Ніва № 37 (2418), 15 верасня 2002 г.

Роўны старт

Міхал МІНЦЭВІЧ

У Падляшскім ваяводстве 4 293 вучні з убогіх сем’яў могуць атрымаць дапамогу ў відзе ранца, спартыўнага строю, падручнікаў і школьных прылад. Гэта гарантуе ўрадавая праграма выраўнавання варункаў школьнага старту (г.зв. школьнае прыданае). Спіскі такіх вучняў састаўлялі школы або гмінныя асяродкі грамадскай дапамогі і перадавалі іх у гмінныя ўправы. 6 жніўня гміны атрымалі дапамогу з кураторыі.

У Арлянскай гміне гэтай дапамогай пакарысталася надзвычай многа дзяцей, што сведчыць пра незаможнасць грамадства. Як паінфармавала Валянціна Казак з Гміннага асяродка грамадскай дапамогі ў Орлі, прыданае ў першы клас атрымала 12 дзяцей. У прыданае, вартасцю ў 90 зл., увайшлі ранец, гімнастычны строй і школьныя прылады. Апрача гэтага кожнае назначанае дзіця атрымала школьныя падручнікі вартасцю ў 75 зл.

На агульную колькасць 21 другакласнік, для дапамогі закваліфікавана 12 дзяцей; на падручнікі прыдзелена ім па 130 зл.

З 25 трэцякласнікаў для дапамогі кваліфікавана чацвёра дзяцей, якім будзе прыдзелена па 140 зл. на падручнікі.