Ніва № 37 (2418), 15 верасня 2002 г.

Новыя рэаліі беларускай адукацыі

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Першы дзень верасня ўжо даўно ўвасабляе сабой не проста пачатак каляндарнай восені, але распачынанне новага навучальнага года. Ува ўсіх краінах свету дзеці і падлеткі, узяўшы падручнікі і сшыткі, асадкі і алоўкі накіроўваюцца за набыццём ведаў. Не выпадае з гэтага сусветна-адукацыйнага працэсу і Беларусь.

Новы навучальны год нясе тым, хто сядае за парты і студэнцкія лаўкі новыя веды. Але многа новага адбываецца і ў беларускай сістэме адукацыі.

З гэтай восені практычна ўсе школы распачнуць ужываць так званую „пяцідзёнку”. Гэта значыць, што на заняткі вучні сярэдніх школ будуць хадзіць толькі 5 дзён у тыдзень. Дыскусіі аб пераходзе на такую форму навучання цягнуліся ўжо даволі доўгі час. Адным з асноўных аргументаў неабходнасці новаўвядзення лічыцца надзвычайная загружанасць вучняў на працягу 6-дзённага навучальнага тыдня. І дзеля таго, каб аблегчыць дзецям працэс набыцця ведаў было вырашана аддаць 5 дзён непасрэдна пад заняткі, а шосты — суботу — пад рознастайныя пазаўрочныя мерапрыемствы кшталту спартыўных спраборніцтваў, разнастайных конкурсаў і выхаваўчых дыспутаў.

Яшчэ адной навіной стала ўвядзенне з першага верасня гэтага года ў школах Беларусі 10-бальнай ацэнкі ведаў навучэнцаў. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з ранейшай 5-бальнай яна мае досыць многа станоўчых бакоў. Самым галоўным варта назваць больш дыферэнцыраваны падыход пры выстаўленні ацэнкі вучню за яго вусны альбо пісьмовы адказ. Сапраўды, раней ацэньваць блізкія, але ўсё ж неаднолькавыя адказы школьнікаў настаўніку прыходзілася нічым неадрознымі паміж сабой „тройкай”, „чацвёркай” ці „пяцёркай”. У выніку такой неадрознасці настаўнікі самавольна ўводзілі сваю дыферэнцыяцыю, дадаючы да вышэйзгаданых адзнак ненармаваныя „плюсы” і „мінусы”. Зараз патрэба ў такіх дадатках адпадае.

Усё вышэйпералічанае варта аднесці да станоўчых момантаў, якія адбываюцца цяпер у беларускай сістэме навучання. Але, на жаль, у новы навучальны год адукацыя Беларусі ўвайшла не без новых праблем.

Як вядома, з году ў год ідзе скарачэнне колькасці беларускага насельніцтва. Пачатае каля васьмі гадоў таму, яно ўжо дае свае незайздросныя вынікі. Перш за ўсё гэта скарачэнне колькасці вучняў, якое пацягнула за сабой скарачэнне колькасці пачатковых класаў і адпаведна настаўніцкіх пасад. Больш за ўсё ад такога веяння часу церпяць вясковыя школы, бо там скарачэнне насельніцтва, у першую чаргу дзіцячага, адбываецца ў 2-3 разы хутчэй, чым у гарадах. У выніку сёлета беларуская дзяржава пайшла на закрыццё каля сотні школ па прычыне іх так званай малакамплектнасці. Важна адзначыць, што прыгнятальная большасць сельскіх школ гэта беларускамоўныя. У выніку закрыццё іх абцяжарыла і без таго нялёгкую сітуацыю з беларускамоўным навучаннем.

Што тычыцца гарадскіх навучальных устаноў, то тут таксама не пазайздросціш працуючым у іх настаўнікам. Мала таго, што заробак апошніх даўно ўжо лічыцца адным з самых невялікіх і затрымкі з выплатай грошай ускладняюць настаўніцкае жыццё, цяпер работнікі школьнай адукацыі мусяць браць меншую колькасць гадзін выкладання свайго прадмета. Зразумела, за меншую колькасць працы і аплата меншая. Хаця людзі згодныя на змяншэнне гадзін выкладання, чым на скарачэнне пасад.

Напэўна самай прыкрай з’явай апошняга часу ў Беларусі стала змяншэнне выкладання на беларускай мове. Пачынаючы з 1995 года, калі сумнавядомым рэферэндумам у краіне ўсталявалася фармальнае двухмоўе, беларускія школы сталі знікаць. Сёння ў многіх буйных гарадах ужо няма не то што беларускамоўных школ, але і беларускамоўных класаў. У сталічным Мінску такіх школ усяго 13.

Вядома, што культура і адукаванасць чалавека вызначаюцца веданнем, перш за ўсё, роднай літаратуры і замежнай мовы. 2002 год вызначаўся ў Беларусі скасаваннем абавязковасці выпускных экзаменаў па гэтых прадметах. Няцяжка ўявіць вынікаючае з такога новаўвядзення стаўленне большай часткі вучняў да згаданых прадметаў і ведаў па іх. Больш таго, выкрэсленыя з праграмы абавязковага вывучэння творы сусветна прызнанага пісьменніка, але не згоднага з цяперашнімі беларускімі рэаліямі і таму жывучага за мяжой, Васіля Быкава.

Такім чынам, здаецца, што сістэма адукацыі на Беларусі становіцца тэхнічна і фізічна больш прыстасаванай для навучальнага працэсу. Але ці павялічваецца яе здольнасць выхоўваць грамадзяніна-патрыёта сучаснага грамадства, гэта значыць, выканаць сваю галоўную ролю — застаецца вялікім пытаннем.