Ніва № 36 (2417), 8 верасня 2002 г.

Нашае? Роднае?

Зося ЛЕМЕШ

„Здраствуйтэ. Попрошу булку хльеба і смэтану. Добрэ, то нэхай будэ вэліка. Спасі Бог”. Вось так магу загаварыць сабе ў краме ў вёсцы маёй бабулі. Або ў іншай вёсцы на Беласточчыне. На пошце ў Орлі чыноўніцы між сабою размаўляюць па-свойму, не інакш размаўляюць са мною. І гэта здаецца ўсім поўнасцю натуральнае. І мяне гэта не здзіўляе. Бо як жа ж інакш? Заязджаючы да бабулі нават не прабую па-польску. Размаўляць па-польску на вёсцы гэта для мяне доказ фанабэрыстасці варшаўскіх унукаў. Яны — могуць, я нават не хацела б.

У горадзе зусім інакш. Тут размаўляю па-свойму толькі са знаёмымі. Звычайна не падумала я ніколі, што можна так адазвацца да чужога чалавека. Але — чаму? Вось пытанне! Чаму не размаўляем у гайнаўскіх крамах ці ўстановах па-свойму? Ці не было б гэта натуральна? Чаму на вуліцы — можам, у хаце — таксама можам, чаму ў аўтобусах часцей чуваць беларускую чым польскую мову, а ўжо купляючы хлеб немагчыма зрабіць гэта на роднай? Здаецца, беларуская мова настолькі нябедная, што сказаць „хлеб” на ёй можна. І гэтае, і многа больш. Дагаварыцца можна. Дык чаму гэтага не робім?!

Скажаце — тут не Беларусь, тут Польшча і „прошэ розмавяць по-польску!” Прыстойнасць патрабуе, каб размаўляць па-польску, калі ў таварыстве знаходзіцца паляк. А ў такой краме невядома з кім маем дачыненне — мо свой, а мо не. Аднак нават калі паляк — думаю, што жыўшы сярод беларусаў і чуўшы нашу, яму чужую, мову павінен навучыцца яе. Прынамсі разумець.

Мой бацька працуе зараз у цікавай фірме. Праз яго рабочы мабільнік не чула я хіба яшчэ размоў па-польску. У офісе ўсе размаўляюць па-свойму, нават палякі. А гэта значыць, што паляк, калі схоча — дык умее. Можа гэта мы, беларусы, не хочам?

Зрабіла я эксперымент. Зайшла ў больш чым дзесяць устаноў: у крамы, на пошту, у амбулаторыі і банк — адным словам у месцы, якія звычайны чалавек часам адведаць мусіць. Задумала я, каб ува ўсіх гэтых установах размаўляць толькі і выключна па-свойму. Так і зрабіла. Не ведаю, ці размаўляла з палякамі ці беларусамі. Ці гэта важна? Не. Аказваецца, зусім няважна, бо і не было месца, дзе мяне не зразумелі б, не было найменшых праблемаў. Ці Цябе, дарагі Чытач, гэта здзіўляе? Мяне, шчыра кажучы, не здзівіла, бо ад пачатку падыходзіла я да свайго эксперыменту надта аптымістычна. Затое іншая справа здзівіла мяне вельмі. Усе мяне разумелі, аднак ніхто не адказаў мне на маёй мове. Я па-свойму, а яны ўпарта па-польску! Гэта быццам мы гулялі ў „глухі тэлефон”. Я кажу, што „мела тутака одобраті якіясь паперы”, а мая субяседніца пераказвае праз тэлефон іншай кабеце: „Пані пшышла одэбраць паперы”. Скажаш, дарагі Чытач: „Гэта напэўна полька была...” Можа скажаш яшчэ, што гэтыя выпадкова выбраныя асобы, якія са мной размаўлялі, таксама былі палякамі? Маеш рацыю, не такое супадзенне акалічнасцей здаралася. Але не ў гэтым выпадку! Тут у ніякае супадзенне не паверу, як не веру, што полька саромелася б, ружавела на твары і як найхутчэй выпраўляла сваю памылку, сказаўшы да мяне „тры” замест „тшы”.

Беларусы саромяцца размаўляць на сваёй роднай мове... Для мяне гэта сумнае...

Веру, што большасць з іх заедзе ў суботу-нядзельку на вёску і з бацькамі пачне размаўляць па-свойму. Але ў Гайнаўцы саромяцца. У горадзе. Вялікі горад Гайнаўка!...

Знаўцы сцвярджаюць, што гэта гарады ствараюць культуру. А мой горад? Якую Гайнаўка можа стварыць культуру, калі тыя, што маглі быць яе стваральнікамі, хаваюцца ў чужыя сабе ідэалы, уцякаюць у несваю мову?

Сакрат Яновіч нядаўна ў „Часопісе” пісаў пра здаванне беларускай культуры ў музей, пра яе бальзамаванне. Бачу цяпер вельмі ясна — не дарма беларускі музей пабудавалі ў Гайнаўцы. Знойдзецца тут шмат экспанатаў — людзі, якія ў горадзе не саромеліся размаўляць па-свойму. Або па-польску не вельмі ўмелі. Гэтыя хутка выміраюць. Значыцца, будзе каго бальзамаваць. А і веру, што маім ультрапольскім, бо не вясковым ужо, а „мястовым” суседзям, не збракне ахвоты да гэтай працы. І ўсе будуць шчаслівыя.

Нашае? Роднае? На вёсцы. У музеі. Толькі, барані Божа, не ў нармальным жыцці нармальных людзей — нас, маладога пакалення палякаў.