Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Рэпатрыяцыя

Яўген МІРАНОВІЧ

Прысутнасць беларускага насельніцтва на Беласточчыне пасля ІІ сусветнай вайны з’яўляецца цалкам выпадковай. У адпаведнасці з пратаколам дамовы паміж Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) і ўрадам Савецкай Беларусі, падпісаным у верасні 1944 г., беларусы з тэрыторыі Польшчы мелі быць пераселены ў Савецкі Саюз, а палякі з БССР — у Польшчу. Адзін з пунктаў пратакола гаварыў, што рэпатрыяцыя з’яўляецца добраахвотнай, што фармальна давала шанц так палякам, як і беларусам астацца на сваіх гаспадарках. Аднак пратакол, які падпісаў ПКНВ з урадам Савецкай Украіны, таксама прадбачваў добраахвотнасць перасялення, аднак, ні на адным, ні на другім баку мяжы ніхто не ўспрымаў гэтага запісу сур’ёзна.

Узнікае тады пытанне, чаму саветы не рашыліся правесці перасяленне паводле ранейшых планаў і дазволілі астацца звыш стотысячнай беларускай грамадскасці на тэрыторыі Беласточчыны. Адказ на гэтае пытанне даюць дакументы ў архівах Беларусі. Спачатку планавалася, што перасяленне адбудзецца на працягу трох месяцаў і да канца 1944 г. справа закончыцца. Спрыяла гэтаму сітуацыя на фронце, які затрымаўся на Вісле і камандаванне Чырвонай Арміі дэлегавала пару соцень афіцэраў-агітатараў для правядзення перасялення беларусаў у Савецкі Саюз. Армія дала таксама сродкі транспарту для перавозу людзей і іх маёмасці. Кожная сям’я магла забраць з сабой жывёлу і 2 тоны грузу — збожжа, гаспадарчых прылад, вопраткі, мэблі.

Савецкія агітацыйныя групы ў другой палове верасня пачалі праводзіць акцыю заахвочвання да выезду на Усход і пры нагодзе рабілі дакладны перапіс людзей і маёмасці сярод насельніцтва, якое лічылі беларускай, рускай і ўкраінскай нацыянальнасці. У кругу зацікаўлення беларускіх камісараў быў таксама Бела-Падляшскі павет, дзе пражывала таксама ўкраінскае насельніцтва. Інвентары робленыя ў вёсках Беласточчыны з’яўляюцца вельмі дакладнымі запісамі дэмаграфічнага стану кожнай мясцовасці. Прадстаўнікі савецкай улады сабралі дэталёвыя інфармацыі пра кожнага жыхара праваслаўнага веравызнання. Апісалі таксама маёмасць, якую патэнцыяльныя рэпатрыянты маглі забраць з сабою і тую, якую пакінулі б у Польшчы. Такім чынам можна сёння даведацца колькі кожная сям’я мела зямлі, кароў, коз, гусей, якія былі ў іх будынкі і з чаго яны былі ўзведзены.

Апрача інфармацый пра дэмаграфічнае і эканамічнае становішча быў сабраны вялікі матэрыял пра палітычную сітуацыю на Беласточчыне. Савецкаму кіраўніцтву пастаянна пасылаліся рапарты пра дзейнасць польскіх крымінальных і палітычных груповак, іх адносіны да беларускага насельніцтва, далучаліся спіскі забітых антыкамуністычным падполлем. Упаўнаважаныя ўрада БССР па справах рэпатрыяцыі аднаго толькі не маглі зразумець: чаму мясцовае насельніцтва, нягледзячы на тэрор з боку падполля, не хоча выязджаць у Савецкі Саюз, дзе абяцаюць яму спакойнае і багатае жыццё. Тлумачылі цэнтральным уладам, што мясцовыя сяляне маюць найчасцей 10-15 гектараў зямлі і кулацкі менталітэт. Страх перад калгасамі — пісалі — стрымоўвае перад выездам. Выязджалі найчасцей тыя, якія жылі сярод палякаў. Яны проста ўцякалі. З вялікіх вёсак населеных выключна беларусамі, ніхто не перасяляўся ў Савецкі Саюз.

З-за тэхнічных складанасцей завяршэнне акцыі перасялення было адтэрмінавана да канца 1946 г., аднак у сапраўднасці закончылася яна пару месяцаў раней. Супрацоўнікі савецкіх рэпатрыяцыйных служб да 20 лістапада 1946 г. запісалі на выезд 36 197 сем’яў (136 526 чалавек), якія павінны быць вывезены на Усход. Волю выезду выявіла 11 970 сем’яў (41 479 асоб), выехала — 8 646 (30 277 асоб). Частка тых, што запісаліся на выезд, адмовіліся і, калі вымушаны былі ўцякаць са сваіх мясцовасцей, падаваліся на ўсход Беласточчыны або на захад Польшчы.

Аказалася, што беларускія сяляне, не давяраючы прадстаўнікам савецкіх служб, праявілі вялікую інтуітыўнасць. Вялікая колькасць перасяленцаў замест ехаць у Беларусь, апынулася на тэрыторыі Херсонскай, Харкаўскай, Адэскай, Запарожскай, Тамбоўскай, Куйбышаўскай, Растоўскай, Саратаўскай, Краснадарскай абласцей. Тыя, якім пашанцавала затрымацца ў Беларусі, часта апынуліся ў сітуацыі падобнай да бежанцаў, вяртаючыхся з Расіі пасля І сусветнай вайны. Прадстаўнікі служб па справах рэпатрыяцыі пісалі, што інфармацыя пра лёс перасяленцаў дайшла на Беласточчыну і цяпер ніхто нават не хоча слухаць пра выезд у Савецкі Саюз.

Зразумела, калі б на Крамлі вырашылі перасяліць беларусаў з Беласточчыны, тады так і сталася б. Аднак на тэрыторыі Беларусі пражывала 520 тысяч католікаў. Патрэбныя былі рукі да адбудовы зруйнаванай вайною краіны. Тады савецкія ўлады рабілі шмат захадаў, каб затрымаць іх на Беларусі. Праводзілі агітацыю і пераконвалі, што не ўсе католікі гэта палякі, даказвалі беларускасць беларускамоўным вернікам Каталіцкага касцёла. Католікі з Беларусі, дарэчы, як і праваслаўныя з Беласточчыны, не хацелі пакідаць сваіх гаспадарак. Карыстаючыся прынцыпам добраахвотнасці, з Беларусі да канца 1946 г. выехала 238 тысяч палякаў, у тым ліку пару тысяч беларусаў, якія дэкларавалі польскую нацыянальнасць. Больш за 260 тысяч падпісалі заявы, што не хочуць выязджаць у Польшчу. Польскія рэпатрыяцыйныя службы ў рапартах часта падкрэслівалі прыхільнае стаўленне беларускага насельніцтва да палякаў, што не спрыяе рэпатрыяцыі ў Польшчу.

Пакідаючы 125 тысяч беларусаў у Польшчы, савецкія ўлады такім чынам маглі затрымаць каля 275 тысяч палякаў. Савецкае начальства кіравалася перш за ўсё эканамічным рахункам. Палякі на сваіх гаспадарках прадукавалі ўсё, што патрэбнае было краіне. Таму і ўлады рабілі ўсё, каб стрымаць іх выезд у Польшчу. У гэтай сітуацыі цяжка было дамагацца ад польскіх улад, каб спрыялі высяленню беларусаў. Польскім камуністам тым часам патрэбна была грамадскасць, якая адабрала існуючы палітычны парадак. У адрозненні ад украінска-польскага памежжа, пасляваенныя міграцыі на беларуска-польскім памежжы мелі вельмі абмежаваны характар. Ні на адным, ні на другім баку мяжы прысутнасць меншасцей не пагражала некантраляванымі ўнутранымі канфліктамі. Беларусаў на Беласточчыне неўзабаве назвалі праваслаўнымі палякамі, а шмат каму з іх нават вельмі спадабалася такая роля.