Ніва № 36 (2417), 8 верасня 2002 г.

Выйшлі шчыльнымі радамі

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля апошняй сустрэчы ў Маскве прзідэнтаў Беларусі і Расіі, Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, беларуская ўлада і апазіцыя ўпершыню выйшлі разам бараніць суверэнітэт краіны. Газеты, радыё і тэлебачанне, кантраляваныя рэжымам Лукашэнкі, некалькі дзён карысталіся падобнай рыторыкай, што і апазіцыя. Паўтараўся лозунг аб канстытуцыйным абавязку абароны незалежнасці дзяржавы. Выглядала гэта быццам Лукашэнка толькі цяпер заўважыў, што беларуская дзяржаўнасць апынулася пад пагрозай.

Здымкі, якія публікуюцца ў прэсе і матэрыялы, якія дэманструюцца па тэлебачанні паказваюць, што Пуцін выразна не любіць свайго беларускага таварыша. Хаця асабістыя сімпатыі не вырашаюць наогул пра ход палітычных падзей, аднак напэўна не аблягчаюць інтэграцыйных планаў Лукашэнкі. Пасля шматгадовых гульняў у яднанне дзвюх краін, расіяне паставілі прэзідэнту Беларусі прыніжальны — асабіста прэзідэнту і дзяржаве — ультыматум: далучыцца, нават не як дзяржава, але як сем губерняў у складзе Расійскай Федэрацыі, або ісці сваёй дарогай. З гэтага камунікату можна вычытаць, што Лукашэнку не прапанавалася ніякая дзяржаўная функцыя, нават старшыні калгаса. Восем гадоў нахабнай русіфікацыі і знішчання атрыбутаў незалежнай дзяржавы зусім не браліся расійцамі пад увагу, калі ставілі яны прэзідэнту Беларусі свае ўмовы інтэграцыі. Лукашэнка меў падставы, каб усхвалявацца, а нескрываная злосць, якую дэманстраваў у публічных выступленнях, яшчэ раз паказвае, што на еўрапейскіх салонах няма яму месца.

Расійская палітыка прывяла Беларусь да поўнай ізаляцыі ў свеце. Беларусь апынулася ў цалкавітай палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі. Падтрымоўваючы Лукашэнку, Масква дасягнула такі стан, што Беларусь не мае цяпер амаль ніякіх альтэрнатыўных дарог дзяржаўнай палітыкі. Найгоршае, што няма, як гэта было напрыканцы васьмідзесятых гадоў, людзей, якія маглі б пакіраваць незалежнай краінай. Апазіцыя пасля васьмі гадоў лукашэнкаўскага кіравання краінай стала цалкам разбітай і маргіналізаванай, а ў прэзідэнцкім лагеры няма таксама нікога, хто ведае, што рабіць без Бацькі. Логіка сістэмы, дарэчы, так і сканструяваная, каб не вырас прэзідэнту канкурэнт.

Пуцін цынічна абсмяяў і прынізіў Лукашэнку будучы прытым ўпэўненым, што сітуацыя ў Беларусі не выйдзе з-пад кантролю Масквы. Узнікае пытанне, чаму адбыўся такі здзек над самым адданым сябрам Расіі. Па-першае, згодна з мангольскай палітычнай традыцыяй, якую прадаўжала Масква, а пасля Расія, гэта старая форма паводзін расійскіх уладароў у адносінах да сваіх васалаў. Татары, трымаючы Русь пад кантролем, імкнуліся таксама перш-наперш адабраць годнасць мясцовым князям, пазбавіць іх аўтарытэту сярод падданых, давесці да стану цалкавітай залежнасці. Гэтыя ўзоры пераняла пасля Масква.

Пуцін ніколі не асмеліўся б патрактаваць у такі спосаб прэзідэнта маленькай Эстоніі ведаючы, што можа выклікаць такім чынам дыпламатычны скандал у свеце. У абарону Беларусі, ад якой Пуцін патрабуе самаліквідацыі, не выступіў ніводзін замежны палітык. Гэта знакаміта паказвае сітуацыю, у якой апынулася краіна. Свет глядзіць на Беларусь праз прызму асобы Лукашэнкі, хаця ён праводзіў палітыку выключна выгадную суседняй краіне, разлічваючы на яшчэ большую ўладу ў саюзнай дзяржаве.

Усё паказвае, што ад нейкага часу прэзідэнт Лукашэнка зарыентаваўся, што ў Маскве не мае ніякіх шанцаў працягваць палітычную кар’еру. Расійскія сродкі масавай інфармацыі звычайна здзекваюцца з кіраўніка саюзнай краіны. Стаў ён героем сатырычных праграм па радыё і тэлебачанні. Хаця ўладу на чарговую кадэнцыю ў дэмакратычных гульнях атрымаў па волі беларускага люду, аднак вядома, што бласлаўленне Крамля ў выпадку Беларусі не менш, а можа нават больш важнае, чым прыхільнасць электарату. Аналітыкі падказваюць, што цаной за падтрымку Масквы было абяцанне дапусціць расійскія фірмы да прыватызацыі маёмасці ў Беларусі. Абазначала б гэта страту кантролю адміністрацыяй прэзідэнта над маёмасцю, якая дае сродкі на ўтрыманне апарату ўлады. Так ці інакш, расіяне вызначылі прэзідэнту Беларусі марыянетачную ролю, супраць чаго пачаў бунтавацца сам Лукашэнка, блакіруючы планаваную прыватызацыю. Расіяне адказалі публічным прыніжэннем свайго саюзніка.

Расійска-беларускія адносіны неўзабаве вернуцца да нормы, таму што Беларусь больш патрэбная Расіі, чым Расія Беларусі. Скандал патрэбны быў Пуціну, каб паказаць Лукашэнку яго месца. Праблема ў тым, што няма ніякай альтэрнатывы для існуючага стану. Беларусь не зможа вырвацца з ізаляцыі, астаючыся пад цяперашнім кіраўніцтвам. З другога боку, нават пры найбольш спрыяльных умовах немагчымае ў хуткім часе ўзнікненне канкурэнтнага лагера, які змог бы гарантаваць расіянам іх геапалітычныя інтарэсы і адначасова весці адкрытую палітыку з іншымі краінамі свету. У апошніх гадах спынена была палітычная адукацыя элітаў, а мышленне катэгорямі дзяржаўнага ці нацыянальнага інтарэсу затрымалася на ўзроўні лозунгаў і нерэальных пажаданняў. Нават калі б люд раптам захацеў дэмакратыі і незалежнасці, няма каму правесці яго гэтым цярністым шляхам. Беларусь шмат гадоў прастаяла ў месцы, калі іншыя шукалі дарог выхаду з цяжкай сітуацыі пасля развалу Савецкага Саюза. За гэтую бяздзейнасць, на жаль, зноў заплаціць бедны беларускі народ.