Ніва № 40 (2421), 6 кастрычніка 2002 г.

Надзея ў заставе

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Чарговыя дзве пагранзаставы будуць адкрыты на Беласточчыне: 11 кастрычніка ў Дубічах-Царкоўных, а 19 кастрычніка — у Міхалове. Мясцовыя ўлады спадзяюцца на прысутнасць на ўрачыстасці прадстаўнікоў цэнтральнай улады. Нявыключана, што міністра замежных спраў, а, можа, і самога прэм’ера. Пры нагодзе пабудовы і адкрыцця пагранзастаў, асабліва ў Дубічах, як і раней у Нараўцы, вярнулася справа заставы ў Пуньску, мясцовасці, населенай у значнай большасці літоўцамі. Як войт Пуньска, так і старшыня Саюза літоўцаў у Польшчы ўвесь час лічаць, што функцыянаванне пункта Памежнай стражы якраз у Пуньску між іншым парушае яе нацыянальную тканку. Ні на што здаліся пратэсты і просьбы перанесці пагранзаставу некалькі кіламетраў далей. Глухія на гэтыя пастулаты былі аднолькава як правы ўрад Ежы Бузка, так і цяперашні левы — Лешка Мілера (дарэчы: літоўцы ў самаўрадавых выбарах ідуць разам з СЛД; ці ўзамен за перасоўку пагранзаставы?).

Тым часам у беларускіх Дубічах-Царкоўных з заснавання пагранзаставы цешацца, прынамсі войт:

— няма праблемы з мяшаннем крыві, ніякага скрыгату на нацыянальным фоне...

— людзі цешацца, бо дзейнасць пагранзаставы гэта выключна карысці, якія жыхары Дубіч могуць мець, — падтаквае маёр Бацяняк з прэсавага бюро Падляшскага аддзела Памежнай стражы.

Якія карысці? Дубіцкі войт пералічвае:

— Будуць занятыя на працы ў пагранзаставе цывільныя асобы, жыхары з тэрыторыі нашае гміны, так, каб былі ўвесь час у распараджэнні. Пункт продажу можа расшырыць сваю дзейнасць. Школа можа мець дадатковыя датацыі звязаныя з магчымай адукацыяй у ёй дзяцей пагранічнікаў... На адно дзіця, якое вучыцца ў новай школе атрымліваем 5,5 тыс. зл. у год.

Як кажа маёр Бацяняк, у пагранзаставе ў Дубічах (як і ў Міхалове) мае працаваць чалавек па 30. Толькі некалькі пагранічнікаў прыедзе з сем’ямі. Рэшта — у асноўным маладыя службовыя асобы-кавалеры.

— Можа, знойдуць тут дзяўчат... Мабыць, пабольшыцца ў нас колькасць жыхароў... — марыць войт.

Аднак, найбольшая надзея ва ўзросце актыўнасці, звязаным з рынкам працы. Дарэмная гэта, аднак, надзея. Маёр Бацяняк прызнаецца:

— Прымем на працу адну, можа, дзве цывільныя асобы. Прыбіральшчыцу, можа, стоража.

Да таго гміна ўжо ўклала свае выдаткі звязаныя з пагранзаставай. Як кажа войт, „гміна дала сваё ў рамках супрацоўніцтва”. Бясплатна перадала Памежнай стражы гектар зямлі пад будынак пагранзаставы і даклалася ў значнай частцы (таямніца, у як значнай) у будову шчыльнай каналізацыйнай сістэмы.

— Гэта — у рамках супрацоўніцтва, — усё падкрэслівае войт. — А на ўрачыстасць адкрыцця запрошаны прэм’ер.

Пункт Памежнай стражы ў Дубічах адкрываецца на два тыдні перад самаўрадавымі выбарамі (у Міхалове — тыдзень да выбараў).

— Прэм’ер, калі прыедзе, дык, мабыць, у Міхалова, — мяркуе маёр Бацяняк.

У Дубічах апошні візіт на самых высокіх прыступках улады адбыўся ў час улады Цімашэвіча, які ў прэзідэнцкую кампанію наведаў іх з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Кваснеўскім. Абодва пазіралі на абязлюднелыя дамы вакол мясцовага вадасховішча, дасюль — як і пагранзастава — надзеі на лепшае заўтра гміны.