Ніва № 42 (2423), 20 кастрычніка 2002 г.

Яўрэі, балахоўцы, пятлюраўцы і пілсудчыкі на Палессі

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля І сусветнай вайны праз Палессе праходзілі шматлікія арміі, а палітычныя і крымінальныя групоўкі надоўга сталі часткай палескага краявіду. Правінцыю гэту бачылі ў сваіх межах палякі, расіяне, украінцы і беларусы. Лясы і балоты стваралі добрыя ўмовы для партызанскага руху, а перш за ўсё — для змагання мясцовых сялян з няпрошанымі гасцямі.

Калі чытаецца матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь пра падзеі на Палессі ў 1919-1921 гадах, сустракаецца шмат падабенстваў да сітуацыі на Беласточчыне ў першыя пасляваенныя гады. Тысячы старонак друку пра рабаваных, забіваных, паленых усялякімі войскамі людзей. Не было арміі, якая не гвалтавала б і не расстрэльвала б, але найбольш у савецкіх дакументах захавалася вестак аб праследаванні яўрэяў салдатамі генерала Балаховіча і атамана Пятлюры. Адны і другія лічылі яўрэяў прыхільнікамі бальшавіцкай улады, таму агрэсія салдат кіравалася не толькі супраць канкрэтных асоб, заангажаваных у палітычнае жыццё, але таксама супраць усяго мірнага яўрэйскага насельніцтва. Балахоўцы прыйшлі на Мазыршчыну зараз пасля пятлюраўцаў, таму яўрэі ахвотна параўноўвалі абедзве арміі. Пятлюраўцы найчасцей расстрэльвалі для ідэі, балахоўцы — за незаплачаныя падаткі, якія назначалі адразу пасля ўваходу ў вёску. Прыхільнасць салдат Балаховіча — гаварылі яўрэі — можна было прыдбаць самагонкай, а ў справе падаткаў — можна было таргавацца.

На Мазыршчыне ў вёсцы Жыдковічы, дзе яўрэйская міліцыя прабавала стрымаць паход войск Балаховіча, ледзь не дайшло да масавых рэпрэсій. Балаховіч загадаў расстраляць усіх мужчын і толькі мясцовы праваслаўны святар — пісалі чэкісты — стрымаў выкананне смяротнага прыгавору. У суседніх вёсках Белявыя і Ведчына забітых было 5 яўрэяў, большасць ацалела таму, што ў іх абарону стала мясцовае беларускае насельніцтва. Дакументы паказваюць сотні здарэнняў, калі пасля ўваходу польскіх, украінскіх ці беларускіх войск палескія сяляне скрывалі яўрэяў у сваіх хатах, гаспадарчых будынках.

Пасля багатай літаратуры пра падзеі ў Ядвабным, Радзяёве ды іншых мясцовасцях заходняй Беласточчыны ў ліпені 1941 г. выразна відаць розніцу менталітэту палескага і мазавецкага сялянства. Іншымі таксама былі палескія яўрэі, якія часцей займаліся сельскай гаспадаркай, а сацыяльныя ўмовы іхняга жыцця вельмі нагадвалі тыя, у якіх апынуліся мясцовыя сяляне. Гаварылі яны на мясцовым дыялекце і апрача веравызнання і рэлігійнай традыцыі нічым асаблівым не вылучаліся з ліку мясцовага насельніцтва. Чытаючы іх выказванні адчуваецца, што беларускіх сялян успрымалі яны як звычайных суседзяў, а не людзей іншай культуры. Таму і натуральным стала, што дапамагалі яны яўрэям, калі тым пагражала небяспека з боку прыбылага войска. Самі бальшавікі падкрэслівалі, што калі навісала пагроза гвалтаў, праваслаўныя святары скрывалі жыдоў у царкоўных памяшканнях.

У шмат якіх навуковых апрацаваннях часта сустракаецца інфармацыя пра пагромы яўрэяў на Палессі ў бурлівыя 1919-1921 гады. Амаль нідзе няма звестак пра тое, што мясцовы беларускі люд бараніў іх як мог ад здзекаў салдат. Самі яўрэі расказвалі савецкім уладам пра сотні такіх выпадкаў. Пэўна яшчэ больш такіх падзей не адлюстравана ў дакументах. Іншыя народы, маючы такія аргументы, зараз напісалі б сотні навуковых прац, мастацкіх твораў, паказалі б сябе як супольнасць, якая мела справядлівых і талерантных продкаў. Беларусам тым часам заўсёды нехта пісаў гісторыю, найчасцей паказваючы толькі факты, якія не дазвалялі ганарыцца сваёй мінуўшчынай. Таму ў навуковай літаратуры цяжка сустрэць прыклад беларускага селяніна, якому пачуццё справядлівасці не дазваляе спакойна глядзець як прышэльцы б’юць ці прыніжаюць жыдоўскага суседа. Выступае ён часцей у ролі бітага, якога вызваляе брат з Усходу.