Ніва № 41 (2422), 13 кастрычніка 2002 г.

Я ўжо не празорца

Размова з бурмістрам Бельска-Падляшскага Андрэем СЦЕПАНЮКОМ.

Што з задуманага Вамі не ўдалося?

— Большасць таго, што я хацеў зрабіць, выканана. А найбольш сур’ёзнай праблемай, якой не ўдалося рашыць, з’яўляецца беспрацоўе. Не ўдалося нам прыцягнуць больш новых інвестараў, якія б стварылі новыя месцы працы.

Ці ў Бельску ёсць база для такіх інвестыцый?

— Ёсць. Па-першае, маем месцы пад прамысловую інфраструктуру і, па-другое, маем многа спецыялістаў, якія працавалі б за меншыя чым у іншых мясцовасцях грошы. І калі б паявіліся ў нас інвестары, яны маглі б разлічваць на падаткавыя льготы з боку нашай самаўправы.

Якую дзейнасць маглі б развіваць у Бельску патэнцыяльныя прадпрымальнікі?

— Мне пра гэта цяжка судзіць. Для прыкладу фірма „Anatol Polska”, якую каля пяці гадоў таму заснаваў у нас выхадзец з Гайнаўшчыны ў ЗША, вырабляе механічныя прылады для амерыканскага рынку. Напэўна недастаткова выкарыстана блізкасць усходняй граніцы, але тут патрэбны і спрыяльны клімат з другога боку тае мяжы.

З якімі справамі прыходзяць да Вас наведвальнікі?

— Прыходзяць з усімі справамі: ад тых, што шукаюць працу па тых, якія хадайнічаюць за рознамаштабныя падаткавыя льготы. Калі справы ў нашай кампетэнцыі, тады я кірую наведвальнікаў да адпаведных чыноўнікаў або высвятляю справу сам. Заўсёды намагаемся сур’ёзна і станоўча ставіцца да спраў наведвальнікаў.

А што Вам удалося?

— Мы праклалі шмат санітарнай каналізацыі; будзе гэтага недзе пад дваццаць кіламетраў. На вуліцах, дзе пракладаем каналізацыю, мадэрнізуем адначасова і водаправоды, а пасля кладзем і новае дарожнае палатно — найчасцей асфальт або брусчатку; гэта ў першую чаргу робім у старэйшых кварталах горада. Была завершана пабудова гарадской кацельні і распачата пабудова гарадскога басейна.

А ў культурнай сферы?

— Мы вярнулі Дні Бельска-Падляшскага, дзе паказваем нашы культурныя дасягненні. Запрашаем на іх гасцей звонку, каб гэта мерапрыемства было адначасна і прамоцыяй нашага горада. Дапамагаем фінансава — праз пасрэдніцтва Бельскага дома культуры — шматлікім ансамблям: польскім, беларускім і ўкраінскім. Вялікую ўвагу адводзім згаданаму Бельскаму дому культуры і Гарадской бібліятэцы.

Якая ў Вас карціна будучыні Бельска-Падляшскага?

— Я ўжо не празорца. Мару пра тое, каб у Бельску паўстала фірма, якая дала б працу многім жанчынам, бо яны намнога больш чым мужчыны пакутуюць ад беспрацоўя. Хацелася б таксама, каб не было праблемаў з каналізацыяй і вуліцамі, каб людзі не хадзілі па балоце ў заселеных кварталах. І яшчэ, каб наша моладзь пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў хацела вяртацца ў Бельск і тут праводзіць сваё далейшае жыццё.

Як Вам складваецца супрацоўніцтва з Гарадской радай?

— Рашэнні Рады трэба рэалізаваць, бо Рада зацвярджае бюджэт. Бюджэт рыхтуем з улікам прапаноў грамадзян горада.

Як грамадзяне Бельска-Падляшскага могуць уздзейнічаць на гарадскі бюджэт?

— Мы даем інфармацыю пра адкрытую перадбюджэтную сесію, на якую можа прыйсці кожны жыхар нашага горада і выказаць там свае меркаванні.

Усё ж такі частка радных пакідае кааліцыю з вамі. Чым Вы іх угнявілі?

— Здаецца, што я рабіў усё, каб Бельская кааліцыя трымалася. Мая „віна” можа ў тым, што я папросту ёсць і камусь перашкаджаю ў спаўненні яго асабістых амбіцый.

А што Вы скажаце нашым чытачам ад сябе?

— Я перакананы, што сённяшні крызіс праз нейкі час скончыцца і Бельск надалей мае шанц быць адным з важнейшых гарадоў у нашай частцы Падляшскага ваяводства. Толькі трэба менш сварыцца, а больш спраў рабіць супольна дзеля ўсіх жыхароў і дзеля сябе.

Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксандр ВЯРБІЦКІ