Ніва № 37 (2418), 15 верасня 2002 г.

Люд хоча ў Расію

Яўген МІРАНОВІЧ

Беларусь магла б быць даволі атракцыйнай краінай для турызму, асабліва суседнім народам. Чыстыя азёры на поўначы краіны, ціхія мястэчкі на Панямонні ці маляўнічыя краявіды над Прыпяццю маглі б задаволіць шмат якіх замежнікаў. Але перш за ўсё цана паслуг у беларускіх курортах несумненна найніжэйшая ў Еўропе. У гродзенскім курорце над самым Нёманам за 21 дзень разам з кватэрай, харчаваннем і лячэбнымі паслугамі патрабуюць толькі 150 долараў — утрая менш чым у Польшчы.

Аднак у Беларусь адпачываць ніхто ехаць не збіраецца. Сродкі масавай інфармацыі стварылі міф аб гэтай краіне, як надта беднай, бруднай, з разбітымі дарогамі і карумпаванымі міліцыянерамі. Хаця шмат абсурдаў выступае ў краіне, аднак няшмат там можна сустрэць з таго, аб чым можна прачытаць у варшаўскіх ці беластоцкіх газетах.

Савецкі люд хоча жыць у Расіі

Найбольшай асаблівасцю краіны з’яўляецца несумненна сам прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, герой большасці жартаў і народнай сатыры. Заўсёды выступае ён у падобнай ролі як міліцыянер пры Народнай Польшчы. Аднак — падказваюць мясцовыя інтэлектуалы — дастаткова паглядзець тэлепраграмы з удзелам прэзідэнта, каб быць удзельнікам спектакля чорнага гумару. Апошнім часам для прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй, сваіх найбольшых паклоннікаў стаў ён здраднікам ідэі яднання. Савецкі па менталітэце люд хоча жыць у Расіі. „А мне там всё равно в какой краине жить будем. Пусть долучают нас к России, Германии или Польши, только чтоб деньги за работу я получал”, — гаварыў шафёр аўтобуса, які зведаў за рулём палову Еўропы. „А мне там всё равно кто будет с нами вместе — руский, белорус, поляк или еврей. Важное, чтобы человек был хорошим другом”, — прагучала філасофія прадстаўніка беларускага люду.

Сотні гадоў эліты Беларусі будавалі „вместе с хорошими друзьями” палітычны лад свае краіны — Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю, Савецкі Саюз. Заўсёды былі „с кем то вместе”. Сёння адны гісторыкі і літаратары хваляць Вялікае княства і Рэч Паспалітую, другія — Расію і Савецкі Саюз, як патрачаны рай на беларускай зямлі. І ніхто не звятрае нават увагі як жылося звычайным беларусам у райскіх эпохах. На пальцах рук можна палічыць інтэлектуалаў, якія прабуюць думаць катэгорыямі аўтаномнай Беларусі. Люд тутэйшы хоча інтэгравацца абы з кім, каб толькі „получать зарплату”. Люд хоча служыць і выконваць загады, а нацыянальныя ідэі, якіх дзесяткамі гадоў шукае савецкая і постсавецкая інтэлігенцыя, цікавяць яго столькі, што мінулагодні снег.

Пацёмкінская вёска

1 верасня ў мястэчку Мір адбыліся агульнадзяржаўныя святкаванні пад назвай „Дні беларускага пісьменства”. Пад славуты Мірскі замак (на здымку) прыехалі дзесяткі тысяч гасцей з усяе Беларусі. На галоўнай сцэне прамаўлялі прадстаўнікі прэзідэнта і ўрада, мітрапаліт Філарэт, выступалі народныя паэты. Побач амонаўцаў найважнейшых гасцей ахоўвала гвардыя ва уніформах з эпохі імператара Аляксандра І. Вакол замка праходзіла некалькі фэстаў у бэгэкатоўскім стылі. Увесь гарадок гучаў ад спеваў і танцаў. Паміж дрэвамі пякліся над агнём парасяты, казлы, цяляты і традыцыйныя шашлыкі. Прыгажуні ў вышываных вопратках прапанавалі булачкі, хлеб і ласункі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Дзень быў спякотны, таму людзі выпілі возера піва і ўсялякай салодкай вады. Прадаваліся творы народнага мастацтва — вырабы з саломы, вышыванкі і маляванкі. Можна было набыць кніжкі на беларускай мове, нават пераклады твораў Міцкевіча і Дастаеўскага.

У цэнтры Міра ўсё пахла свежай фарбай. Як паінфармавала жыхарка гэтай мясовасці, апошнія будаўнічыя калектывы закончылі працу ў мястэчку на дзве гадзіны да пачатку святкавання. Працавалі дзень і ноч, калі з’явілася інфармацыя, што госцем у Міры будзе Аляксандр Лукашэнка. Імператар аднак не прыехаў. „Пацёмкінская вёска” — пракаментавала мясцовая настаўніца. На вуліцах агароджа аднолькавага кшталту і зялёна-жоўтага колеру, пастаўленая па загадзе адміністрацыі. Вуліца выглядала як вышываны арнамент вялікіх памераў, але падабалася насельніцтву.

Суседні Навагрудак быў адноўлены пару гадоў таму за кошт амаль мільёна долараў. Нагодай стала тады 200 гадавіна з дня нараджэння Адама Міцкевіча, якога шмат хто ў Беларусі лічыць беларускім паэтам. Сёння горад выглядае як мястэчка ў Баварыі.

Бедныя беларускія сяляне капаюць бульбу

Едучы сапраўды добрымі, але пуставатымі дарогамі Беларусі ў нядзельны дзень відаць на палях шмат людзей занятых капаннем бульбу. На загонах, побач мяшкоў, стаяць найчасцей „Мерседэсы”, „Аўдзі”, „Фольксвагены”. „Паглядзі, — сказаў іранічна калега з Гродна, — бедныя беларускія сяляне капаюць бульбу”.