Ніва № 34 (2415), 25 жніўня 2002 г.
Паміраючая вёскаАляксей МАРОЗУ Козлікі дабрацца на аўтобусе нельга, бо такі транспарт не наведвае вёску. Можна даехаць да яе на машыне па гравійнай, не найлепшай якасці, дарозе. У вёсцы брукаваная паверхня дарогі пачала ўжо зарастаць травой. Хаця ў суседнім Гародчыне вуліца падрыхтаваная ўжо да рамонту і асфальтавання, то Козлікам цяжка будзе дачакацца такой інвестыцыі. Вёска памірае, амаль усе маладыя асобы выехалі ў гарады, — расказваюць старажылы, якіх сустракаю на вуліцы. У пустуючай вёсцы спатыкаю Аляксея Аўсенюка, які вяртаўся з поля. Спыняецца ён на абочыне дарогі і пачынае расказваць пра самыя важныя для вяскоўцаў справы.— Калісь мы не думалі, што вёска будзе паміраць. Зараз у Козліках толькі двух маладых гаспадароў, астатнія — пенсіянеры. Старэчы адны засталіся. Я таксама пенсіянер, толькі крыху дарабляю ў полі. Землі ў нас слабыя — вырошчваю бульбу, авёс і жыта. Пшаніцы няма, ні буракоў. Камбайнам жыта зжаў, але слабое яно і невялічкае. Хіба яшчэ даплачу да яго. Авёс засох і такі нізенькі, што можа і не змагу сабраць. Аўсянюк трымае дзве каровы і каня, але палявыя працы выконвае трактарам. Маладыя выехалі ў Беласток, Гайнаўку і Бельск. У час канікулаў прыязджаюць унукі і толькі тады ў вёсцы паяўляюцца дзеці. Мой суразмоўца ўспамінае, што жыхары Козлікаў у мінулым ваду пілі з рэчкі. Была яна такой празрыстай, што пясочак на дне відаць было і рыба вадзілася. Зараз брудная вада, быццам пафарбаваная. Найгоршая яна тады, калі спускаюць Семяноўскае вадасховішча. А бабры запруджваюць рэчку і нішчаць дрэвы ў садах. Сонца моцна прыпякае. На адной лавачцы сабраліся тры жанчыны. Бабуля Вера Місяюк у чорнай вопратцы — нядаўна памерлі яе муж і дачка. Зараз павінна яна ўладкаваць справы звязаныя з суседнім агародам, які спадарства Місеюкі арандавалі. Гмінныя ўлады хочуць прадаць агарод разам з хлявом. Вера Місяюк не згаджаецца. Ёсць яшчэ ў яе сваякі, якім хоча пакінуць свой маёнтак. У час нашай размовы пад’язджае на веласіпедзе мужчына сярэдняга ўзросту. — Да бацькі прыехаў я, але ўжо няма поля, каб памагаць. Толькі адзін гектар застаўся. Жыву я ў Беластоку, так як мае сябры аднавяскоўцы. Адзін у войску працуе, другі ў паліцыі. На розныя работы ўладкаваліся, але найбольш іх працуе на будаўнічых прадпрыемствах, — кажа Юрка Яканюк. — Няма дзеля чаго вяртацца ў Козлікі. На гэтыя пясочкі? Жыхары Козлікаў старэюць. Хто зойме іх месца? Можа іх дамы купяць людзі з Варшавы ці Лодзі? Калі рэчка стане чыстай, то месца будзе прывабным для турыстаў і могуць яны добра заплаціць за старэнькія хаткі. Рэчка, лес і чыстае паветра з бусламі, якія звілі сабе гняздо на слупе пасярэдзіне вёскі, могуць захапіць аматараў адпачынку. Зараз у Козліках прадаюцца некалькі пустых агародаў. Некалькі дамоў купілі прыезджыя, перабудоўваюць іх на гарадскі лад. У канцы вёскі заўважаю шыкарна адноўлены дом. Стаіць ён каля самай рэчкі. З панадворка разгортваецца прыгожая панарама.
|