Ніва № 37 (2418), 15 верасня 2002 г.
Яшчэ без падручнікаўАляксей МАРОЗАдкрыццё новага навучальнага года ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы у Гайнаўцы, якое адбылося 2 верасня, падзелена было на дзве часткі. Спачатку дырэктар Яўген Сачко і настаўнікі спаткаліся з белгімназістамі, а пасля з белліцэістамі. Зараз у комплексе школ пачынае вучобу 570 вучняў і цяжка было б ім памясціцца ў невялікай актавай зале. Спатканне з белліцэістамі было больш урачыстым, бо распачалося з увядзення школьнага сцяга. У час сустрэчы са старэйшымі вучнямі прысутны былі намеснік старасты Ежы Сірак і свяшчэннікі гайнаўскіх прыходаў. Настаўніца Вольга Сянкевіч падрыхтавала ўсім вучням праграмы навучання па беларускай мове.З гэтага года ліцэісты з першых класаў распачынаюць вучобу ў трохгадовым ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Новаспечаныя белліцэісты будуць вучыцца ў чатырох класах з пашыраным навучаннем выбраных прадметаў. Яшчэ раней вучні рашыліся на пашыраную вучобу матэматыкі і фізікі (клас „а”), біялогіі і хіміі („б”), польскай мовы, гісторыі і ведаў аб культуры („ц”) і рускай мовы, геаграфіі і прадпрымальніцтва („д”). Аўтарская праграма Вольгі Сянкевіч прадбачвае падрыхтоўку ліцэістаў да новай матуры па беларускай мове з асаблівым улікам умеласці вучняў. Настаўнікі беларускай мовы будуць больш працаваць з тэкстамі, правяраць іх разуменне і звяртаць асаблівую ўвагу на правільнае вымаўленне. У час урокаў будуць апрацоўваць больш публіцыстычных тэкстаў і артыкулаў аб мастацтве. Часцей будуць карыстацца беларускамоўнымі перадачамі па радыё і тэлебачанні. На жаль, не выйшлі яшчэ з друку падручнікі па беларускай мове для ліцэяў аўтарства Вольгі Сянкевіч, Іаланты Грыгарук і Яна Карчэўскага. Затое з’явіўся ўжо падручнік Яўгена Мірановіча па гісторыі Беларусі. Вучні будуць таксама карыстацца старымі падручнікамі прывезенымі з Беларусі, новай хрэстаматыяй для вучняў ліцэяў, падрыхтаванай Вольгай Сянкевіч і Іалантай Грыгарук, „Нівай” і „Часопісам”. Выдадзены ўжо падручнікі да першага і другога класаў белгімназіі аўтарства метадыста беларускай мовы Тамары Русачык і яе сааўтарства хрэстаматыя для вучняў гімназій. Аднак, у Гайнаўскай белгімназіі сярод першакласнікаў многа вучняў, якія не вучыліся беларускай мове ў падставовых школах. — Першы год стараемся, каб вучні, якія не вучыліся беларускай мове ў падставовых школах, дастасаваліся да праграмы навучання для гімназій. Карыстаемся тады толькі выбранымі тэкстамі з падручнікаў да першых класаў, уласнымі тэкстамі і артыкуламі з „Зоркі” і „Нівы”, — заявіла настаўніца Вольга Сянкевіч. Толькі ў канцы жніўня высветлілася, што Гайнаўскае стараства, якое непасрэдна фінансуе белліцэй, будзе перадаваць грошы на арганізаванне навучання беларускай мовы ў белліцэі размерам чаторох гадзін у тыдзень. Зараз Міністэрства адукацыі прадбачвае фінансаванне навучання роднай мовы для нацыянальных меншасцей размерам трох гадзін у тыдзень. Чацвёртая гадзіна будзе аплачвацца са сродкаў стараства. У белгімназіі, як і раней, вучні будуць вучыцца беларускай мове тры гадзіны ў тыдні. У комплексе школ у час канікул адрамантавалі за свае грошы (сёлета белліцэй не атрымаў міністэрскай датацыі на рамонты) дзве залы, сталовую, частку калідораў і перакрылі дах над актавай залай. Дырэкцыя спадзяецца, што міністэрства кампенсуе частку рамонтных выдаткаў у час школьнага года. Хопіць сродкаў, каб арганізаваць у школе дыдактычны працэс, але зараз у Гайнаўцы і наваколлі пануе вялікае беспрацоўе і не ўва ўсіх бацькоў ёсць грошы на падручнікі і школьныя прылады. Могуць яны разлічваць на дапамогу гарадскога і гмінных асяродкаў сацыяльнай дапамогі. У час мерапрыемства намеснік гайнаўскага старасты Ежы Сірак узнагародзіў дыпломамі настаўнікаў Сняжыну Пліс і Міхала Юшчука, якія нядаўна атрымалі першае настаўніцкае званне. Нядаўна дыпламаванымі настаўнікамі сталі Славамір Чыквін і Ян Карчэўскі. Пасля супольных сустрэч вучні разышліся па класах са сваімі выхавацелямі.
|