Ніва № 36 (2417), 8 верасня 2002 г.

Важная праца нас усіх

Размова з падляшскім віцэ-ваяводам Ежым ПАЎЯНОВІЧАМ.

Якія Вашы, спадар ваявода, карані?

— Мае карані — з Беласточчыны. Мае бацькі нарадзіліся ў Фальварках-Тыльвіцкіх і я сам адтуль выводжу свой радавод. Дзяды мае таксама жылі ў Фальварках.

Вы, як ваявода, з’яўляецеся мясцовым прадстаўніком урада. Як Вы адчуваеце гэта прадстаўніцтва: ці яно больш паказное, ці грунтоўнае?

— Кампетэнцыі ваяводы вызначае закон. Яны, галоўным чынам, накіраваны на дагляд падпарадкаваных ваяводу ўстановаў і службаў ды ўстановаў мясцовага самакіравання. Акрамя гэтага ваявода распараджаецца бюджэтам на асобныя вызначаныя галіны. Ваяводу падлягаюць комплексныя службы, у іх ліку паліцыя, пажарная ахова, кураторыя, ваяводскі захавальнік помнікаў даўніны.

У апошні час наглядаецца ў нашай краіне гаспадарчы спад. Не абмінае ён і нашага ваяводства, бо ж і мяжа з Усходам прытухае. У ваяводстве пражывае больш за мільён людзей; якія ў іх перспектывы, што ім трэба рабіць: ці яны маюць нейкія шансы тут, ці павінны падавацца ў іншы свет?

— У нашым ваяводстве пражывае звыш мільёна двухсот тысяч жыхароў — 61 чалавек на квадратны кіламетр; гэта менш чым сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ў краіне. Каля 40% тэрыторыі ваяводства складаюць ахоўваемыя ў рознай меры абшары: нацыянальныя і краявідавыя паркі. Гэтым багаццем мы хочам пакарыстацца. Згаданыя шансы выявяцца тады, калі зможам паспяхова карыстацца дапаможнымі далучальнымі сродкамі на далучэнне да Еўрасаюза і перад уваходам у яго, і пасля ўваходу. Дзеля раўнамернага развіцця рэгіёнаў Падляшша карыстаецца далучальнымі фондамі праграмы гэтак званага грамадска-гаспадарчага гуртавання ў рамках сродкаў PHARE 2000, 2001, 2002. Яны дазваляюць здзяйсняць у нашым ваяводстве паправу інфраструктуры і ахову прыродных каштоўнасцей — будову дарог і ачышчальняў.

Вы апасаецеся, што ўсходняя граніца будзе тут тормазным чыннікам. Я хачу зрабіць усе захады ў тым напрамку, каб яна, будучая мяжа Еўрасаюза, іграла актыўную ролю. Дзеля таго намагаемся разбудоўваць пагранпераходы, напрыклад разбудоўваем дарожны пераход у Кузніцы-Беластоцкай, які зойме плошчу 18 гектараў, там жа мадэрнізуем чыгуначны пераход. У Будзіску, на польска-літоўскай мяжы, уводзім супольны кантроль падарожнікаў. Ваявода хадайнічае аб запуску новых пагранпераходаў з Беларуссю ў Белавежы, Ялоўцы, Хварасцянах і Ліпшчанах ды за перакваліфікацыю двухбаковага польска-беларускага перахода ў Полаўцах у міжнародны з дазволам на праезд машын да 6,5 тоны. Гэта ўсё дзеля актывізацыі руху людзей і тавараў. Маем на ўвазе тое, што гандаль з Усходам з’яўляецца важным шансам развіцця нашага рэгіёна. У гэтым напрамку трэба, аднак, дзейнічаць цывілізаваным чынам, з аглядкай найперш за бяспекай на граніцы. Мусім засцерагчыся перад кантрабандай, перапраўкай нелегальных тавараў: папярос, алкаголю і наркотыкаў ды перад нелегальнай міграцыяй. Засцеражэнне ад тых процізаконных дзеянняў з’яўляецца абавязкам нашай дзяржавы і гэтаму мае служыць добра арганізаваная інфраструктура пагранпераходаў.

Ці згаданы раней мною гаспадарчы спад — падае не толькі шчэцінская верф, але і беластоцкі „Bison-Bial” — не аберне згаданых Вамі захадаў у безвыніковыя?

— Клопаты, з якімі маюць дачыненне нашы прадпрымальнікі, звязаныя з замалым гаспадарчым ростам. Згаданы Вамі „Bison-Bial”, які з’яўляецца адным з буйнейшых прадпрыемстваў у рэгіёне, апынуўся ў складаных абставінах, але спадзяюся, што яго ўласніку ўдасца згаварыцца з банкамі. Ужо часткова ўзноўлена вытворчасць, рэалізуюцца зарплаты працаўнікам. Гэта фінансавыя праблемы, бо вытворчасць беластоцкай фабрыкі мае збыт не толькі ў краіне, але асабліва за мяжою; небяспекі замірання попыту няма.

У агульнасці, аднак, наш рэгіён, традыцыйна, успрымаецца ў сельскагаспадарчым аспекце. У гэтай галіне поспехі ёсць — гэта менавіта ў нас вырабляецца 20% малочнай прадукцыі краіны, у тым ліку і высакаякасныя вырабы з сертыфікатамі Еўрасаюза, якім адкрыты доступ на тамашнія рынкі. Гэта прыклады паспяховай дзейнасці ў нашых умовах.

Гэта на захадзе ваяводства, а на ўсходзе землі зарастаюць...

— Ну, малочныя заводы ў Бельску, Саколцы, Гайнаўцы ці Сямятычах таксама вырабляюць добрыя прадукты. Ёсць праблемы з паспяховай дастаўкай малака, але гэта, здаецца, самі земляробы прабуюць вырашаць такім чынам, што дамаўляюцца з малачарнямі на прыём малака непасрэдна ў іх; маю тут на думцы буйнейшых пастаўшчыкоў. Іншыя здаюць малако ў прыёмных пунктах па вёсках.

У нашым ваяводстве няма прамысловасці з вялікімі традыцыямі і мы павінны пакласці націск на тое, што тут найважнейшае: на экалогію, экалагічны турызм, аграбізнес. У гэтай галіне адбываюцца станоўчыя змены. Згадаю тут пра Белавежу, якая заўсёды выклікала шырокае зацікаўленне, аднак падводзіла інфраструктура. Сёння ў Белавежы паўстае некалькі сотняў новых гасцінічна-адпачынковых месц, да таго ж паяўляюцца невялікія пансіянаты. Гэты працэс дасць і новыя месцы працы.

Падляшскае ваяводства мяжуе з Беларуссю, якая ў вонкавым свеце бачыцца своеасаблівым вырадкам. Ці Вы не апасаецеся нейкіх санкцый супраць яе накшалт гаспадарчай блакады?

— З самага пачатку майго знаходжання на пасадзе мы ўступілі ў шчыльныя рабочыя кантакты з Гродзеншчынай. Нам трэба засяродзіцца галоўным чынам на гаспадарцы. Абменьваемся дэлегацыямі; нядаўна госці з Гродзеншчыны пабывалі ў Шапятове на сельскагаспадарчай выстаўцы і вынеслі адтуль вельмі станоўчыя ўражанні і зацікаўленне дзелавымі кантактамі з прадпрымальнікамі. На такой аснове мы хочам ствараць атмасферу для супрацоўніцтва.

Тое, пра што Вы згадалі, гэта справа міжнароднай палітыкі. Найважнейшымі, аднак, з’яўляюцца кантакты між людзьмі, бо ж шмат людзей маюць сем’і па абодвух баках граніцы; яе не ўдасца герметычна закрыць. Трэба давесці да гаспадарчых кантактаў, бо калі такое супрацоўніцтва будзе, а яно і ўжо ёсць з выдатнымі вынікамі, тады граніца наша не стане сцяной.

А што спадар ваявода скажа такім нашым простым людзям, якія не з’яўляюцца буйнымі вытворцамі ці бізнесменамі?

— Гэта праблема нашых патрэб і магчымасцей. Мы павінны быць актыўнейшымі ў распрацоўцы ідэй ці то для вытворчасці, ці для рыначнай актыўнасці. Гэта ўсё залежыць ад макрагаспадарчай кан’юнктуры і ад нашай падрыхтоўкі: ці ўмеем адукавацца і прыстасоўвацца да тых працэдур, якія будуць абавязваць пасля далучэння да Еўрасаюза. У гэтай галіне дапамогу асобным людзям і грамадскім групам, напрыклад дробным прадпрымальнікам ці земляробам, павінны несці нашы органы самакіравання. З боку ўрадавай і мясцовай адміністрацыі чакаем супрацоўніцтва ў развіцці гаспадарчых працэсаў.

Міграцыя людзей з вёсак у гарады з’яўляецца непазбежным працэсам, але калі станем падкрэсліваць нашы прыродныя вартасці і кранемся ў напрамку агратурызму, тады жыхары гарадоў захочуць перасяляцца ў вёскі; ужо гэтую з’яву наглядаем, калі гараджане вяртаюцца або ў спадчынныя сядзібы, або купляюць. Бачу ў гэтым вялікі шанс і патрэбу падтрымкі такіх дзеянняў. Нельга страшыць людзей, што прыйдзе нехта і ўсё выкупіць, бо гэта тармозіць волю дзеяння. Мы мусім самі рыхтавацца да новага, да карыстання дапаможнымі фондамі. Часам нават невялікія праекты могуць знайсці прызнанне Еўрапейскай камісіі для дафінансавання. На ўсё гэта патрэбны грошы, але як жа часам складана выпрацаваць добры праект для сфінансавання. У гэтай справе важная праца нас усіх, у тым ліку і паасобных людзей, і калектываў.

Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксандр ВЯРБІЦКІ