Ніва № 42 (2423), 20 кастрычніка 2002 г.
З дапамогай жыхароўРазмова са старшынёю Гайнаўскай рады Яўгенам САЧКО, які ўзначальвае Беларуска-народны выбарчы камітэт выбаршчыкаў і намеснікам бурмістра Гайнаўкі Міраславам МОРДАНЕМ.— Мінае 4 гады як кааліцыя, у якую ўваходзіць Беларуска-народны выбарчы камітэт і СЛД, правіць у Гайнаўцы. Што важнага ўдалося зрабіць у горадзе за гэты перыяд? Яўген Сачко: — Раней галоўныя інвестыцыі рэалізаваліся ў цэнтры горада. За апошні перыяд, згодна з выбарчымі абяцаннямі, рэалізавалі мы многія інвестыцыі на акраінах. Будавалі там з дапамогай жыхароў горада водаправоды, каналізацыю і дарогі. Каб не іх ініцыятывы і дапамога, не было б столькі інвестыцый і таму ад імя радных БНВК хачу падзякаваць нашым жыхарам. Міраслаў Мордань: — Зараз амаль 100% кватэр падключаны да водаправоднай сеткі. За апошнія 4 гады збудавалі мы больш за 47 кіламетраў каналізацыйнай сеткі, асфальтавалі 44 вуліцы даўжынёй амаль у 13 кіламетраў. Выканалі 3 кіламетры цеплатрасы і ліквідавалі 11 вуглевых кацельняў, якія забруджвалі горад. Давялі цёплую ваду да жыллёвага квартала „Міленіум” і праводзім да квартала распаложанага па вуліцы Арміі Краёвай. Змяніўся таксама выгляд горада. Рамантавалі камунальныя блёкі, мяняючы ў іх дахі, дацяпляючы сцены і кладучы новыя тынкі. Перабудоўвалі тратуары, насаджвалі дрэвы і трымалі чысціню ў горадзе. Стараемся заняць моладзь і дзеля гэтага ў жыллёвых кварталах будуем спартыўныя пляцоўкі. Яўген Сачко: — Заўсёды гаварылася аб патрэбе затрымання моладзі ў Гайнаўцы, а мы зрабілі канкрэтны крок у гэтай справе. Ад 1 кастрычніка гэтага года распачалося ў Гайнаўцы дзённае навучанне ў Замясцовым аддзяленні кіравання асяроддзем Політэхнічнага Беластоцкага інстытута і, мабыць, гэта дасць пачатак развіццю вышэйшага школьніцтва ў нашым горадзе. Прыстасоўваецца будынак да патрэб гродскага суда, які павінен распачаць сваю дзейнасць са студзеня 2003 года. Грунтоўна рамантавалі мы школы, прадшколлі і парадкавалі іх наваколле. Зрабілі парадак вакол рынку, пераносячы гандлёвую дзейнасць на суседнюю плошчу. Паспяхова закончыліся нашы намаганні наконт рамонту ваяводскіх і павятовых дарог. Пакладзены быў асфальт на вуліцах Беластоцкай, Пілсудскага, Варшаўскай, Ліповай і зараз выконваецца новае скрыжаванне па вуліцы 3 Мая. — Нядаўна ў Гайнаўцы звольнілі трэцюю частку працоўнага калектвыу Машыннага прадпрыемства „Гамех”. Працу шукае многа маладых і старэйшых людзей. Як змагаецеся з беспрацоўем? Яўген Сачко: — Гарадскія ўлады адкрытыя на прымяненне льготаў для гайнаўскіх прадпрыемстваў і стараемся дапамагаць усім згодна з нашымі юрыдычнымі магчымасцямі. Аднак, развіццё фірмаў залежыць, перад усім, ад агульных умоў развіцця эканомікі ў краіне і ад свабоднай канкурэнцыі на рынках продажу прадуктаў. Аб умовах, у якіх апынулася прадпрыемства „Гамех”, гаварылі мы на асобнай сесіі. Стараемся распаўсюджваць інфармацыю аб нашых фірмах у Польшчы і за яе межамі. Намагаемся, каб работы ў горадзе выконвалі мясцовыя суполкі. Міраслаў Мордань: — Ведаючы складаныя ўмовы, у якіх апынуліся гайнаўскія прадпрыемствы, не ўводзім высокіх падаткаў і сёння яны адны з ніжэйшых у нашым ваяводстве. Фірмы падпарадкаваныя гарадскім уладам, напрыклад, Прадпрыемства водаправодаў і каналізацыі ці Прадпрыемства камунальных паслуг ангажуюцца ў публічныя працы і дзякуючы ім развіваюцца. — Перад апошнімі выбарамі ставілася пытанне пра актывізацыю навучання беларускай мовы ў Гайнаўцы. Ці ўдалося рэалізаваць гэтую пастанову? Яўген Сачко: — Вялікім поспехам можна назваць арганізаванне Гімназіі з дадатковым навучаннем беларускай мовы пры белліцэі і стварэнне з іх Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Гэтым спосабам узрасла колькасць моладзі, якая вучыцца беларускай мове ў гайнаўскіх гімназіях. Радныя БНВК хадзілі на сустрэчы з бацькамі, у час якіх тлумачылі аб патрэбе вучобы роднай мове. У выніку павялічылася колькасць дзяцей, якія вучацца беларускай мове ў падставовых школах. — Ад многіх гадоў будуецца ў Гайнаўцы Беларускі музей. Ці гарадскія ўлады рашыліся ўспамагчы яго пабудову? Яўген Сачко: — Ад пачатку кадэнцыі шукаем дапамогі музею з боку ўлад горада, павета і ўрадавых структур. Але, трэба гэтае пытанне паставіць нашым кааліцыянтам з СЛД. Чаму пры такіх магчымасцях атрымання дапамогі, якія ў іх цяпер ёсць, яшчэ не працуе музей так як павінен. Адказам на пытанне можа быць таксама склад управы Камітэта пабудовы Беларускага музея. Пасольскае бюро СЛД знаходзіцца ў Беларускім музеі, а БНВК гнездзіцца на паддашку старога будынка па вуліцы кс. Верабея. — Выдатная большасць жыхароў горада гэта праваслаўныя вернікі. Ці ўспамагаеце дзейнасць праваслаўных арганізацый? Яўген Сачко: Падтрымоўвалі мы фінансава дзейнасць Гайнаўскага аддзялення Праваслаўнага брацтва св. св. Кірылы і Мяфодзія ў іх працы з дзяцьмі, успамагаем Дом сацыяльнай дапамогі „Самаранін” і праклалі тратуары вакол царкоўнай плошчы. — Вы, спадар Яўген, з’яўляецеся старшынёю новастворанага ў Гайнаўцы Беларуска-народнага выбарчага камітэта выбаршчыкаў. Якіх кандыдатаў на бурмістраў і войтаў рашыліся Вы паставіць у Гайнаўскім павеце? Яўген Сачко: — У Гайнаўцы за пасаду бурмістра будзе змагацца двух беларускіх, праваслаўных кандыдатаў і мы не ставім свайго, каб яшчэ больш не разбіваць наша асяроддзе. Сваіх кандыдатаў на войтаў ставім у Чыжоўскай гміне — Юрку Васілюка і ў Дубіцкай — Пятра Багроўскага. — Калі няма ў Вас сваёй прапановы на бурмістра Гайнаўкі, можа плануеце аказаць падтрымку кандыдату іншага камітэта? Яўген Сачко: — Жыхары Гайнаўкі добра ведаюць кандыдатаў на бурмістра і ведаюць, што яны зрабілі і што могуць зрабіць. Няхай гайнавяне самі, без нашай падказкі, выбіраюць найлепшую асобу. Кандыдаты на радных ад БНВК, якія ўвойдуць у Гарадскую раду, зробяць усё, каб як найлепш рэалізаваць нашу выбарчую праграму і будзем наглядаць, каб бурмістр добра кіраваў горадам. — Ці ўдалося выставіць кандыдатаў на радных ва ўсіх гмінах Гайнаўскага павета? Яўген Сачко: — Так, нашы кандыдаты будуць ва ўсіх гмінах Гайнаўшчыны. — Чым хочаце заахвоціць, каб выбаршчыкі галасавалі менавіта на Вас? Міраслаў Мордань: — На першым месцы ставім змаганне з беспрацоўем. Хочам прыцягваць інвестараў у Гайнаўку і гміны нашага павета. Маем намер класці каналізацыю, будаваць дарогі, тратуары і мадэрнізаваць блёкі. Будзем шукаць у еўрапейскіх фондах сродкі на развіццё нашага рэгіёна і намагацца, каб некаторыя інвестыцыі былі фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту. Так як дагэтуль, будзем падтрымліваць развіццё беларускай культуры. — Дзякую за размову. Гутарыў Аляксей МАРОЗ
|