Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Наша праграма канструктыўная

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

3 кастрычніка адбылася ў Беластоку прэс-канферэнцыя Беларускага выбарчага камітэта. Месцы за перадавым сталом занялі вядучыя кандыдаты ад паасобных выбарчых акруг горада. Канферэнцыю адкрыў прэс-сакратар Беларускага выбарчага камітэта Яўген Вапа. Прадставіў ён кандыдатаў БВК, адзначаючы, што Камітэт не трымаўся ніякіх парытэтаў і на ягоных спісках кандыдатаў у беластоцкую раду апынуліся прадстаўнікі розных прафесій і пакаленняў. Заўважыў ён, што большасць спіскаў ад БВК адкрываюць жанчыны. Затым забралі голас самі кандыдаты.

У акрузе н-р 1, якая ахоплівае цэнтр горада, спісак БВК адкрывае Лідзія Смык — настаўніца і грамадскі дзеяч, заангажаваная асабліва ў дапамогу інвалідам. Паколькі яна сама захварэла і на канферэнцыі адсутнічала, слоў пару пра сваё бачанне праблем Беластока сказаў другі ў спіску Алег Латышонак. Звярнуў ён увагу на абмежаванні доступу ў цэнтр горада і на патрэбу шчыльнейшага супрацоўніцтва з Гроднам і Брэстам.

Акруга н-р 2 ахоплівае паўночныя кварталы Беластока; спісак БВК ад яе адкрывае Юры Хмялеўскі — галоўны рэдактар „Часопіса”. Ён выказаўся за партнёрскае мясцовае грамадства — супраць несправядлівых стэрэатыпаў. Заўважыў ён шэраг недахопаў у горадзе, папракнуў цяперашнія ўлады за пасіўнасць у захадах для прыцягнення вонкавага капіталу, прыводзячы прыклады іншых самакіраванняў, якія сумелі прыцягнуць на сваю тэрыторыю не толькі краёвы капітал, але і замежны. Мы не будзем горшымі менеджэрамі, — заявіў ён, — і хочам атрымаць гэты шанс.

У акрузе н-р 3, якая ахоплівае ўсход Беластока, спісак БВК адкрывае Гражына Грэсюк, юрыст, навуковы супрацоўнік Універсітэта ў Беластоку; яна, як і згаданая раней Лідзія Смык, таксама захварэла. Антон Мірановіч, які будзе балаціравацца з гэтай акругі з другога месца, звярнуў увагу на недахопы транспартнай інфраструктуры мікрараёнаў і патрэбу будовы кальцавой дарогі вакол горада ды на падтрымку грамадскіх ініцыятыў гараджан.

Акруга н-р 4 ахоплівае паўднёвую частку Беластока; там спісак БВК адкрывае Уладзіслаў Петрук, вядомы на Беласточчыне мастак. У сваім выступленні галоўны націск засяродзіў ён на культуру. Выказаўся ён за падтрымкай збяднелых, але таленавітых мастакоў. Сёння, — сказаў ён, — раёны горада з’яўляюцца папраўдзе спальнямі, якім не хапае дамоў культуры ці басейнаў. Звярнуў ён увагу, што адсутнічаюць камунікацыі, якія б дазвалялі збяднелым людзям ездзіць у супермаркеты за таннейшымі пакупкамі. Таксама Пётр Хомік, які балаціруецца з другога месца, заявіў патрэбу адмены вонкавага іміджу Беластока, які цяпер бачыцца своеасаблівай культурнай пустыняй.

Малгажата Борыс, якая адкрывае спісак БВК ад акругі н-р 5, што ахоплівае заходнія кварталы Беластока, з’яўляецца архітэктарам і займаецца добраўпарадкаваннем прасторы. Спявае яна ў царкоўным хоры і піша іконы. Выказала яна патрэбу энергічнейшага заахвочвання інвестараў. Звярнула таксама ўвагу на кволыя паслуговыя цэнтры і на тое, што школы-гіганты дрэнна выконваюць адукацыйную ролю.

Беларускі выбарчы камітэт вылучыў свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта горада Беластока — з’яўляецца ім прафесар Антон Мірановіч. У сваім выступленні ён сказаў:

— Мая праграма скіраваная да ўсіх жыхароў горада і праблемы меншасцей не з’яўляюцца маім найважнейшым прыярытэтам. Васьмігадовая прысутнасць у Радзе горада дазволіла мне пазнаёміцца са шматлікімі яго праблемамі. Адной з галоўных з’яўляецца беспрацоўе і змагацца з ім трэба сканцэнтраванымі дзеяннямі супольна з ваяводскімі ўладамі. Трэба не толькі прыцягваць інвестараў, але і падтрымліваць іх. У міжнародных кантактах нельга спыняцца на фармальным супрацоўніцтве, так як цяпер з Дыжон ці Мілуокі, але ісці на эканамічнае, так як гэта сталася з Псковам, што ўжо дае вынікі. Для паспяховага прыцягнення замежных сродкаў патрэбная кадравая перабудова, каб чыноўнікі ўмелі абыходзіцца з новымі працэдурамі. Сам Беласток павінен стаць горадам добрых суседзяў, а яго разнароднасць трэба паказваць як наша багацце, наш козыр. Улады горада не могуць быць заложнікамі ніякіх палітычных груповак: ні левых, ні правых, а сама праграма павінна быць рэальная для яе рэалізацыі ў адзін тэрмін — чатыры гады. Важнай задачай для горада становіцца пабудова кальцавой дарогі, бо неўзабаве Беласток можа стаць транзітным горадам у адмоўным сэнсе. Трэба ў Беластоку ствараць прыметы вялікага цэнтра, як у гарадах з багатай гістарычнай традыцыяй. Многія цьмяныя культурныя мерапрыемствы трэба аб’яднаць у адно, якое б праслаўляла горад. У стане бяспекі грамадзян заўважаецца невялікая паправа, але трэба надалей развіваць тэленагляд, патрулі, зладжваць дзеянні праваахоўных органаў. У галіне асветы трэба мяняць напрамак з націску на эканамічную функцыю школ-гігантаў на падтрымку меншых школ больш спрыяльных адукацыі.

Пасля выступлення Антона Мірановіча журналісты паставілі яму некалькі пытанняў.

Ці існуе праваслаўна-беларускі электарат?

Існуе, але не меў ён альтэрнатывы, бо яго прыбралі галоўныя палітычныя сілы. Большасць галасоў аддаваў ён на карысць СЛД, шмат на Унію вольнасці (UW) і Грамадзянскую дамову (PO) або на лакальныя, або гаспадарчыя групоўкі. Беларускі электарат не з’яўляецца маналітам — ёсць тут і левыя, і правыя, і хадэцкія прыхільнікі.

Ці спатрэбіцца радыкалізацыя выбарчай кампаніі?

Так было ў час усіх выбараў, але так не мусіць быць. Наша праграма канструктыўная, дзеля супольнай будучыні. У бруталізацыю не будзем умешвацца.

Хочаце забраць галасы СЛД?

Частка іх электарату падтрымае нашых кандыдатаў, але не толькі ім думаем забраць галасы.

Ці будзеце альтэрнатывай „меншасным” кандыдатам СЛД?

Мы не хочам, каб палітычныя партыі абмяжоўвалі дзейнасць нашых прадстаўнікоў. Мы за супрацоўніцтва, а не за падпарадкаванне.