Ніва № 35 (2416), 1 верасня 2002 г.

Зоны

Яўген МІРАНОВІЧ

Падчас мінаючых канікулаў была нагода праехаць Польшчу двойчы — з поўначы на поўдзень і з усходу на захад. Пасля гэтага падарожжа я пераканаўся, што падзел Польшчы на часткі „А” і „Б” зусім памылковы і на практыцы яго няма. Цалкам рэальныя і жывыя аднак межы, якія алюстроўваюць зону уплываў Раманавых, Габсбургаў і Гогенцолернаў. Найхутчэй інтэграваліся зоны Раманавых і Гогенцолернаў па прычыне перасялення на захад пасля вайны насельніцтва выхаванага ў расійскай псіхалагічнай прасторы. Галіччына і „Прывіслінскі край” дасканала захоўваюць свае адметнасці.

Відавочнае гэта перш за ўсё ў рэакцыях людзей. Грамадзяне, продкаў якіх выхоўвалі аўстрыйцы, найчасцей стараюцца стрымаць слова. Слова заступае дакумент, аднак схільнасць да ашчаднасці мяжуе ў іх з абсурдам. Уласнік кавярні, калі не забудзецца даць да гарбаты цукру, тады з вялікім праўдападабенствам можа прыкідвацца, што з-за няўвагі не даў лімона. Калі звернеш яму ўвагу, будзе ветліва перапрашаць, але злосць з-за таго, што не ўдалося яму нічога заашчадзіць, надта выразна адлюструецца на яго твары. Беспрацоўнымі на Галіччыне найчасцей бываюць імігранты з „крэсаў”, або з „Каралеўства”. Мясцовыя, калі патрацілі працу на вялікіх абанкручаных прадпрыемствах, зараз арганізавалі сабе нейкую краму, кавярню, прапанавалі паслугі турыстам, а мабыць сотні тысяч працуюць на прыватных будовах вакол Кракава, Варшавы, Вроцлава, там дзе чакаюць высакаякаснага рамяства. Нашым столярам, мулярам, бляхарам ці слесарам на Падгаллі ніхто не дазволіў бы на такую творчасць, якую дэманструюць на будовах у Беластоку.

Галіцыйскія сяляне, калі толькі бачаць магчымасць выцягнуць, згодна з законам, нейкі грош, абавязкова гэта выкарыстаюць. Дастаткова ў горскіх мясцовасцях затрымацца на дарожцы каля поля, а зараз з’явіцца каля цябе чалавек, які ветліва прывітае і яшчэ больш ветліва паінфармуе, што цешыцца тым, што можа табе запрапанаваць на сваёй зямлі стаянку для машыны. Хоча няшмат — два ці тры злоты за гадзіну, але калі ты не захочаш пастаяць на яго зямлі і ад’язджаеш, не паказвае злосці, а толькі запрашае прыехаць іншым разам.

У аўстрыйскай зоне законы найчасцей успрымаюцца жыхарамі вельмі сур’ёзна. У прыватным гатэлі ў былой Радамскай губерні ад гасцей патрабуюць толькі аплаты за начлег, часам даюць квітанцыю. Каля Кракава абавязкова, апрача грошай, трэба мець яшчэ дакументы з персанальнымі данымі. Там, відаць, плацяць падаткі ад гаспадарчай дзейнасці, хаця маглі б таксама, як каля Радама, узяць грошы і не пакідаць у дакументах следу пра нашу там прысутнасць. Найбольш відаць пашану галіччан да законаў на дарогах. Калі нехта праз вёску ці мястэчка ў ваколіцы Кракава едзе з хуткасцю ста кіламетраў у гадзіну, тады можна быць упэўненым, што гэта спазняецца госць з „Прывіслінскага краю”, найчасцей з Варшавы, а калі нехта паказвае намер павярнуць управа, а ў апошні момант без ніякай сігналізацыі скручвае ўлева, тады можна быць упэўненым, што маеш перад сабой шафёра з Кельцаў ці Ломжы. Мясцовага шафёра можа пазнаць па тым, што пры абмежаванні хуткасці да 30 кіламетраў у гадзіну ён і едзе з такой жа хуткасцю, хаця мог бы, так як пад Варшавай, ехаць 90, а можа яшчэ і больш.

Перасякаючы мяжу былой Радамскай губерні, дарогі становяцца больш няроўнымі. Хаця ўсе іх будвалі ў Народнай Польшчы, чамусьці кракаўскія больш гладкія. Тут рух на дарогах адбываецца паводле маскоўскіх правілаў. Большы самаход мае большыя правы, а дарожныя законы існуюць выключна дзеля таго, каб іх ігнараваць. На кожным другім аўтамабілі едзе ўлан са сваёй фантазіяй. Як сапраўдны каталік, смерці ён не баіцца, таму што і так пойдзе ў рай. Што і раз сустракаюцца асобені, якія выехалі на дарогу толькі з адной мэтай — падакучаць іншым. У Варшаве можна мець уражанне, што шафёраў вучаць выключна як пастаянна парушаць дарожныя законы. Даехаўшы да Гродзенскай губерні, у Беласток, відаць характэрную расійцам пагарду для смерці. Нашы мужыкі і дамы ў самаходах штораз больш падобныя на японскіх камікадзэ. На кароткіх адрэзках хуткімі машынамі моцна разганяюцца і востра тармозяць перад святлафорамі, заязджаюць дарогу, не звяртаючы ўвагі на іншых карыстальнікаў. Хамства, якое відаць было ў чэргах перад крамамі падчас ваеннага становішча, цяпер апынулася на дарогах. Старыя, танныя, але хуткія самаходы заходняй вытворчасці дазваляюць на шаленства нават не надта заможным грамадзянам.

На Беларусі з-за насычанасці дарог міліцэйскімі патрулямі, дарогі даволі бяспечныя, хаця бывае і так, што падчас дажджу толькі некаторыя шафёры ўключаюць фары, а ноччу шмат хто перамяшчаецца на дарожных святлах, асляпляючы едучых насупраць. Але ніхто гэтым спецыяльна не хвалюецца. Рух на дарогах не надта вялікі, таму без клопатаў можна абганяць старыя ЗІЛы, якія едуць з хуткасцю веласіпеда і памятаюць эпоху Мікіты Хрушчова.

У Расіі, а асабліва ў Маскве, на вуліцах надта відавочныя казацка-татарскія традыцыі. Праходзіць вуліцу найлепш падзямельным пераходам. Зялёнае святло зусім не абазначае, што можна ўвайсці на вуліцу. Амаль кожны шафёр ведае, што пешаход, калі ўвогуле хоча перайсці вуліцу, павінен прапусціць самаходы. Прынцыпы гульні вельмі простыя — сустрэча чалавека з самаходам на дарозе заўсёды прыносіць большыя шкоды чалавеку. І кожны ў Расіі гэта ведае. У Варшаве ці Беластоку казацкія традыцыі заступаюць уланскія. Самасьеру відаць на кожным кроку, аднак пешаходаў наогул прапускаюць, калі, зразумела, дарожны закон дае ім такое права. У мяшчанскай Францыі ці Англіі шафёр за рулём ведае, што пешаход гэта святая карова і найлепш, каб на дарозе не сталася яму ніякая крыўда.