Ніва № 43 (2424), 27 кастрычніка 2002 г.

Скарыстаць козыры

Размова са старшынёю Гайнаўскага аддзела Беларускага саюза ў РП Міхасём АНДРАСЮКОМ.

— Гайнаўскі аддзел Беларускага саюза ў РП актывізуе сваю дзейнасць — вось, хаця б памяшканне па вул. кс. І. Верабея, 18, у Гайнаўцы. Што новага хочаце запрапанаваць жыхарам Гайнаўшчыны?

— Паколькі пачаўся новы навучальны год, стараемся крыху дапамагчы настаўнікам і вучням. Кожная школа на Гайнаўшчыне, дзе вядзецца навучанне беларускай мовы, атрымае ад нас невялікую дапамогу, відэакасеты і аўдыёкасеты з казкамі на беларускай мове. Хай маладыя навучэнцы паслухаюць як гучаць па-беларуску казкі „Аліса ў краіне цудаў” ці „Пакахонтас”. Ёсць прасторнае памяшканне. У верасні яшчэ не бачылі тут натоўпу, але спадзяемся, што ў кастрычніку і лістападзе шмат хто сюды загляне. Наша сувязь са светам абмяжоўваецца, у галоўным, да тэлефоннай (682 33 73). Змяшчаецца тут рэдакцыя „Гайнаўскай панарамы” і з кастрычніка будзем карыстацца Інтэрнэтам. Пасля выбараў, калі стануць вядомымі прозвішчы нашых самаўрадаўцаў, у нашым памяшканні пачне дзейнасць Беларускі самаўрадавы форум, які ўжо зарэгістраваны.

— Ці можна спадзявацца, што ў гэтай групе самаўрадаўцаў будзе Міхась Андрасюк?

— Пра гэта якраз вырашаць жыхары Гайнаўкі, бо фактычна прапаную сваю асобу як кандыдата на раднага Гайнаўскага павета.

— Твая асоба атаясамліваецца з літаратурай і радыё, а не з працай у самаўрадзе.

— Калі пра літаратуру, дык ад яе я зусім не адышоў. Працую над новай кніжкай прозы. Магу рассакрэціць яе загаловак — „Зубр”. Звычайная гісторыя. У малым мястэчку здараецца цуд, а менавіта паяўляецца зубр з залатымі рагамі. А затым і чарговы цуд. І ўзнікае пытанне, ці ў невялікай геаграфічнай і сацыяльнай прасторы хапае месца на такую колькасць цудаў? Спадзяюся, што кніжка з’явіцца ў 2003 годзе. А ці змагу сустрэцца са слухачамі „Рацыі” ў маіх суботніх канцэртах пажаданняў? Зараз сапраўды не ведаю. Пры нагодзе — прывітанне ўсім, хто суботнімі адвячоркамі набіраў 664 21 00. Трэба верыць, што гэтае ці другое беларускае радыё яшчэ прагучыць у эфіры. А што тычыцца самаўрадаў, то тут працы, хоць адбаўляй.

— Якая гэта праца?

— Праблемы, якія давядзецца вырашаць беларускім самаўрадаўцам, такія ж, што і ўва ўсіх апошніх: асвета, ахова здароўя, вуліцы, водаправоды. Прытым трэба нам памятаць аб праблемах, якія маюць дачыненне адно да беларускай меншасці. Значыць, захаванне культуры продкаў, пашырэнне навучання беларускай мовы ў школах. Праблемы Праваслаўнай царквы, гэта таксама нашы праблемы.

— У Гайнаўцы доўга не можа завяршыцца будова Беларускага музея.

— Фактычна, гэта праблема крышку дзіўная. Ва ўладах Камітэта пабудовы музея, а таксама ў гарадскіх, гмінных ды павятовых самаўрадах сустракаем тыя ж самыя прозвішчы. Калі будова музея не завершыцца на працягу бліжэйшых чатырох гадоў, будзе гэта пройгрыш усіх беларусаў. І няважна, ці свае самаўрадавыя функцыі выпаўняюць яны ад левых, правых ці Беларускага камітэта. У гэтай справе неабходная кансалідацыя ўсіх самаўрадаўцаў, усіх, якія лічаць сябе беларусамі або заяўляюць сябе прыхільнікамі беларусаў.

— Зараз у Гайнаўцы і наваколлі вялікае беспрацоўе. Як можна вырашаць гэтае пытанне?

— Калі які-небудзь кандыдат у самаўрады абяцае, што паспяхова і канчаткова вырашыць праблему беспрацоўя, тады або не ведае, што гаворыць, або свядома абмінае праўду. Ні бурмістр, ні стараста, а ўжо ў ніякім выпадку звычайны радны не ў змозе ліквідаваць беспрацоўе ў сваім горадзе ці гміне. Абмежаваць беспрацоўе — такая магчымасць ёсць. Перш за ўсё — шукаючы інвестараў. Прыцягнуць іх можна рознымі інструментамі, напрыклад, лёгкімі падаткамі. У нашым выпадку сваё значэнне мае таксама і дзяржаўная мяжа, паколькі не стане яна сцяною, мурам. Адзін міжнародны пераход можа быць крыніцай прыбытку многім жыхарам павета.

— Ёсць пераход у Полаўцах, але ён вялікага прыбытку не дае.

— Не дае, бо гэта мініяцюра перахода. У Полаўцах мяжу перасякаюць толькі жыхары Польшчы і Беларусі на легкавушках. Вядома, перайменаваць пераход з міждзяржаўнага на міжнародны не зможа ні войт, ні стараста. Ёсць жа ў нас і міністры, якія лічаць сябе вялікімі сябрамі беларусаў. Тады трэба стукаць нам у гэтыя міністэрскія дзверы часта.

— Гледзячы на гаспадарчыя цяжкасці Гайнаўкі, гаворыцца, што наша будучыня ў турызме звязаным з Белавежскай пушчай.

— Будучыня так, але я б сказаў — будучыня нашых дзяцей ці яшчэ наступных пакаленняў. Натоўп турыстаў не паяўляецца раптоўна. Усё ж ужо зараз трэба рыхтаваць фундамент, на якім цягам дзесяці, можа дваццаці, гадоў узвядзецца вялікі турыстычны дом „Белавежская пушча”, не горшы за славутае Закапанэ. І скарыстаць тут трэба ўсе козыры. Тыя, якія дала нам прырода і тыя, якія дайшлі да нас — гістарычную спадчыну. Гаварыць пра культурную, канфесійную і нацыянальную разнароднасць адно, а ажыццяўляць гэты козыр — зусім другое. Неяк не здарылася мне пачуць беларускага самаўрадавага чыноўніка, які вітаючы варшаўскую, нямецкую ці дацкую дэлегацыю адазваўся б на матчынай мове. А вось так сабе, хаця б для жарту.

— Пакуль узвядзецца дом „Белавежская пушча” можа аказацца, што адзін з козыраў — нацыянальная разнароднаць — цалкам выцясніцца. Беларусы асімілююцца.

— Праўда, спадзявацца, што нашу беларускую спадчыну захаваюць жыхары вёскі — дарма. Яны ж не вечныя. Захаваць сябе як беларуса жыхару горада, напэўна, складаная справа. Кажуць, рыба псуецца з галавы, але гавораць таксама, што добры прыклад ідзе зверху. Зверху — разумею я — ад нашых бурмістраў, войтаў, старастаў і радных. Вось і прычына, для якой у Бельску, Гайнаўцы і Беластоку створаны беларускія выбарчыя камітэты.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксей МАРОЗ