Ніва № 36 (2417), 8 верасня 2002 г.
ДзерняковаАляксандр ВЯРБІЦКІЗадумалася мне з’ездзіць у Дзернякова і неяк так атрымалася, што аўтобус у Гарадок памаргаў мне адно заднімі лямпачкамі. Пакруціўся я крышку па прыпынку разгублена, не надта ведаючы чым новым загаспадарыць страчаны, здавалася, час. Але неўзабаве ж каля мяне раздаўся голас:— Do Grodka przez Pieszczaniki? На прыпынку стаяў мікрааўтобус. У яго дзвярах мужчына з сумачкай тлумачыў: — Nie ma tablicy, zapomnielismy. Збіраў ён грошы за праезд у сумачку, не даючы, вядома, узамен ніякіх білетаў. Пасажыраў назбіралася шмат і шмат з іх злезла яшчэ да Гарадка. Касір уласнаручна адкрываў і закрываў за імі дзверы, быццам за якімі міністрамі або біскупамі. З радыёпрыёмніка гучала музыка, адрасаваная ў падсвядомасць, якой рытм воляй-няволяй намалоджваў пасажыраў да васемнаццаці гадоў. Прыемна адчувалася дынаміку рухавіка, а шафёр ехаў наперамен паводле польскіх і англійскіх правіл дарожнага руху. Адчувалася еўрапейскі шык — падарожжа ў ХХІ стагоддзе! Сядаючы на машыну я на ўсякі выпадак заплаціў за праезд у Гарадок, але выехаўшы за Пяшчанікі папрасіў шафёра, каб спыніўся каля дарогі, што адыходзіць у Дзернякова. Касір тады згадаў, што трэба было адразу гэта гаварыць і звярнуў мне наддачу грошай за заплачаную мною лішнюю дыстанцыю. Да еўрапейскага шыку дайшоў яшчэ капіталізм з людскім тварам! У дарозе ад міжнароднай шашы ў Дзернякова лепш курам купацца, чым рухацца любому транспарту, асабліва пасля многіх тыдняў засухі. І павярнуць убок, каб прайсціся па цвярдзейшым грунце, няма як, бо сасновы лес шчыльна пакрыты ламаччам. У век атаму і электрычнасці не толькі голле, але і ствалы адпачываюць ад людскога зацікаўлення; традыцыйныя крыніцы энергіі аджыліся і людзі вывандроўваюць у свет у пошуках штораз выгаднейшага жыцця. Лес пачынае гаспадарыцца сам і неўзабаве, без міністэрскіх распараджэнняў, сам заменіцца ў строгі прыродны запаведнік. У Дзернякове амаль з самой вуліцы можна сысці ў жвіравы кар’ер. Відаць, што вялікага руху няма, асталіся там сляды праліўных дажджоў, якія занеслі на дно кар’ера крыху гліны. Тая гліна прыгожа высахла за час доўгай засухі і нагадвае карпатліва разбіты вялікі гліняны збан. Солтыса няма дома, паехаў у Гарадок але вось-вось вернецца, — паведамляе мне яго жонка. Яна, далікатнага складу, гутарыць са мной на польскай мове. Я ўжо быў падумаў, што яна з Варшавы або Кракава і пацікавіўся адкуль яна... А яна з другога канца вёскі, але маю мову разумее... Солтысу Яраславу Тарасэвічу 32 гады. Ён, адзін на Дзернякова, свой шлях у будучыню звязаў з зямлёй-карміцелькай. Трымае 22 штукі кароў і бычкоў. Бычкі закантрактаваныя ў беластоцкім мясакамбінаце, адтуль прыязджаюць самаходы забіраць іх; і калі ўсё ў парадку — парадачна плацяць. Горш з малаком: беластоцкі малочны кааператыў збанкрутаваў і не заплаціў спадару Тарасэвічу каля трох тысяч злотаў за малако. Пасля малако стаў забіраць бельскі малочны кааператыў, але браў кааператыўныя складчыны. Сакольскі кааператыў паабяцаў, што складчын не будзе... У Бельску асталося 1,6 тысяч злотаў кааператыўнага ўзносу, а Саколка адлічвае сабе па 7 грошаў ад літра малака... У спадара Тарасэвіча ёсць халадзільнік для малака. Малако ў прыёмны пункт у Гарадок возіць ён разам з супольнікам: партнёр вязе раз у тыдзень, а солтыс — шэсць. І ў Дзернякове была злеўня, але закрылі яе 7-8 гадоў таму назад. Солтыс абрабляе зямлю ў Дзернякове і ў Пяньках: сее авёс, ячмень і жыта — усё на корм. Іншыя гаспадары трымаюць па кароўцы-дзве, па свінцы, курыцы. Адзін гаспадар трымае шэсць коз з казламі, авечак не трымае ніхто. У вёсцы трое коней і каля пятнаццаці трактароў. Ніхто нідзе не робіць, бо работы няма. І большасць жыхароў — старыя. Малодшыя, пяць-шэсць чалавек, у сезоне едуць у Нарвегію даглядаць агародніну. У Дзернякове прапісана каля шасцідзесяці асоб, але летам жыве тут удвая больш. Гарадскія выхадцы з Дзернякова прыязджаюць адпачываць на сваю бацькаўшчыну; з адкрытых насцеж вокнаў гучыць бадзёрая беларуская музыка. Зімою пустуе шэсць хатаў; ёсць ахвотныя іх купіць, але хаты з’яўляюцца прыватнай уласнасцю, а зямля пад імі — дзяржаўная. Амаль усе жыхары завялі сабе тэлефонную лінію. Адзін раз у тыдзень, у сераду, у Дзернякова прыязджае мабільная крама. Каб купіць свежы хлеб, трэба прасіць тых, хто едзе ў Гарадок. І солтыс, калі просяць, купляе хлеб сваім аднавяскоўцам; некаторыя хлеб замарожваюць... У Дзернякове трое дзяцей; двое ў солтыса. У гэтым годзе яго старэйшая дачушка ідзе ў школу. А да гэтага часу праз дзесяць гадоў ніхто з Дзернякова ў школу не хадзіў; апошняму вучню зараз гадоў 25. Спадар Тарасэвіч турбуецца пра сваю дачушку, як ёй будзе даязджаць чатыры кіламетры ў Гарадок: ці ў Дзернякова паедзе школьны аўтобус, а калі так, то калі будзе забіраць і калі адвозіць; мо прыйдзецца кватараваць дзіця ў гарадоцкіх сваякоў. Раней і ў Дзернякове была школа, пабудаваная ў 1938 годзе, але ўжо звыш дзесяці гадоў яна закрыта. Тры гады таму войт прадаў яе за 38 тысяч злотаў, аднак яна гніе далей, бо ўласнік нічога не можа з ёю зрабіць — яна лічыцца помнікам даўніны. З Дзернякова адна жвіровая дарога — у Гарадок; грунтавыя — у Пянькі і, згаданая раней, да беластоцкай шашы; калі спатрэбіцца ехаць у Беласток, трэба тыя тры кіламетры пераадолець. Раней ездзіў поезд, на які трэба было ісці чатыры кіламетры ў Валілы-Станцыю, аднак калі поезд вяртаўся з Беластока, добры машыніст спыняўся каля вёскі... Калі я пакідаў Дзернякова, над ім стаяла амаль пякельная жара і амаль райская цішыня. Ступала ХХІ стагоддзе.
|