Ніва № 43 (2424), 27 кастрычніка 2002 г.

Цяжарнасць на парламентарызм

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Ужо добрых паўдзесятка гадоў беларускі парламентарызм перажывае, мякка кажучы, далёка не лепшыя часы. Але калі разважаць, зыходзячы з высновы, што ўсё цячэ — усё змяняецца, то некаторыя апошнія падзеі вакол галоўнага заканадаўчага органа краіны — Палаты прадстаўнікоў — даюць хоць слабую, але надзею на лепшае.

Прыгадаю гісторыю. Пасля сумнавядомага рэферэндуму 1996 г. абраны народам Вярхоўны Савет быў разагнаны. На яго месца, у абыход канстытуцыйных палажэнняў, была сфармавана Палата прадстаўнікоў 1-га склікання. Менавіта сфармавана, а не абрана. Бо ў яе склад увайшлі толькі тыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія пагадзіліся з антыканстытуцыйнымі дзеяннямі выканаўчай улады і тым самым засведчылі сваю лаяльнасць перад прэзідэнтам Лукашэнкам. Такіх мусіла быць 110 чалавек. Зразумела, што гэта значна менш амаль 360, з якіх складаўся ранейшы беларускі парламент. Адпаведна, што пагадзіцца з такім таптаннем права мець свайго прадстаўніка ад шматлікіх акруг здолелі не ўсе і такія чыннікі дагэтуль не даюць магчымасці наладжванню нармальнага супрацоўніцтва Палаты не толькі з парламентамі краін-суседзяў, але і паважнага стаўлення да яе з боку ўласнага народа. Сапраўды, дэпутаты новага „парламента” добра ведалі дзякуючы чаму і каму яны займаюць свае пасады. І воля народа ў іх колішнім абранні адыходзіла далёка на задні план.

Але час мінае і „ничто не вечно под Луной”. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета, які не здолеў стаць цэнтрам апазіцыі, скончыліся. Яго нават перасталі прызнаваць заходнія дэмакратыі і міжнародныя арганізацыі, а да прызнання за сапраўдны парламент Палаты прадстаўнікоў здолела хіба толькі расійская Дзярждума, зразумела, зыходзячы выключна з інтарэсаў сваёй краіны, а не абароны дэмакратычных каштоўнасцей у Беларусі.

Разам з тым, у 2000 годзе скончыліся ўрэшце паўнамоцтвы прызначанага „парламента”. Хочаш-не хочаш, а новы склад Палаты, згодна Канстытуцыі, мусіць быць абраны. Што, зразумела, і адбылося. Праўда, выбары праходзілі з вялізарнай колькасцю парушэнняў і неймавернага выкарыстання выканаўчай уладай адміністрацыйнага рэсурса, але новыя дэпутаты сталі адрознівацца ад папярэдніх „членаў парламента”. Выбарнасць для некаторых з іх стала падставай для праяў нейкага вальнадумства і нават сціплай апазіцыйнасці. Канешне ж, такіх дэпутатаў зараз не можа быць многа. На даны момант іх можна пералічыць па пальцах адной рукі, але ўжо з вуснаў некаторых чутны словы аб вартасці стварэння адмысловай групы па справах зніклых палітыкаў, супрацоўніцтве з апазіцыйнымі арганізацыямі і так далей.

Адным з найбольш яскравых „палатнікаў-апазіцыянераў” стаў генерал Валерый Фралоў з Гродна. Зразумела, яго апазіцыйнасць нельга нават у нечым параўноўваць з апазіцыйнасцю Зянона Пазьняка, але магчымы факт з’яўлення новай і, па ўсёй верагоднасці, самастойнай палітычнай фігуры на беларускім палітычным небасхіле выклікае станоўчыя рэакцыі.

Калі крыху прааналізаваць наколькі вялікія магчымасці палатных апазіцыянераў у паляпшэнні сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі, то вочы, вобразна кажучы, пакрываюцца слязамі. Нават, калі абстрактна ўявіць, што тым тром-чатыром дэпутатам удалося пераканаць у чымсьці антыпрэзідэнцкім большасць сваіх калег, то цалкам верагодна, што пад пагрозай апынецца ўвесь склад Палаты, бо адпаведна Канстытуцыі паўнамоцтвы парламента могуць быць спынены на падставе грубага парушэння гэтай самай Канстытуцыі. Зразумела, такое можа адбыцца толькі на падстве заключэння Канстытуцыйнага суда, але ж большая яго частка разам са старшынёй прызначаецца... прэзідэнтам.

Усе фінансавыя выдаткі Палаты ідуць выключна праз Адміністрацыю прэзідэнта, бо сваёй бухгалтэрыі беларускі „парламент” не мае. І тут узгадваецца прымаўка — хто плаціць, той і заказвае музыку. Таму вялікіх праяў вальнадумства і адстойвання сваіх прынцыпаў перад прэзідэнцкай уладай наўрад ці варта чакаць ад новых „апазіцыянераў”. Пра гэта, дарэчы, сведчыць і нядаўняя адмова стварыць адмысловую парламенцкую камісію па расследванню справы зніклых палітыкаў. „Парламент” асмеліўся толькі да накіравання запыту аб іх лёсе генеральнаму пракурору.

Разам з тым, мільганула надзея на лепшае. На тое, што ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ёсць шанцы стаць у будучым сапраўднымі парламентарыямі, ускосным сведчаннем чаго з’явіліся нядаўнія словы самога А. Лукашэнкі аб шкодзе магчымага пашырэння функцый Палаты. Бо як вядома, мёртвага сабаку ніхто не б’е.