Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Перамога апошняя ці першая?

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Адной з найбольш важных падзей грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі за прайшоўшы верасень можна без перабольшвання назваць апошні з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прайшоўшы ва ўмовах беспрэцэдэнтнага нават за савецкім часам, заняпаду беларушчыны, ён усяліў ва многіх надзею на яе адраджэнне.

Сама падрыхтоўка да з’езда, які стаў 14-м нечарговым, насіла ў сабе як рысы трагізму, пачуцця бязвыхаднасці, так і адчуванне, так бы мовіць, апошняга бастыёна. Таго бастыёна, страта якога ставіць пад вялікі сумнеў не толькі вартасць беларускай дзяржавы, а і вартасць тых, каго дагэтуль называюць беларускім народам.

Каб зразумець, што маецца на ўвазе, трэба папросту ўзгадаць падзеі гэтага, яшчэ не мінуўшага года. Самыя, бадай, асноўныя з унутранага грамадскага жыцця Беларусі краналіся „падмінаннем” аўтарытарнай лукашэнкаўскай уладай пад сябе Федэрацыі прафсаюзаў, утварэння адзінай праўрадавай маладзёжнай арганізацыі, стварэння неаднолькавых умоў існавання розным рэлігійным канфесіям, аддаючы пры гэтым перавагу Праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату і, канешне ж, невядомага раней у Беларусі пераследу журналістаў-іншадумцаў. Таму нашумелая прапанова расійскага прэзідэнта Пуціна і ўспрымалася многімі, як нейкі рубікон на шляху знікнення беларускай краіны як паўнавартаснай дзяржавы.

Улада, відаць, імкнулася паставіць сабе на службу і тых, каго, пры ўсёй існуючай непавазе да беларускага слова, яшчэ лічаць носьбітамі не толькі літаратуры, але і атаясамляюць з высокімі маральнымі якасцямі.

„Поэт в России, больше чем поэт”. Тое ж можна аднесці і да Беларусі. Менавіта літаратару — пісьменніку ці паэту — народ давярае. Давярае на нейкім падсвядомым узроўні. Магчыма, тут штосьці ад даўняй павагі да кнігі, тым больш да таго чалавека, які здолеў яе напісаць. Ён папросту не ўяўляецца істотай звычайнай, якую сустракаеш штодня, бо літаратар у Беларусі не можа думаць катэгорыямі паўсядзённай мітусні, патрабаваннямі канкрэтнага моманту. Гэтым ён, ва ўсведамленні звычайнага грамадзяніна, мае нешта „не ад свету гэтага”. Пісьменнік, нібы асуджаны на нейкія незразумелыя перажыванні і, таму ён, нібы мусіць ведаць тое, чаго па складзе свайго мыслення не могуць ведаць усе астатнія. Па гэтай прычыне сапраўдны беларускі літаратар ні ў якім разе не можа адчувацца як чалавек, які толькі мае здольнасці цікава выкладаць на паперы свае думкі і такім чынам становіцца вядомым, зарабляючы пісьменніцкай працай сабе на жыццё, а ёсць персонай, што лічыцца калі не сумленнем нацыі, то, па меншай меры, часткай гэтага самага сумлення.

Менавіта такі фактар дзеля больш поўнага ўплыву на грамадства спрабавала выкарыстаць лукашэнкаўская ўлада. Спачатку існаванне адзінага Саюза было пастаўлена пад пагрозу. Распрацоўваліся шляхі стварэння паралельнай усебеларускай пісьменніцкай арганізацыі, у якую б не ўвайшлі праявіўшыя сваю апазіцыйнасць літаратары. Важнейшай спасылкай на гэта стала неўспрыманне цяпер ужо былога старшыні Саюза Вольгі Іпатавай некаторымі ўстаўшымі на пралукашэнкаўскія пазіцыі пісьменнікамі. Але, відаць добра пралічыўшы, людзі ў высокіх крэслах прыйшлі да высновы, што такім чынам пісьменнікі-апазіцыянеры створаць свой новы саюз, у які, па ўсёй верагоднасці, увойдзе добрая жменя не толькі ўсебеларуска, але і сусветна вядомых майстроў пяра. Таму „даць бой” было вырашана на няхай сабе нечарговым, але адзіным з’ездзе. І ў выніку прысутныя на мерапрыемстве тры міністры — інфармацыі, культуры і друку адчулі на сабе ўвесь гнеў, вобразна кажучы, пакрыўджанай беларушчыны. Вольга Іпатава заявіла аб тым, што дэмакратычны пісьменнік не можа супрацоўнічаць з сённяшняй беларускай уладай. Генадзь Бураўкін закляйміў ганьбай тых, хто атрымоўвае прэміі з віртуальнай дзяржавы — Саюза Беларусі і Расіі, „рэальнае стварэнне якой непазбежна цягне знікненне нашай Радзімы”. Знаходжанне ў эміграцыі Васіля Быкава гаворыць само за сябе.

„Прадзяржаўным” пісьменнікам кшталту Эдуарда Скобелева, які не так даўно рэкамендаваў не друкаваць творы Быкава, Бураўкіна, Гілевіча і Законнікава, бо, маўляў, яны ўжо нічога вартага не створаць, заставалася ў чарговы раз распавядаць аб гістарычным значэнні для Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Тут варта пагадзіцца з тым, што сёння ў Беларусі многае значыць асоба. І, магчыма, таму ад выніку галасавання па кандыдатурах на пасаду старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў залежыла ацэнка якасці гэтай арганізацыі. Тыя, хто называе сябе дэмакратамі, перамаглі. На пасаду старшыні быў абраны іх вылучэнец 30-гадовы празаік Алесь Пашкевіч. Аналізуючы яго першыя пасля абрання інтэрв’ю, трэба прызнаць, што ён слушна разумее сваю пасаду як каардынатара дзейнасці арганізацыі.

Нельга спадзявацца, што лукашэнкаўская ўлада пакіне спробы падпарадкаваць сабе пісьменніцкае аб’яднанне. Але зрабіць на даны момант гэта будзе цяжка, бо нават у Раду — кіруючы орган СБП, не ўвайшоў ніводзін з яе прыхільнікаў.