Ніва № 39 (2420), 29 верасня 2002 г.

Свабодная прэса — галоўны чыннік росквіту дзяржавы

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Штогод восенню ў Варшаве Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе праводзіць адмысловыя сустрэчы з мэтай выяўлення і абмеркавання праблем, што стаяць на шляху ўсталявання дэмакратыі у краінах, якія з’яўляюцца сябрамі гэтай міжнароднай арганізацыі. Гэтым разам Канферэнцыя па чалавечым вымярэнні праходзіла з 9 па 19 верасня.

Адно з пленарных пасяджэнняў было прысвечана аналізу праблемы парушэнняў свабоды слова на абшары АБСЕ. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны як урадавыя колы, так і няўрадавыя арганізацыі, кшталту журналісцкіх і праваабарончых аб’яднанняў. Менавіта такі склад удзельнікаў надаў мерапрыемству не толькі вастрыню абмеркавання, але і ўвогуле падкрэсліў яго неабходнасць. Бо цяжка ўявіць, каб прадстаўнікі дзяржаўных структур распавядалі аб тых канкрэтных праблемах, што стаяць перад журналістамі падчас адшукання, атрымання і прадастаўлення інфармацыі на суд грамадства. Часцяком перашкодай у свабодным выяўленні думкі журналіста і выканання яго прафесійнага абавязку стаяць праўрадавыя колы.

Канешне, вышэйзгаданае ў многім тычыцца краін Цэнтральнай Еўропы і СНД, якія, як прызнавалі самі дыпламаты, яшчэ толькі нядаўна ўсталі на шлях дэмакратыі і шлях гэты аказаўся не такім ужо лёгкім і бестурботным.

Але адрозненне паміж згаданымі геаграфічнымі часткамі Еўразіі даволі адметнае. Пра праблемы свабоды слова і ціску на журналістаў распавядалі самі прадстаўнікі дзяржаў былых сатэлітаў СССР, прызнаючы, што незацікаўленыя ў аб’ектыўным асвятленні падзей асобы, часцяком выкарыстоўваюць нават забойствы журналістаў. У той жа час грамадскую думку ад найбольш важных грамадска-палітычных падзей адводзіць так званая „жоўтая прэса”, матэрыялы якой усё больш і больш пранікаюць на старонкі сур’ёзных раней газет. Тым самым знікае розніца паміж аўтарытэтным для людзей выданнем і бульварным чытвом.

Аб праблемах, што стаяць перад журналістамі былога СССР, распавядалі, у асноўным, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый. „Дзяржаўным” людзям прыходзілася большай часткай апраўдвацца.

Калі кранацца непасрэдна рэгіёнаў былога Савецкага Саюза, то журналістаў рускамоўнай меншасці Прыбалтыкі хвалюе памяншэнне там колькасці рускамоўных СМІ. Але здаецца, што тут сітуацыя можа выправіцца, калі браць пад увагу імкненне краін Прыбалтыкі да Еўрасаюза, дзе адной з умоў уваходу — падтрымка дзяржавай нацыянальных меншасцей.

Стаўленне да СМІ ў Закаўказзі, а менавіта ў Арменіі і Азербайджане, у многім падобнае на стаўленне ў іншых краінах СНД, ускладняецца яшчэ і пранікнёным шавінізмам у адносінах адзін да аднаго. Усім вядома, што гэтыя дзве былыя савецкія рэспублікі яшчэ восем гадоў таму ваявалі паміж сабой. Ды і зараз іх адносіны больш падобныя на „халодную вайну”, чым на зацверджаныя асновавызначальнымі дакументамі Садружнасці прынцыпы добрасуседства і супрацоўніцтва.

Што ж тычыцца сярэднеазіяцкага рэгіёна і Беларусі, то сітуацыя ў іх мае столькі падабенства, што здаецца, у апошняй з моманту ўзнікнення рыс народнасці панавалі азіяцкія ханы і султаны. Прадстаўнікі з гэтай суседскай Польшчы краіны выступалі горача і эмацыйна, спрабуючы перадаць усю сутнасць праблем удзельнікам сходу. Амаль у кожным выступе ўзгадваліся Мажэйка і Маркевіч, газеты „Пагоня” і „Рабочы”, зніклы тэлеаператар Завадскі, новыя факты крымінальнага пераследу за нібыта абразу гонару і годнасці дзяржаўных дзеячаў. Распавядалася аб пачатку правядзення Беларускай асацыяцыяй журналістаў кампаніі па адмене адпаведных артыкулаў крымінальнага кодэксу, бо такія артыкулы існуюць у заканадаўстве хіба толькі Кітая і Казахстана.

Дзеля яшчэ большага прыцягнення ўвагі да праблемы асуджаных журналістаў прысутным праваабаронцам быў перададзены ліст пратэсту, каб тыя падпісаліся ад імя сваіх арганізацый. Ліст самым дзівосным чынам знік невядома дзе, так і не вярнуўшыся да беларускай няўрадавай дэлегацыі. Аб тым, каму ён аказаўся больш патрэбным, чым ёй — застаецца толькі здагадвацца.

У сваім выступе ад прадстаўнікоў урада Беларусі было заяўлена, што права на распаўсюд інфармацыі важнае, але не абсалютнае. Гэтая, маўляў, інфармацыя не павінна быць шкоднай. Што ж тычыцца беларускага заканадаўства аб СМІ, то было прапанавана адмыслова ў рамках АБСЕ правесці аналіз яго з заканадаўствамі іншых краін. Прадстаўнік урада Беларусі цікавіўся, чаму некаторыя так званыя незалежныя выданні хаваюць замежныя крыніцы фінансавання. У цэлым было падагульнена, што не ўсе праблемы па свабодзе слова ў Беларусі вырашаны і ўрад спадзяецца для іх вырашэння на канструктыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.

Але чамусьці па-за ўвагай беларускага дзяржаўнага прадстаўніцтва застаўся агучаны на канферэнцыі беспрэцэдэнтны факт ужо двухгадовага ігнаравання урадам Беларусі меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека. Размова ідзе аб першым у гісторыі краіны фіксаванні парушэння права на распаўсюд інфармацыі, калі за раздачу ўлётак з расповедам аб узнікненні Беларускай Народнай Рэспублікі чалавек быў затрыманы і аштрафаваны, а вышэйзгаданы Камітэт прызнаў такія дзеянні з боку ўлады незаконнымі і рэкамендаваў ураду Беларусі аднавіць незаконна парушаныя правы грамадзяніна.

Калі падагульняць усё вышэйпададзенае, то трэба пагадзіцца з неаднаразова гучаўшай на пасяджэнні таго дня думкай аб немагчымасці існавання свабоднага грамадства без свабоды СМІ. Бо менавіта яны становяцца самай дзейснай перашкодай на шляху карупцыі, парушэння правоў чалавека, несумленнай эканамічнай і палітычнай канкурэнцыі і, у выніку, спрыяюць развіццю кожнай дзяржавы.