Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Музею неабходны дырэктар

Віктар БУРА

На ўскраіне Белавежскай пушчы, у самім цэнтры горада Гайнаўкі, закончылася шматгадовая будова Беларускага музея. Узводзіўся ён намаганнямі Грамадскага камітэта, якога заснавальнікам быў Кастусь Майсеня.

Сёння будынак стаіць, але музея ў ім няма. Музейная справа знаходзіцца быццам у стане калапсу і патрэбны ёй рэанімацыя і кадравыя змены. Калісьці на кожным беларускім фэсце прысутнічаў старшыня Грамадскага камітэта, а яго падначаленыя збіралі ў скарбонкі грошы і арганізавалі адмысловыя віктарыны. І хаця сабраных грошай было няшмат, аднак людзі даведваліся пра музей, гаварылі пра яго, дапамагалі. Паспяхова праводзіўся таксама збор экспанатаў.

Цяпер на фэстах не відаць музейных скарбонак. Ніхто не арганізуе выездаў на вёскі ў пошуках экспанатаў даўніны, апошніх слядоў беларускай матэрыяльнай культуры — вырабаў ткацтва, ганчарства, бондарства і іншых традыцыйных рамёстваў. Прападае народная творчасць — вуснапаэтычная і выяўленчая: разьба, кераміка. Масава знікаюць яны з нашых вёсак, паколькі прыязджаюць за імі турысты з глыбі Польшчы і замежжа.

Не падтрымоўваюць ужо музея ні войты гайнаўскіх гмін, ні гмінныя радныя, хаця за дапамогай не раз звяртаўся да іх старшыня Грамадскага камітэта Ян Хіліманюк. Дапамагаюць толькі ўлады горада Гайнаўкі і Гайнаўскага павета. На маю думку, прыйшла пара, каб гайнаўскія ўлады звярнулі ўвагу на далейшы лёс беларускага музея. У даны момант музею неабходны дырэктар, які павёў бы яго ў будучыню і давёў бы да стварэння ў будынку сапраўднай беларускай музейнай установы.

Якім павінен быць дырэктар беларускага музея? На маю думку, павінен быць ім свядомы беларус, найлепш выпускнік беларускага факультэта, які валодае прынамсі адной замежнай — нямецкай або англійскай — мовай, ва ўзросце 25-30 гадоў, з менеджэрскай загартоўкай.

Пішу гэтыя словы, бо мне душа баліць і сэрца плача, калі ўспомню, што будуем музей ужо васемнаццаць гадоў — з 1984 года. Хай мая трывога закране за жывое ўсіх тых, каму дарагая ідэя нашага беларускага музея.