Ніва № 39 (2420), 29 верасня 2002 г.

Забытая спадчына

Віталь ЛУБА

Час ад часу нават, здавалася б, разумныя людзі выказваюць публічна меркаванне, што праваслаўе ў нас — вынік царскага тут панавання. І не дапускаюць яны думкі — з-за прадузятасці або невуцтва — аб тым, што праваслаўе на тэрыторыі паміж Бобрай і Нарвай з’явілася ў ХІІІ стагоддзі, калі першыя праваслаўныя пасяленцы добраўпарадкоўвалі пушчу, засноўвалі гарады і сёлы, будавалі цэрквы і манастыры.

Праваслаўе ў Рэчы Паспалітай не карысталася падтрымкай дзяржаўных улад. Брэсцкая унія канчаткова вырашыла аб адносінах паміж вернікамі Усходняй і Заходняй цэркваў, поўнасцю падпарадкавала праваслаўных вернікаў рымскаму папу, паставіла іх у залежнасць ад дзяржаўных улад. Давяло гэта да рэлігійных войнаў, казацкіх паўстанняў, паслаблення сувязей рускага насельніцтва з Рэччу Паспалітай.

Унія мела быць памостам, які вядзе вернікаў усходняга абраду ў Каталіцкі касцёл. Вялікую ролю ў наварочванні „схізматыкаў” на Падляшшы адыгралі ордэны бернардзінцаў і дамініканцаў у Красным Стоку, Тыкаціне і Клімаўцы.

У 1839 г. дайшло да ўз’яднання уніятаў з праваслаўем. Грэка-каталіцкая царква апынулася ў складанай сітуацыі і магла яна або растварыцца ў Рымска-каталіцкім касцёле, або быць далучанай да Праваслаўнай царквы.

Пераломным момантам у гісторыі праваслаўных прыходаў была І сусветная вайна. Пасля яе заканчэння становішча Царквы дыяметральна памянялася. Многія цэрквы былі адабраны і перароблены на каталіцкія касцёлы, іншыя падвяргліся разбурэнню. Гэтыя дзеянні былі вынікам моцнага імкнення сцерці сляды расійскага панавання, пазбавіцца царскіх памятак. Аднак сцерці сляды праваслаўя не ўдалося. Некаторыя касцёлы сваім вонкавым выглядам напамінаюць, што ўсходні абрад не быў тут чужым.

У віры падзей шматлікія праваслаўныя прыходы спынілі дзейнасць. Сёння аб іх існаванні прыгадвае нядаўна выдадзеная кніжка айца Рыгора Сасны і матушкі Антаніны Троц-Сасны Забытая спадчына. Аўтары прадстаўляюць гісторыю праваслаўных прыходаў (аб некаторых пісалі мы ў „Ніве”) у Аўгуставе, Багушэве, Волкушы, Высокім-Мазавецкім, Граеве, Гадышэве, Даўспудзе, Кароліне, Карповічах, Клімаўцы, Кнышыне, Кольне, Краснаборы, Краснастоку, Кусціне, Лапах, Ліпску, Ломжы, Панарліцы, Рачках, Рудаўцы, Рыгалаўцы, Сейнах, Сідэрцы, Скяблеве, Страблі, Сувалках, Суражы, Штабіне і Шудзялаве. Паасобныя артыкулы багата ілюстраваны здымкамі, пералічваецца духавенства і апекуны цэркваў, прыводзіцца літаратура і, пры наяўнасці, статыстычныя даныя аб хрышчэннях, шлюбах і пахаваннях ды ў якасці дадатка — вытрымкі з архіўных дакументаў.

Апісваючы не існуючыя ўжо цэрквы і прыходы ўсходняга абраду ў басейне рэк Бобры і Нарвы цяперашняга Падляшскага ваяводства, айцец Рыгор Сасна і матушка Антаніна Троц-Сасна прыгадваюць ролю, якую яны адыгралі ў гісторыі Праваслаўнай царквы. „Пішам аб гэтым, — адзначаюць аўтары, — каб памяць аб колішніх прыходах не загінула, а публікацыі не скажалі праўду. Праваслаўе на землях у басейне Нарвы, Бобры і Нёмана развівалася з самых ранніх часоў і не з’яўляецца рэліктам царскага тут панавання”.

o. Grzegorz Sosna, m. Antonina Troc-Sosna, Zapomniane dziedzictwo. Nie istniejace juz cerkwie w dorzeczu Biebrzy i Narwi, Bialystok 2002, ss. 320.