Ніва № 37 (2418), 15 верасня 2002 г.

Ідзем самастойна

Размова з сакратаром Беларуска-народнага выбарчага камітэта выбаршчыкаў з Гайнаўкі Міхасём АНДРАСЮКОМ, адказным за кантакты з сродкамі масавай інфармацыі.

— Некалькі месяцаў таму быў створаны Беларускі выбарчы камітэт. Як ідзе падрыхтоўка да самаўрадавых выбараў?

— Яшчэ ў ліпені вырашылі мы, што на спісках БВК будуць балатавацца беларусы, якія з’яўляюцца сябрамі сялянскай партыі ПСЛ і памянялі назву камітэта на Беларуска-народны выбарчы камітэт выбаршчыкаў. З такім самым названнем выбарчага камітэта ішлі мы на выбары чатыры гады таму. Калі паляк схоча кандыдаваць з нашага спіска, можа таксама гэта зрабіць.

— Ці плануеце ствараць большую кааліцыю?

— Ідзем на выбары самастойна, але не выключаем, што будзем шукаць кааліцыянтаў пасля выбараў.

— Хто можа стаць вашым кааліцыянтам?

— Не выключаем ніякай групоўкі.

— Ці падрыхтаваны ўжо спіскі кандыдатаў?

— Так, але яшчэ яны не закрытыя. Плануем выставіць максімальную колькасць кандыдатаў на радных Гайнаўскага павета, 16 кандыдатаў з горада Гайнаўкі і 18 кандыдатаў з трох вясковых акруг. Намерваемся паставіць максімальную колькасць кандыдатаў у выбарах у Раду горада Гайнаўкі — у 3 акругах па 14 асоб. У некаторых вясковых гмінах, між іншым, Гайнаўскай, Нарваўскай і Кляшчэлеўскай хочам паставіць сваіх кандыдатаў ува ўсіх акругах. У іншых гмінах нашы кандыдаты будуць балатавацца ў паасобных акругах.

— Ці плануеце ставіць сваіх кандыдатаў у выбарах на бурмістра Гайнаўкі і войтаў вясковых гмін Гайнаўшчыны?

— Праўдападобна выставім кандыдата на бурмістра Гайнаўкі, а ў некаторых вясковых гмінах нашы кандыдаты будуць прымаць удзел у змаганні за пасады войтаў.

— Якіх кандыдатаў будзе падтрымліваць БНВК у выбарах у Ваяводскі соймік?

— Будзем падтрымліваць усіх беларускіх кандыдатаў, якія будуць выступаць на спісках розных груповак.

— У якіх акругах разлічваеце на самую вялікую перамогу?

— Лічым на перамогу ва ўсіх акругах, дзе будуць балатавацца нашы кандыдаты. Наш выбарчы камітэт з’яўляецца адным з самых вялікіх камітэтаў, якія рыхтуюцца да выбараў на Гайнаўшчыне. Па велічыні можна параўнаць нас да камітэтаў СЛД ці АВС.

— Ці падрыхтаваная ўжо выбарчая праграма?

— Стварылі мы групу спецыялістаў, якая распрацоўвае праграму. Радны ад БНВК павінен займацца, як і іншыя радныя, водаправодамі, каналізацыяй, дарогамі, павінен намагацца аблягчаць жыццё жыхарам. Апрача гэтага павінен вырашаць пытанні асветы і культуры беларускай меншасці. Самым вялікім поспехам БНВК за апошнія чатыры гады ў галіне беларускіх спраў было стварэнне Беларускай гімназіі ў Гайнаўцы. Наш выбарчы камітэт выступаў за стварэнне ў горадзе аддзялення вышэйшай навучальнай установы, што і здзейснілася. Важнай справай будзе наладжванне кантактаў з Беларуссю. Уся Польшча ідзе на захад, але трэба ўзмацняць кантакты з усходам. Неабходна, каб жыхары Гайнаўкі ведалі крыху пра Беларусь і каб не паўтарыўся выпадак, што на афіцыйным мерапрыемстве наадварот павесяць дзяржаўны лукашэнскаўскі сцяг. Больш практычным быў бы гістарычыны, бел-чырвона-белы, бо тады як не павесіш, будзе добра.

— Дзякую за размову

Гутарыў Аляксей МАРОЗ

PS. У пачатку верасня на Гайнаўшчыне арганізавалася 5 вялікіх выбарчых камітэтаў. Апрача БНВК дзейнічаюць выбарчыя камітэты СЛД, Гайнаўскай зямлі і два правых груповак.

А. М.