванне нелегальных імігрантаў, найчасцей, як гэта бывае на ўсходніх адрэзках мяжы — уцекачоў з Ірака, Шры-Ланкі, Курдыстана і з краін СНД.

Перад самым пасвячэннем аб’екта епіскап Міран перадаў каменданту Падляшскай часці Памежнай службы ікону святога Міхаіла, „каб сцярог ад нязваных гасцей”.

Пагранзастава ў Дубічах — 16 адкрытая на адрэзку ахоўваным Падляшскай часцю ПС. Наступную адкрылі 19 кастрычніка ў Міхалове, а ў наступным годзе будзе адкрыта пагранзастава ў Шудзялаве.

— Усё залежыць ад забеспячэння ў грошы з цэнтральнага бюджэту, — паведаміла прэс-інфарматар ПЧ ПС паручнік Анна Валошын-Врона.

У 2003-2006 гадах у прызыўную службу ў ПС мае трапіць 5 300 новых пагранічнікаў. Папаўненне памежнай стражы ў Дубічах мае наступіць у будучым годзе. У найбліжэйшы час у рамках дапамогі Еўрасаюза польская Памежная служба мае атрымаць аўтаматычныя і самазарадныя пісталеты, сучаснае тэрмавізійнае падручнае абсталяванне (біноклі) і на аўтаматычнай базе, а таксама сучаснае электроннае абсталяванне. Да наступнай вясны ўсе польскія пагранзаставы будуць мець пастаянную, непасрэдную сувязь з „цэнтраляй”.

На думку галоўнага каменданта ПС найлепшае памежнае супрацоўніцтва на ўсходнім адрэзку — з літоўскімі і беларускімі службамі (з гэтым згодны былі прысутныя на ўрачыстасці ў Дубічах генералы з Беларусі і Літвы).

— Ёсць у нас сур’ёзныя праблемы ў супрацоўніцтве з украінцамі. Іхныя службы не заўсёды дастасоўваюцца да рэадмісійнага дагавора (перадаванне і прыманне без лішніх фармальнасцей чужаземцаў пасля нелегальнага пераходу мяжы), — дадаў генерал Клімовіч.

Азяблых гасцей пасля агляду пагранзаставы пагранічнікі пачаставалі смачным гарохавым супам. Затым, за шведскім сталом у мясцовай школе, падымалі тосты шампанскім. Пасол Брахманскі заклікаў:

— Нельга забываць, што памежная страж функцыянуе сярод мясцовай грамадскасці і мусіць з ёю сужыць, разумець яе праблемы і супрацоўнічаць.