Ніва № 42 (2423), 20 кастрычніка 2002 г.

Беларускі дзень у Гдыні

Лена ГЛАГОЎСКАЯ

На нядзелю, 6 кастрычніка, у Гдыню заехалі бельская „Маланка” з кіраўніком Сяргеем Лукашуком і Сакрат Яновіч з Крынак. Меўся быць прыгожы восеньскі, беларускі дзень у Гдыні. Сарганізаваў яго прыхільнік беларусаў, віцэ-прэзідэнт гэтага горада Марэк Стэмпа. Былі надрукаваны лістоўкі пра мерапрыемства, рэкламавалі яго па радыё і ў газетах. Сваімі каналамі распаўсюдзілі вестку тутэйшыя беларусы. Вісела аб’ява пры царкве. Здавалася б усё зроблена як паложана ў арганізацыйным плане. Але падвяло восеньскае надвор’е — у нядзелю ад раніцы ліў дождж. А канцэрт „Маланкі” быў запланаваны пад адкрытым небам, каля Музычнага тэатра на 1330, якраз калі людзі выходзяць з касцёла. Марку Стэмпу прыйшлося стаяць на дажджы, перапрашаць публіку за надвор’е і запрашаць у Гарадскі тэатр, дзе ў 1600 гадзін мела адбыцца сустрэча з Сакратам Яновічам на тэму „Польшча вачыма беларуса”.

У фае Гарадскога тэатра беларускі падвячорак пачаўся з выступу „Маланкі”. Пры століках сабралася каля 50 асоб, у большасці мясцовых беларусаў. Прыйшлі таксама нашы польскія прыхільнікі — Ганна Сабэцкая, Анджэй Васькевіч, Курыловічы (бацька і сын), Марэк Рэдзімскі і каля дзесятка невядомых мне асоб. Віцэ-прэзідэнт Гдыні Марэк Стэмпа прадставіў „Маланку”, якой ужо 12 гадоў і расказаў пра Бельск як самы старажытны горад на Падляшшы. Замест двухгадзіннага канцэрта пад адкрытым небам атрымаўся паўгадзінны ў прыцемненым фае. У прысутных астаўся недахоп беларускіх песень, таму нягледзячы што пачаў сваё выступленне Сакрат Яновіч, многія рынуліся за „Маланкай”, каб купіць іхнія касеты і дыскі. А Сакрат, як заўсёды, інтрыгаваў палякаў, гаворачы пра беларускамоўных Ягелонаў, вышэйшасць беларускай культуры над польскай ды ў канцы пра паралельнасць польскай і беларускай літаратур у Польшчы. Паколькі ўсё выказванае адпавядала публіцы, інтрыга не ўдалася. А думаю, што Сакрат многім звярнуў увагу на тое, што двухкультурнасць гэта еўрапейскасць, а „Polacy skazani sa na jedna kulture”. Але пры тым усім найбольш гаварыў пра беларускі комплекс у адносінах да Польшчы і палякаў, хамскасць адных і панскасць другіх. Пра ўніверсальную „супольнасць хлеба” і яе ўплыў на асіміляцыю беларусаў, пра іх зайздрасць з прычыны польскага шляхецкага лёсу. Сакратавы арыгінальныя выказванні, жывая мова (хаця польская) з многімі эпітэтамі і метафарамі былі даспадобы публіцы, якая прыйшла менавіта паслухаць літаратара. Пасля паўтарагадзіннага маналога, калі першыя асобы выйшлі з тэатра, Сакрат Яновіч знайшоў зручную прычыну для заканчэння сустрэчы. Хаця ведаю, што многія маглі б слухаць яго без канца. Але чакала вячэра і Музычны тэатр, куды гаспадары запрасілі Сакрата Яновіча на прэм’еру амерыканскага мюзікла „Чыкага” на аснове п’есы Марын Далас Уоткінс пра забойства, карупцыю, насілле, здраду і славу ў найбольш дэправаваным амерыканскім горадзе ў 1920-я гады.

PS. Зусім выпадкова ў Гдыні атрымалася беларуская дэкада. Незалежна ад успомненых мерапрыемстваў з 1 па 10 кастрычніка ў ліцэі айцоў езуітаў можна было паглядзець фатаграфічную выставу пра Беларусь, якая раней экспанавалася ва ўправе горада Сопата. На гэты раз выставу запрасіў да сябе дырэктар ліцэя айцец Войцех Жмудзінскі, родам з-пад Крынак.