Ніва № 42 (2423), 20 кастрычніка 2002 г.

Вышэйшая адукацыя ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

Адкрыццё акадэмічнага года ў Замясцовым аддзяленні кіравання асяроддзем Беластоцкага Політэхнічнага інстытута, якое знаходзіцца ў адрамантаваным будынку па вуліцы Пілсудскага ў Гайнаўцы, адбылося 7 кастрычніка і было важным для горада здарэннем. Раней у будынку адбываліся заняткі з завочнікамі і толькі 28 снежня 2001 года міністр нацыянальнай адукацыі Крыстына Лыбацка дала згоду на адкрыццё самастойнага стацыянарнага замясцовага аддзялення. Самыя вялікія пахвальныя словы атрымаў ад прамоўцаў прафесар Васіль Паскробка з Беластока, які быў названы хросным бацькам новаадчыненага аддзялення. Яшчэ пры распрацоўцы „Стратэгіі развіцця Гайнаўскага павета” дэклараваў ён дапамогу пры арганізаванні ў Гайнаўцы вышэйшай установы і стрымаў слова. У гайнаўскім замясцовым аддзяленні распачало вучобу 120 студэнтаў на стацыянарным аддзяленні і каля 90 на завочным. Будуць таксама вучыцца завочнікі з Аддзялення кіравання ПІ, якое знаходзіцца ў Беластоку. Распачалі яны адукацыю ў Гайнаўцы ў мінулым годзе.

Сярод гасцей былі міністр замежных спраў Владзімеж Цімашэвіч, епіскап Бельскі Грыгорый, гайнаўскія праваслаўныя і каталіцкія святары, намеснік рэктара Політэхнічнага інстытута ў Беластоку прафесар Францішак Семяняка і прадстаўнікі мясцовых самаўрадаў. Бурмістр Анатоль Ахрыцюк выказаў спадзяванне, што новаадчыненае аддзяленне гэта толькі пачатак развіцця вышэйшай адукацыі ў Гайнаўцы, якая павінна стаць акадэмічным асяродкам. Дэкан новага аддзялення Альжбета Мальцан паінфармавала аб дамове з уладамі горада Гайнаўкі, Гайнаўскага павета, якая дала магчымасць адчыніць філіял беластоцкага інстытута. Гарадскія і павятовыя ўлады перадалі бясплатна ў карыстанне на два гады адрамантаваны гарадскі будынак і займаюцца яго ўтрыманнем. Для патрэб студэнтаў перададзены школьны інтэрнат Комплексу прафесійных школ. Заняткі будуць адбывацца ў біялагічным і хімічным кабінетах Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Гайнаўскія студэнты змогуць карыстацца кнігазборам гарадской бібліятэкі. Пры дапамозе Інтэрнэту студэнцкая моладзь будзе карыстацца бібліятэчнымі рэсурсамі вышэйшых навучальных устаноў. Зараз звыш паловы студэнтаў складаюць прыезджыя. Вучыцца ў Гайнаўцы рашыліся не толькі жыхары Падляшша, але і моладзь з Вармінска-Мазурскага, Мазавецкага і Люблінскага ваяводстваў.

Спачатку студэнты будуць вучыцца на адным напрамку „Ахова асяроддзя” і адной спецыяльнасці „Гаспадаранне на прыродазнаўча вартасных тэрыторыях”. Сваю адукацыю будуць канчаць са званнем інжынера пасля трох з паловай гадоў вучобы. Магістрамі будуць пасля далейшай вучобы ў Політэхнічным інстытуце ў Беластоку. Выкладчыкамі будуць супрацоўнікі навуковых інстытутаў Белавежы і Беластока. З Мінска прыедзе прафесар Эдуард Міхневіч. Прыняты на працу ў аддзяленні таксама гайнавяне. Прафесар Альжбета Мальцан сказала, што выпускнікі стануць спецыялістамі па ахове прыроды так патрэбнымі ў нашым ваяводстве, дзе юрыдычна ахоўваецца шмат тэрыторый.

Студэнты далі прысягу, атрымалі заліковыя кніжкі, студэнцкія білеты і выслухалі першую лекцыю прафесар Сімоны Косак пра ахову прыроды.