Ніва № 34 (2415), 25 жніўня 2002 г.

Спасаўскія запусты

Паўліна ШАФРАН

Ужо сёмы раз у Бельску-Падляшскім прайшлі Спасаўскія запусты. Арганізатарамі імпрэзы былі Бельскі дом культуры і Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Мерапрыемства пачалося 11 жніўня пасля абеду адкрыццём у Бельскім доме культуры выстаўкі прац мясцовых беларускіх мастакоў.

Імпрэза пад адкрытым небам, хаця спрыяла ёй добрае надвор’е, не прыцягнула натоўпу гледачоў. У амфітэатр прыйшло толькі каля тысячы жыхароў, зацікаўленых беларускай культурай, танным півам і спатканнямі са знаёмымі. Прычынай гэтаму былі „Музычныя дыялогі над Бугам”, на якія паехала шмат бяльшчан.

У імпрэзе прымалі ўдзел мясцовыя „Дзявочыя ноткі”, дзіцячы гурт „Журавінка” і „Маланка”. Зацікаўленне публікі выклікала выступленне „Аркестра Святога Мікалая” з Любліна. Гурт выступіў з архаічнымі мелодыямі і тэкстамі з усяе Польшчы. Натуральнасць, з якой выступалі яны на сцэне, прыгожыя галасы маладых жанчын выклікалі гучныя апладысменты. Падобную рэакцыю выклікала выступленне гурту „Магвей” з Перу з лацінакараібскімі песнямі. Назва гурту, які складаюць трое мужчын, патомных індзейцаў, значыць лісток экзатычнага дрэва.

Найбольшае ўражанне на бельскай публіцы зрабіла выступленне ансамбля „Траецкія музыкі” з Барысава. Апрача прыгожых песень шэсць маладых жанчын выканалі народныя танцы, якія адлюстроўвалі словы песень. Выступленні закончылі доўгія апладысменты і супольны танец з публікай, якая не паспявала за танцоркамі.

На канец выступіў Артур Ляшчынскі з Цеханоўца, пераможца тэлепраграмы „Szansа na sukces”, які разам з сябрамі з гурту запрашаў да танцаў „Цыганачкай” і іншымі жвавымі беларускімі песнямі.

Мерапрыемства не адбылося без выбарчых акцэнтаў, але бяльшчане былі больш зацікаўлены гуртамі, музыкай і добрай забавай, чым надыходзячымі выбарамі.