Ніва № 40 (2421), 6 кастрычніка 2002 г.

Увальненні ў „Гамеху”

Аляксей МАРОЗ

Дырэкцыя Машыннага прадпрыемства „Гамех” у Гайнаўцы ўручыла ўвальненні трэцяй частцы працоўнага калектыву прадпрыемства, які ў канцы жніўня састаўлялі 202 асобы. Пасля кансультацый з прафсаюзамі ўправа рашылася паменшыць колькасць звольненых з 73 да 69.

„Гамех” задоўжаны ў банках, прадпрыемствах і публічных установах на 6 мільёнаў злотых. Доўг гэты састаўляе вартасць паўгадовай вытворчасці прадпрыемства. У чэрвені ў Гаспадарчым судзе ў Беластоку складзена было прашэнне аб адкрыцці судовага пагадняльнага працэсу з крэдыторамі прадпрыемства „Гамех”. У ліпені судовы выканаўца Раённага суда ў Бельску-Падляшскім у час аўкцыёна прадаў 31 штуку сродкаў транспарту, пакідаючы толькі 9 неабходных для існавання прадпрыемства машын.

— Будучыня прадпрыемства будзе залежаць ад некалькіх спрыяючых акалічнасцей. Зараз мы размаўляем з банкамі ў справах сплаты крэдытаў і з адным банкам ужо ўступна дамовіліся ў гэтай справе. Памяншэнне публічнай запазычанасці залежаць будзе ад прымянення ў нашым прадпрыемстве плана Гжэгажа Калодкі. Нават з гэтым планам не ўвесь наш публічны доўг можна будзе ліквідаваць, некаторую задоўжанасць трэба будзе сплачваць самім, — заяўляе дырэктар прадпрыемства „Гамех” Бернард Жылік. — Ці хочам гэтага, ці не, патрэбная прыватызацыя прадпрыемства, для існавання якога неабходны дадатковы капітал. Калі б не было даўгоў, „Гамех” мог бы існаваць як дзяржаўнае прадпрыемства. У выпадку задоўжанасці я не думаю, што нашы крэдыторы захочуць доўга чакаць, пакуль мы самі будзем выплачваць даўгі. Калі будуць ахвотныя прымаць удзел у прыватызацыі прадпрыемства інвестары, будзе яна ажыццяўляцца.

Зараз працаўнікі атрымалі зарплаты за ліпень, частку грошай за жнівень. Выплачваецца ператэрмінаваная плата за сакавік. Падпісаны новыя дамоўленасці на продаж вытворчасці замежным (краіны былога Савецкага Саюза) і польскім прадпрыемствам. Асноўнымі вырабамі „Гамеху” будуць устаноўкі для спальвання драўляных адкідаў, розныя віды сушыльняў і запасныя часткі для іх. Дрэваапрацоўчыя станкі, якім цяжка знайсці збыт, будуць вырабляцца толькі на канкрэтныя заказы. На зломе 2002 і 2003 гадоў прадпрыемства плануе атрымаць невялікія даходы. Зараз падпісаны заказы на больш за трохмесячную прадукцыю, якая можа ажыццяўляцца дзякуючы сродкам з задаткаў, якія банкі дазволілі выкарыстаць на вытворчасць.

Дырэктар Бернард Жылік паведамляе, што папярэдняе кіраўніцтва прадпрыемства брала крэдыты на вытворчасць з 1998 года. Яны штогод аднаўляліся на зломе зімы і вясны, а фінансавыя цяжкасці паявіліся ў 2001 годзе. Іх прычынай была вытворчасць машын, на якія не было збыту.