Ніва № 35 (2416), 1 верасня 2002 г.
Горад ГрабаркаАляксандр ВЯРБІЦКІПадаўся я ў нядзелю, пад Спаса, на Грабарку поездам. З Беластока народу ехала няшмат. У Бельску ў маё купэ прыселі тры жанчыны. Калі поезд крануўся, адна з іх перахрысцілася па-ўсходняму. Азірнулася на яе суседка — і таксама перахрысцілася. Тутэйшы народ стрыманы ў выяўленні сваёй рэлігійнасці, але пры нагодзе такога свята!.. Бо для маіх спадарожніц падарожжа на Грабарку з’яўляецца такой жа падзеяй, як у мусульман паломніцтва ў Мекку. Яны ж дзеля гэтага селі на поезд, каб скарыстаць свае пенсіянерскія льготы на аднаразовы ў год праезд чыгункай. Пры нагодзе панаракалі, што пенсіянерам забіраюць льготы і павышаюць аплаты...— Павышаюць, не пытаючы нас! — абураліся. Гэта не зусім праўда, бо ж раз на чатыры гады пытаюць ва ўсіх, хто праз чарговыя чатыры гады мае не пытаць... Грабарка на Спаса становіцца горадам, у якім і крэмль, і City, і barrios. Была і стаянка на абгароджаным палетку: 5 злотаў за легкавушку і 10 за аўтобус. У царкве адбывалася служба, многія вернікі стаялі навонкі храма, а іншыя, у тым ліку і мае спадарожніцы, сядзелі на схіле гары на подсцілках. Каля манастыра і побач каменнай агароджы былі ларкі з краёвымі рэлігійнымі выданнямі. Далей, за крыніцай, манашкі з-за ўсходняй мяжы прадавалі свае іконы, кнігі і іншыя прадметы культавага характару. Прапанавалася шмат магнітафонных касет і кампактных дыскаў з рэлігійнай музыкай. Далей, у „бізнесавым квартале”, над якім лунала благовоние печанага мяса, стаялі не толькі мабільныя сталовыя, але і шмат іншых крамаў, а нават мабільны стралковы палігон. Калі каму надаелі песнапенні, мог там пастраляць, купіць пісталет унуку, а сабе электрадрэль і колокольчики. Тут можна было пачуць і агучаную музыку — найчасцей матыў пра цыгана або цыганку... А навокал усяго гэтага прасціраліся „кварталы” застаўленыя палаткамі, пад якімі — як дома — караталі час паломнікі; толькі іх самаходы стаялі не ў гаражах, але пад адкрытым небам, быццам каля Геркаўскіх блёкаў. Была і сапраўдная цыганка, якая дзейнічала найбольш актыўна з ліку тых, хто збіраў грошы на нейкія мэты. Найбольш просьбітаў стаяла са скрынкамі для ахвяраванняў на цэрквы. Калісь, з нагоды аднаго тысячагоддзя, будаваліся школы, многім з якіх няма сёння вучняў... З нагоды юбілею другога тысячагоддзя шырокім фронтам будуюцца храмы; мо і мітрапаліт Сава пакіне пасля сябе такую памяць, як Казімір Вялікі або Эдвард Герэк. Грэшна думаць, якая будзе будучыня новазбудаванняў. Сёння душамі народу валодае тэлебачанне і калі добра ў той сярэбраны экран паўглядацца, тады можа ў гледача скласціся ўражанне, што жыве ён ужо ў Садоме і Гаморы. Рэкламы і фільмы спакушаюць гледачоў тым, ад чаго Евангеллі Матфея і Марка рэкамендавалі выкінуць вока. Усё гэта ідзе да нас з Захаду, дзе, хаця найбольш спакус, нараджаецца ўсё менш дзяцей. А вось на Усходзе, дзе спакусам строгая забарона, там нараджаецца найбольш, напрыклад у мусульманскай Інданезіі ці ў Афрыцы. І ўжо сёння Еўропа вымушана карыстацца андраімпартам. Хто глядзіць найбольшыя спартыўныя спаборніцтвы, можа падумаць, што, напрыклад, Англія і Францыя з’яўляюцца афрыканскімі краінамі! Калі на канец Польшча, пры сённяшніх эканамічных трэндах, укоціцца ў Еўрасаюз, тады простым вокам пабачым, што jestesmy sto lat za Murzynami... Прысутныя на Грабарцы маладыя жанчыны прытрымліваліся моды, больш характэрнай Усходу. Але былі і выключэнні, аднак ніхто з гэтай прычыны прававерна не адкінуў сабе вока. Можа ў нас не спрацоўваюць спакусы, а можа не спрацоўваюць рэкамендацыі евангелістаў. Хіба, аднак, гэта апошняе закладзена ў наш генафонд, бо, нягледзячы на палымяныя святочныя рэфераты калісь ці такія ж пропаведзі і гаміліі сёння, наша штодзённая штодзёншчына астаецца стабільнай. Людзі толькі наракаюць, што калісь можна было пайсці ў парткамітэт паскардзіцца ці нешта выхадайнічаць, а сёння няма куды. Але гэта не зусім праўда — і сёння можна. Адзін святар, з якім мне давялося гутарыць, сказаў, што калісь старшыня Грамадскай рады і гаварыць з ім не хацеў, калі ён хадайнічаў за шыферам на плябанію. А калі сёння зойдзе ў якую ўстанову, то перад ім начальства расплываецца ад ветлівасці. І цяпер не звёўся той голас з трубкі, які намнога магутнейшы ад голасу з гукаўзмацняльнікаў — памяняліся толькі вусны. Сёлета здарылася так, што візіт папы рымскага ў Кракаў выцясніў Грабарку на абочыну польскай публічнай тэлепраграмы. І тады, кажуць, мітрапаліт Сава патэлефанаваў куды трэба і вярнуў Грабарцы належнае ёй месца ў тэлебачанні... Калі я пакідаў Грабарку, у яе бок плыла ўсё яшчэ рака паломнікаў. Пешшу ішлі маламаёмныя, у большасці маладыя. Старэйшыя, якія нажылі аўтамабілі, ехалі з сем’ямі на сваіх механічных конях. Алімп, Сінай, Фавор лічацца сакральнымі горамі, як і наша Грабарка, адкуль бліжэй да блажэннага. Чалавечая душа патрабуе ўзнёсласці — хаця раз у год. Гледзячы на тую механічную кавалерыю ў мяне склалася ўражанне, што Грабарка rosnie w sile, a ludzie zyja dostatniej.
|