Ніва № 40 (2421), 6 кастрычніка 2002 г.

Страйкаваць ці вырашаць?

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Верасень гэтага года для Беларусі стаў характэрным адным з самых моцных пратэстных выступленняў прыватных прадпрымальнікаў. Будучы сведкам растучай актыўнасці гэтага, яшчэ 15 гадоў таму не існаваўшага слою грамадства, нельга не канстатаваць яго глыбокую раздробленасць.

Пачынаючы з 1 верасня лідэры прадпрымальніцкіх прафесійных аб’яднанняў заявілі аб правядзенні бестэрміновга страйку. Мэтай яго правядзення бачылася не толькі дасягненне паслаблення падатковага прэсу і адмены рашэння аб абавязковасці наяўнасці касавых апаратаў, але і правядзенне „круглага стала” з уладамі, каб растлумачыць апошнім усю цяжкасць гандлярскай долі.

Аналізуючы мінулыя падзеі, варта адзначыць, што збольшага было дасягнута толькі пасяджэнне разам з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Але адразу пасля гэтак званага „круглага стала” прадпрымальнікі заявілі аб яго неэфектыўнасці. Што, дарэчы, лёгка зразумець, бо за гэты самы стол прыйшлі пасядзець не міністры ці віцэ-прэм’еры, ні, канешне ж, адмыслова запрошаны Аляксандр Лукашэнка, а чыноўнікі такога рангу, ад якіх залежыць хіба толькі нагляд за выкананнем даручэнняў сваіх босаў. Гэтыя самыя намеснікі міністраў, уважліва выслухаўшы ўсё, што казалі лідэры прадпрымальніцкага руху, шчыра заявілі, што яны не ў стане дабівацца пазітыўнага водгуку з боку вышэйшай улады на гандлярскія патрабаванні і, тым болей, паўплываць на змену ці адмену не надта лагодных да бізнесоўцаў прэзідэнцкіх указаў. Такім чынам прадстаўнікі прэзідэнцкай вертыкалі яшчэ раз падкрэслілі, што кіраванне ўнутранай палітыкай у Беларусі ідзе не праз раней зацверджаныя законы, а праз дэкрэты аднаго чалавека, улады ў якога як у былых расійскіх імператараў.

Здаецца, што пасля такога „круглага стала” дробным прадпрымальнікам варта было б зразумець, што яны не ёсць тым слоем сённяшняга беларускага грамадства, да якога, па меншай меры, з павагай ставіцца лукашэнкаўская адміністрацыя. Тым не менш страйк працягваўся каля 10-12 дзён (у розных рэгіёнах па-рознаму). Яго выдатным чыннікам магло б стаць перарастанне ў палітычны страйк, які спрабаваў наладзіць так званы Беларускі страйкавы камітэт прадпрымальнікаў 11 верасня. Але чаго не адбылося, таго не адбылося, бо гэты самы страйкам ёсць канкурэнтам у адстойванні інтарэсаў дробных гандляроў да іншай структуры — Аб’яднанай Радзе прадпрымальнікаў. Таму калі першыя не далучыліся да пачатага з 1 верасня страйку з эканамічнымі патрабаваннямі, то другія адмовіліся падтрымаць аднадзённы палітычны страйк, лічачы, што кіраўнікі канкурэнтнай арганізацыі спрабуюць „на іх карку” прыдбаць палітычныя дывідэнды. У выніку не атрымалася ні ў тых, ні ў другіх. Так званы бестэрміновы эканамічны страйк паціху згас, а іскры палітычнага ўспыхнулі толькі там-сям у некаторых буйных гарадах.

З 1 кастрычніка Аб’яднаная Рада прадпрымальнікаў зноў абвяшчае аб правядзенні яшчэ аднаго бестэрміновага страйку зноў з вышэй апісанымі эканамічнымі патрабаваннямі. Да страйку з таго ж дня напрыканцы жніўня заклікаў і Беларускі страйкам прадпрымальнікаў. Ці здолеюць яны насамрэч выступіць разам, пакуль сказаць цяжка. Але здаецца, што лідэрам дробных гандляроў варта пачаць усведамляць, што звычайны класічны страйк, калі прадпрымальнік не працуе, наносіць большую шкоду яму самому, бо да яго не вяртаюцца ўкладзеныя ў тавар грошы. Існуючая канкурэнцыя ў прадпрымальніцкім руху таксама наносіць велізарную шкоду і не дае магчымасці кансалідавацца, што на руку агульным для іх праціўнікам.

Таму, магчыма, „круглыя сталы” для выпрацоўкі агульных і кансалідаваных дзеянняў варта праводзіць сярод прадпрымальніцкіх актывістаў. Тады і ўзнікне рэальны шанц прымусіць прыслухацца да сваіх праблем тых, ад каго залежыць дабрабыт грамадства і хто існуе за кошт падаткаў, у тым ліку і з гандляроў.