Ніва № 34 (2415), 25 жніўня 2002 г.

Паніхіда ля плота

Аляксей МАРОЗ

Некалькі паломніцтваў прыйшло ў Супрасльскі мужчынскі манастыр на святкаванні ў гонар іконы Божай Маці. Самае вялікае было паломніцтва з Беластока. Ішло ў ім многа школьнай і студэнцкай моладзі. Многія паломнікі прыехалі на машынах і грамадскім транспарце. Паколькі святкаванне адбывалася ў выхадныя (9/10 жніўня), сабралася вельмі многа людзей. У святкаваннях прынялі ўдзел мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, епіскапы Лодзінскі і Познаньскі Сіман, Люблінскі і Холмскі Авель, Гайнаўскі Міран, Беластоцкі і Гданьскі Іакаў, Бельскі Грыгорый і шматлікія свяшчэннікі.

Перад усяночным багаслужэннем вернікі пачалі сабірацца ў царкве Іаана Багаслова, каб памаліцца перад Супрасльскай іконай Божай Маці „Адзігітрыяй”, якая з’яўляецца копіяй Смаленскай іконы. Не ўсе памясціліся ў царкве. Многія стаялі звонку і ўдзельнічалі ў багаслужбе дзякуючы гукаўзмацняльнай апаратуры.

Ноччу святары і вернікі адправіліся ў напрамку манастырскіх катакомбаў, дзе пакояцца астанкі манахаў. Аднак, у гэтым годзе, так як і ў мінулым, вернікаў на тэрыторыю катакомбаў не ўпусцілі. Яны загароджаныя сеткай. Ужо раней намеснік Супрасльскага манастыра, архімандрыт Гаўрыіл выступіў да ўлад Супрасльскай гміны з просьбай перадаць ключы да форткі, каб можна было адслужыць паніхіду на тэрыторыі катакомбаў. Аднак згоды на ўваход на загароджаную тэрыторыю манахі не атрымалі.

— Зрабілі мы, што маглі, — заявіў расчараваны пастановай гмінных улад архімандрыт Гаўрыіл. Паніхіда з удзелам многіх праваслаўных вернікаў адслужана была каля жалезнай сеткі, амаль на дарозе. Ужо чарговы раз манахі і паломнікі, якія прыбылі на святкаванні Супрасльскай іконы Божай Маці, маліліся каля плота. Хаця ў 1996 годзе будынкі Супрасльскага манастыра дзяржаўныя ўлады вярнулі Праваслаўнай царкве, то ўчастак з катакомбамі перададзены быў Супрасльскай гміне. Тады манахі пачаліся намагацца вярнуць катакомбы манастыру. Але іх хадайніцтва не прынесла станоўчых рэзультатаў, бо не было добрай волі і згоды гмінных супрасльскіх улад.

У дзень свята, якое прыпадае заўсёды на 10 жніўня, адслужаны былі тры Літургіі. Першая на манастырскіх могілках, другая ў Багаслоўскай царкве і трэцяя, якую ў саслужэнні епіскапаў узначальваў мітрапаліт Сава, ужо традыцыйна ў рэканструяваным Благавешчанскім храме. Хаця будаўнічыя працы ў царкве ад нейкага часу стрыманы, то багаслужэнні адбываюцца ў ёй штогод. У пропаведзі ўладыка Сава звярнуў увагу на вялікія грашовыя патрэбы неабходныя для рэканструявання Благавешчанскай царквы. Каб закончыць вонкавыя работы ў царкве, трэба яшчэ выдаткаваць каля 250 тысяч злотых. З-за недахопу грошай больш чым дзесяць гадоў вакол Благавешчанскай царквы стаяць рыштаванні. Ужо небяспечна ўваходзіць на іх, але і нельга іх разбіраць, бо трэба яшчэ частку даху прыкрыць меднай бляхай, закончыць усе бляхарскія работы, уставіць вокны і пачысціць сцены. З сумы 600 тысяч злотых, якую ў 1997 годзе прызначыў на аднаўленне манастыра тадышні прэм’ер-міністр Владзімеж Цімашэвіч, перададзеных было толькі 200 тысяч злотых. У гэтым годзе манастыр атрымаў ад рэстаўратара помнікаў старадаўнасці толькі 10 тысяч злотых. Манахі чакаюць фінансавай дапамогі, каб завяршыць рамонт звонку і пачаць аддзелачыня работы ў сярэдзіне царквы.

Вернікі раз’язджаліся дамоў з надзеяй на хадатайства Багародзіцы ў Госпада ў іх асабістых справах. Застаецца верыць, што будуць станоўча вырашаны справы перадачы катакомбаў і аднаўлення Благавешчанскай царквы.