Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Да гісторыі царквы ў Белавежы

Генадзь СЕМЯНЧУК

На пачатку снежня 1885 года праз сяло Белавежа тагачаснага Пружанскага ўезда Гродзенскай губерні праязджаў вялікі князь Міхаіл Мікалаевіч Раманаў. Пры наведванні мясцовай праваслаўнай царквы ён быў ашарашаны яе знішчанасцю і трухлявасцю. Не дзіўна, што прадстаўнік імператарскай сям’і выказаў жаданне аб хутчэйшай пабудове ў дадзеным месцы новай каменнай ацепленай царквы. І адразу закруцілася машына рэалізацыі гэтага пажадання. Ужо 7 снежня 1885 г. у Гродзенскую губернскую царкоўна-будаўнічую прысутнасць ад імя губернатара Аляксандра Мікалаевіча Пацёмкіна паступіла распараджэнне распачаць працы па праектаванні будынка новай царквы мінімум на 350 асоб. Рашэнне дадзенага задання было прадстаўлена малодшаму інжынеру Трубнікаву. Першапачатковы праект прадугледжваў будаўніцтва царквы на суму 50 тыс. рублёў. Аднак гэты праект не быў прыняты ў Санкт-Пецярбургу як за дарагі, а прапанавалі пабудаваць царкву больш простую і за меншыя грошы.

У лістападзе 1887 г. інжынер Трубнікаў прадставіў праект новага будынка царквы ў Белавежы, які аказаўся дакладнай копіяй будынка царквы ў сяле Крупчыцы Кобрынскага ўезда. Будаўніцтва гэтага будынка каштавала б 26 919 руб. і ў ёй змяшчалася б 500-532 асобы адначасова. Новы праект задаволіў і сталіцу Санкт-Пецярбург, і Гродна.

Стары драўляны будынак Белавежскай царквы было вырашана перадаць у які-небудзь праваслаўны прыход. Спачатку прапанавалі Грыневіцкаму прыходу Бельскага ўезда. Праўда, святар Свята-Ільінскай царквы ў в. Грыневічы Іаан Пісканоўскі паведаміў, што па прычыне беднасці і малалікасці яго прыхода перавозка старога будынка Белавежскай царквы немагчымая. А вось сяляне з вёскі Трасцянка Бельскага ўезда пажадалі ўласнымі сіламі і сродкамі перавезці будынак старой драўлянай царквы з Белавежы для выкарыстоўвання яе як могілкавай пры іх вёсцы. На гэта 17 снежня 1888 г. яны атрымалі дазвол ад Літоўскай Духоўнай Кансісторыі.

Гродзенская губернская царкоўна-будаўнічая прысутнасць 5 кастрычніка падпісала кантракт з Майсеем Цімафеевічам і Арсеніем Майсеевічам Піменавымі, купцамі 2-й гільдыі з мястэчка Вілейка на будаўніцтва новай мураванай царквы ў сяле Белавежа. Як вынікала са зместу кантракта, царква павінна была быць пабудавана за 3 гады ад дня падпісання кантракта за суму 25 495 рублёў. Выбар Піменавых гродзенскімі губернскімі чыноўнікамі быў невыпадковы. На той час яны былі амаль адзінымі выканаўцамі па пабудове і рамонце праваслаўных цэркваў на тэрыторыі губерні. На лета 1888 г. яны будавалі цэрквы ў вёсках Косьна і Гарадзіск Бельскага ўезда і мястэчку Лунна Гродзенскага ўезда, а таксама праводзілі рамонтныя работы ў Сынкавіцкай царкве Слонімскага ўезда. Больш таго, менавіта ў гэтым годзе яны канчалі будаўніцтва Косьненскай і Луннінскай цэркваў, у іх вызваляліся сродкі і заставаліся матэрыялы.

Такім чынам к вясне 1889 года ўсе фармальнасці былі выкананы, матэрыялы і часткова сродкі былі падрыхтаваны, чакалі толькі добрага цёплага надвор’я, каб распачаць будаўнічыя працы. Аднак у красавіку 1889 г. умяшаліся не прадугледжаныя абставіны. Імператарская сям’я Раманавых пажадала пабудаваць у Белавежы новы мураваны палац. Дзеля гэтага быў высланы прыдворны архітэктар граф дэ Рашфор, які вызначыў месца пад пабудову палаца — насып так званай Старой Батарэі. Дарэчы, у археалагічнай практыцы даволі часта сустракаецца, што назва Батарэя” ці Акопы” мясцовым насельніцтвам ужываецца для абазначэння рэшткаў гарадзішчаў, замкаў альбо месцаў размяшчэння шведскіх, расійскіх ці французскіх войскаў часоў войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XIX ст. Архітэктар дэ Рашфор выказаўся за тое, каб месца для будынка новай царквы было выбрана на 45-50 м на поўдзень ад першапачатковага, на ўсход ад названай Батарэі”. Інакш царква займала б невыгоднае ў эстэтычных адносінах становішча да Палаца. І другое. Так як Палац планавалася аздабляць звонку цэглай, а царкву вапнавай атынкоўкай, дык той самы дэ Рашфор загадаў аздабляць цэглай і будынак царквы.

Ад красавіка да ліпеня 1889 г. выбіралася новае месца пад будаўніцтва, перарабляўся і зацверджваўся новы каштарыс. Толькі ў жніўні гэтага года Піменавы распачалі будаўніцтва царквы ў Белавежы. Не дзіўна, што праз 2 гады, у 1891 г., яны просяць прадоўжыць ім тэрмін заканчэння кантракта да кастрычніка 1892 г. Міністэрства ўнутраных спраў згаджаецца. Аднак, падрадчыкі зноў не ўклаліся ў тэрмін і просяць чарговую адтэрміноўку да 25 кастрычніка 1893 г. Восенню гэтага года і вясною наступнага актыўна працягваліся працы па ўнутраным аздабленні царквы. Усталёўваўся кафельны іканастас, зроблены на заводзе Харламава ў Санкт-Пецярбургу, і укладалася мармуровая падлога. І толькі 30 кастрычніка 1894 г. губернскі архітэктар Нябольсін выслаў на імя Гродзенскага губернатара Дз. М. Бацюшкова тэлеграму наступнага зместу: „Беловежская церковь освидетельствована, передана в духовное ведомство, время освещения духовенством не известно”. А святар Белавежскай царквы а. Міхаіл Шырынскі 10 снежня 1894 г. паведаміў Гродзенскаму губернатару, што „освящение церкви предпологается в январе 1895 г.”.