Ніва № 34 (2415), 25 жніўня 2002 г.

Старыя граблі новых атэістаў

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Выпадак, варты падзей грамадзянскай вайны ў Савецкай Расіі пачатку мінулага стагоддзя, адбыўся ў сучаснай Беларусі.

Прыгадаю гісторыю. Адным з найбольш важных чыннікаў пабудовы камуністычнай дзяржавы Ленін і яго памагатыя лічылі выкараненне рэлігіі, якую яны разглядалі як „опіум для народа”. Сэнс такога вызначэння грунтаваўся на тым, што вера ў Бога была непатрэбная працоўнаму чалавеку, які пад чырвоным сцягам ужо і так будуе рай на зямлі. Таму ўсе культавыя пабудовы, гэта значыць, цэрквы, касцёлы, капліцы, малельныя дамы мусілі быць, калі не разбураныя, дык пераўтвораны пад рознага кшталту гаспадарчыя патрэбы. Так пачалі з’яўляцца пад царкоўнымі купаламі зерне- і бульбасховішчы, клубы і дамы культуры. Хаця значная частка храмаў пераўтварылася папросту ў руіны.

На працягу амаль 70 гадоў казаць, што ты верыш у Бога, гэта значыла, па меншай меры, выклікаць смех і здзекі ад ваяўнічых атэістаў. Таму людзі ўсё больш адыходзілі ад веры, сталі, што называецца, „пакланяцца іншым багам”.

Вынікі такога руйнавання храмаў і здзекаў з рэлігіі прывялі да свайго лагічнага завяршэння — Краіна Саветаў, часткай якой была і Беларусь, перастала існаваць. І вельмі цяжка тут не ўбачыць Божы промысел.

На жаль, разуменне неабходнасці павагі да сумлення, веравызнання засталося недасяжным для шмат каго з трымаючых уладу ў Беларусі. Вынікам чаго там стала першае ў гэтым стагоддзі руйнаванне храма.

Вядома, што Беларуская Праваслаўная Царква ёсць часткай Рускай Праваслаўнай Царквы і падпарадкоўваецца адпаведна Маскоўскаму Патрыярху. Падзеі мінулага стагоддзя — рэвалюцыі, войны, эміграцыя дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў прывялі да ўзнікнення за мяжой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якая не лічыла сабе звязанай з Маскоўскай Патрыярхіяй. Перабудова і адраджэнне самасвядомасці беларусаў прывялі частку з іх да думкі аб неабходнасці існавання сваёй уласнабеларускай праваслаўнай царквы. Можна доўга спрачацца ці мае яе існаванне гістарычнае абгрунтаванне, але факт застаецца фактам — калі людзі хочуць чуць у храме беларускую мову, па-свойму разумець існасць праваслаўя і сваім шляхам ісці да Бога, то, натуральна, яны маюць на гэта поўнае права.

Але такое права, як аказалася, маюць яны толькі віртуальна, бо ўлады ніякім чынам і дагэтуль не хочуць прызнаваць існаванне беларускіх праваслаўных аўтакефалістаў. І горш за ўсё, што тым ці іншым чынам спрыяе таму Руская Праваслаўная Царква.

Першы храм Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы мусіў быў з’явіцца ў пасёлку Пагранічны, што непадалёк ад мяжы з Польшчай. Яго на сваім прысядзібным участку ўзяўся будаваць сам настаяцель, дзякуючы грашовай дапамозе адзінаверцаў з-за мяжы і саміх навакольных прыхаджан. Яшчэ крыху і Беларусь зноў магла б ганарыцца тым, чым калісьці ганарыліся жыхары Вялікага княства Літоўскага — глыбокай рэлігійнай талерантнасцю, верацярпімасцю. На жаль, часы ўжо не тыя, што паўтысячагоддзя таму. Улады палічылі, што раз такой царквы яны не рэгіструюць, то ніякіх яе культавых пабудоў быць не можа, нават на прыватным кавалку зямлі. Нягледзячы на рашучы пратэст саміх прыхаджан — жыхароў Пагранічнага, грамадскіх арганізацый і палітычных дзеячаў, да амаль пабудаванага і меўшага ў хуткім часе быць асвечаным храма была падагнаная тэхніка. Хоць не з першай спробы, але, у рэшце рэшт, сцены царквы пераўтварыліся ў груду каменняў. Паказальна, што асноўнае руйнаванне адбывалася ўвечары і ўначы пры адсутнасці гаспадара-настаяцеля. Як сцвярджаюць самі вернікі, яе разбуралі арыштанты, якія сядзяць у следчым ізалятары. Усё дзеянне адбывалася ўнутры шчыльнага акружэння міліцыянтаў.

Апошнім крокам адчаю прыхаджанаў стаў іх ліст да Аляксандра Лукашэнкі, дзе яны пытаюць: „Які след пакіне ў нашых душах і асабліва нашых дзяцей дзейнасць вашых чыноўнікаў, якія на вачах пераўтварылі прыгожы храм у руіны?”

Зразумела, у руіны можна пераўтварыць любую пабудову і ніякая царква тут не выключэнне. Але ці можна забараніць верыць у Бога так як чалавек лічыць для сабе патрэбным і пры гэтым не перашкаджае іншым? І ці можа такое рабіць па-сапраўднаму веруючы чалавек? Здаецца, сённяшнія беларускія нашчадкі барацьбітоў з рэлігіяй лічаць для сабе неабходным наступіць на тыя ж граблі, што і іх папярэднікі.