Ніва № 40 (2421), 6 кастрычніка 2002 г.

На Галавасека ў Шчытах

Міхал МІНЦЭВІЧ

11 верасня Праваслаўная царква ўшаноўвае дзень пакутніцкай смерці Іаана Хрысціцеля. Гэтае свята, якое ў народзе называюць Галавасекам, асабліва ўрачыста адзначаецца ў Шчытах-Дзенцялове. У тамашняй царкве Усячэння галавы св. Іаана Хрысціцеля штогод збіраюцца сотні вернікаў з мясцовага і суседніх прыходаў. Сёлета гэты дзень адзначаўся ў Шчытах асабліва ўрачыста — прыход наведаў Бельскі епіскап Грыгорый. Цёплае надвор’е, нягледзячы на моцныя парывы ветру, прыцягнула многіх цукерачнікаў, якія сёлета — упершыню — расставілі свае ларкі не ўздоўж шашы, але на прасторным пляцы побач царквы.

Каля дзесятай гадзіны раздаліся званы і хрэсны ход з удзелам святароў з суседніх прыходаў выйшаў сустрэць уладыку. Немалая шчытоўская царква не памесціла ўсіх вернікаў і шмат іх запоўніла пляц вакол храма, а некаторыя — гэта характэрна для Шчытоў — падаліся на мяжуючыя з храмам могілкі, дзе некалькіх святароў асвячалі магілы.

Ад года айцец мітрат Міхал Лукашук ужо на заслужанай пенсіі, і абавязкі шчытоўскага настаяцеля выконвае яго зяць а. Ян Сцепанюк. Бацюшка Лукашук вельмі шанаваны ў сваім прыходзе з-за ягонай сціпласці. Ён не цураўся ніякай працы ў карысць прыхода, напрыклад, асабіста прыбіраў могілкі ці будаваў плябанію.

— Стары бацюшка даўжэй гаварыў пропаведзь і больш зразумела, — сказала мне адна пажылая прыхаджанка з Крывой. — Ён пабудаваў драўляную плябанію, у якую ўвайшоў новы настаяцель. Калі зрэзвалі старыя хвоі на акраіне могілак, то бацюшка сам закінуў вяроўку і першы ўвайшоў на хвою. Маладыя баяліся, а ён палез; тады набралі смеласці і маладыя. Каторая хвоя гадзілася для пабудовы, а каторую прадавалі і куплялі драўніну. Найперш паставілі гаспадарчы будынак, дзе складвалі матэрыял на плябанію; пасля паставілі плябанію. І гэты малады таксама парадак трымае, у царкве парадак і чысціня, кветкі стаяць. Гміна навезла крыху зямлі, выраўняць пляц каля плябаніі.

Хто звоніць? У нас ёсць такія дзеці, што ўжо звоняць на службу; звоніць таксама стараста з Галадоў, — тлумачыць жанчына.

Каля брамы ў храм і на прыцаркоўным пляцы многа духоўных і свецкіх асоб са скарбонкамі, якія збіралі грошы на царкоўныя пабудовы. Пад цвінтарным мурам маладая цыганка (мне сказала, што яна з Малдовы) на каленях, з тэкстам на картачцы; людзі на яе быццам не звярталі ўвагу.

Каля званіцы некалькі сталоў з багатай культавай прапановай: іконкамі, крыжыкамі, кніжкамі, якія прадаюць манашкі з Беларусі і Украіны.

— Мы з манастыра каля Роўнага, — сказала мне адна з іх. — Наш манастыр існуе ад дзевяці гадоў; там мы молімся. Вядзем вялікі агарод, самастойна выконваем усе будаўнічыя і іншыя працы, шыем, спяваем. Час ад часу прыязджаем сюды, бо тут многа знаёмых, якія бывалі ў нашым манастыры. Летам працуем тут у людзей пры збіранні трускалак. Працуем, каб крыху адбудаваць наш манастыр, які дзевяць гадоў таму быў вернуты нам у жахлівым стане. Перад намі многа працы, але не трацім надзеі. Дзякуем мітрапаліту Саву, епіскапам Грыгорыю і Іакаву ды ўсім бацюшкам, якія час ад часу дапамагаюць нам.

Маладая манашка паспяшала ў царкву, бо матушка прасіла, каб яна сваім спевам дапамагла царкоўнаму хору.

Свята, пасля святой літургіі, закончыў таксама ўрачысты хрэсны ход вакол храма.